viasna on patreon

#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"

2022 2022-06-13T15:07:16+0300 2022-06-13T16:00:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны пра "вясноўцаў", што знаходзяцца за кратамі.

Анаіс Марэн: "Сем сябраў "Вясны" працягваюць адвольна ўтрымлівацца пад вартай"

Спецдакладчык па пытанні аб становішчы у галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн у сваім чарговым дакладзе, які будзе прадстаўлены на 50-ай сесіі Савета па правах чалавека ААН, асобную ўвагу надала зняволеным праваабаронцам "Вясны".

Так, Анаіс Марэн патрабавала вызваліць каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову:

"Улічваючы жахлівыя ўмовы ўтрымання пад вартай і адсутнасць адэкватнай медыцынскай дапамогі, Спецыяльны дакладчык заклікала неадкладна вызваліць праваабаронцу Марфу Рабкову і яшчэ каля 60 чалавек, якія адвольна знаходзяцца пад вартай, каб пазбегнуць сур'ёзнай рызыкі для іх здароўя".

Таксама Спецдакладчык занепакоеная палітыкай уладаў, звязанай з рэпрэсіямі і судовым пераследам у дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці і асобных праваабаронцаў. У штогадовым дакладзе Генеральнага сакратара аб супрацоўніцтве з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый, яе прадстаўнікамі і механізмамі ў галіне правоў чалавека за 2021 год падрабязна апісаны два выпадкі рэпрэсіяў — супраць Офіса па правах людзей з інваліднасцю і Праваабарончага цэнтра "Вясна".

"На працягу справаздачнага перыяду супрацоўнікі праваахоўных органаў праводзілі рэйды і ператрусы ў офісах арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія лічыліся нязгоднымі з палітыкай ўрада. Асаблівую ўвагу ўлады надавалі праваабарончым арганізацыям, такім як Праваабарончы цэнтр "Вясна" , у офісах якіх у розных гарадах Беларусі неаднаразова праводзіліся ператрусы і затрымліваліся супрацоўнікі. Уладзімір Лабковіч, юрыст "Вясны", і Валянцін Стэфановіч, сябра Рады "Вясны", былі ўзятыя пад варту пасля ператрусаў у іх дома. Акрамя таго, Алесь Бяляцкі, кіраўнік і заснавальнік Цэнтра "Вясна", быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года. Сем сябраў "Вясны" працягваюць адвольна ўтрымлівацца пад вартай, у тым ліку пяць з іх у чаканні суда", — падкрэсліла Анаіс Марэн.

Валянцін Стэфановіч: "У Беларусі працягваць нашую працу без пагрозы заехаць у турму немагчыма"

Намеснік старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч у лістах на волю паразважаў пра суд па "справе Вясны", будучыню і працу праваабаронцаў у Беларусі.

"Вось ужо 11-ы месяц як я знаходжуся ў Замку. Хутка будзе год. Следства ідзе і калі яны яго завершаць не ведала. Верагодна, што суды адбудуцца напрыканцы лета ці пачатку восені. Мяркую, што разам з апеляцыяй я прасяджу пад вартай каля 16-і месяцаў, а гэта ўжо два гады адбытых, калі суд вынясе мне пазбаўленні волі. <...>

Я зараз шмат думаю як жыць далей. Падобна, што ў Беларусі працягваць нашую працу без пагрозы заехаць у турму яшчэ раз немагчыма. Мы вярнуліся ў часы позняга Брэжнева, дзесьці пачатак 80-х. Так мне падаецца тут".

 Таксама Валянцін напісаў пра свае справы і адчуванне падтрымкі: 

"Калі хаджу на шпацыр, заўсёды гляджу на неба і шукаю там чаек. Яны такія сярэбраныя, прыгожыя і свабодныя, ляцяць па блакітным вясновым небе. Вось яны мне і перадаюць усю вашу дружбу і прывітанні :))

За мяне не хвалюйся. У мяне ўсё нармальна. Я ў добрым стане духу і здароўя. Я ведаю, што пра мяне не забыліся ні мае родныя, ні мае любімыя і дарагія сябры, ні мае калегі. Я ведаю, што мяне чакаюць і жадаюць хутчэйшага вяртання. Гэта мяне трымае і грэе душу".

Мастачка Наталля Гарлуковіч далучылася да чэленджа ў падтрымку Валянціна Стэфановіча

Ініцыятыва "Вольныя паштоўкі" прапаноўваюць гульню па матывах малюнкаў Валянціна: намаляваць прыгоды ката Кісуна. Да чэленджа далучылася і мастачка Наталля Гарлуковіч.

malunak_stefanovich2.jpg
Малюнкі Наталлі Гарлуковіч

"Прысвячаецца палітвязням, несправядліва асуджаным, іх блізкім і ўсім тым, хто цяпер далёка.

"Вольныя паштоўкі" запусцілі гульню ў падтрымку палітвязня Валянціна Стэфановіча, які прыдумаў персанажа Кісуна. Я доўга збіралася, таму вырашыла намаляваць не адну прыгоду - яны на фотаздымках. А мая белая котка сумуе па знаёмым коціку (бо ўсе коцікі звязаныя, хоць можа і не знаёмыя ў жыцці) і чакае наступных прыгод",напісала мастачка ў сваім інтаграме.

Працяглы час няма навінаў ад старшыні "Вясны" Алеся Бяляцкага і юрыста Уладзіміра Лабковіча. 

14 чэрвеня будзе 11 месяцаў, як Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца ў СІЗА-1 за сваю мірную праваабарончую дзейнасць. 

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Марфа Рабкова: "Жывем паміж Летавым і Оруэлам, але павінна быць і месца Роўлінг"

У адным з нядаўніх лістоў каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова падзялілася сваімі думкамі пра няволю:

"Імкнуся не думаць пра тое, колькі часу я ўжо правяла ў зняволенні. Я наогул глушу ў сабе ўсе падобныя думкі, каб не хвалявацца лішні раз. Гэта ўсё контрпрадуктыўна. Трэба верыць, што ўсё зменіцца. Бо не магу я думаць пра дрэнныя варыянты развіцця свайго жыцця.

Я спадзяюся на добры канец гісторыі, а не трагедыю. Пра гэта немагчыма думаць. Гэта як бот, які разадраў твае грудзі (амаль радкі Летава) і будзе раздзіраць вечна (гэта ўжо Оруэл). Жывем паміж Летавым і Оруэлам, але павінна быць і месца Роўлінг, у якой у канцы абавязкова перамагае дабро"

Партрэт Марфы Рабковай увайшоў у вялікі плакат у падтрымку жыхароў Украіны. Ён быў створаны ў межах праекта "МИР".

marfa-kot-partret.jpg

Марфа Рабкова і ейны кот Марфей сталі часткай праекта "МИР"

У красавіку 2022 года ілюстратарка з Санкт-Пецярбурга Саша Канакова запусціла праект "МИР". Яна прапанавала людзям намаляваць іх партрэты, а наўзамен трэба было адправіць грошы на падтрымку жыхароў Украіны.

Сяброўка палітзняволенай праваабаронцы "Вясны" Марфай Рабковай Ганна зладзіла для яе "экскурсію" па Лондане.

"У мяне была ідэя зрабіць такі маршрут па горадзе, калі б Маша не сядзела ў турме, а прыехала ў госці. Я бы правяла яе па сваіх любімых месцах: самы стары маркет, мост з Гары Потара і Таўэрскі мост", — падзялілася дзяўчына.

Працягваецца суд над Марфай Рабковай і Андрэем Чапюком

Каля 30 пасяджэнняў ужо адбылося ў Мінгарсудзе па справе каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай, валанцёра Андрэя Чапюка і васьмі палітзняволеных актывістаў анархісцкага руху. Справу разглядае суддзя Сяргей Хрыпач, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Раман Бізюк.

Усіх палітзняволеных агулам абвінавачваюць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Траіх з іх, у тым ліку Марфу, СК характарызуе як "арганізатараў і кіраўнікоў шэрага арганізаваных злачынных групаў, што мелі аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах Беларусі са сваімі лідарамі".

Суд у першы ж дзень зрабілі закрытым. У справе 160 тамоў. Вядома, што цяпер дапытваюць сведак па справе.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Падтрымайце лістамі і паштоўкамі кіраўніка Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленку і яго памочніцу Таццяну Ласіцу, якія адбываюць пакаранне ў калоніях тэрмінам тры і два з паловай гады адпаведна. Пасля пераводу ў папраўчыя ўстановы ліставанне з імі значна пагоршылася.

Пішыце Леаніду і Таццяне:

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства