#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”
Сабралі навіны за мінулы тыдзень — з 24 па 30 студзеня — пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч 200 дзён за кратамі
Больш за 200 дзён за кратамі ўтрымліваюць старшыню "Вясны" Алеся Бяляцкага, намесніка старшыні Валянціна Стэфановіча і юрыста Уладзіміра Лабковіча.
Іх затрымалі 14 ліпеня 2021 года за праваабарончую дзейнасць і непахісную прыхільнасць прынцыпам гуманізму, а абвінавацілі ў нясплаце падаткаў у буйным памеры.
28 студзеня суд Партызанскага раёна Мінска разглядзеў чарговую скаргу палітзняволенага старшыні ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага на падаўжэнне тэрміна заключэння пад варту.
Дэталі працэсу невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме, а адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.
Алесь Бяляцкі застаецца за кратамі — суд не задаволіў скаргу вясноўца на падаўжэнне тэрміна зняволення
У адным з лістоў на волю Алесь выказаўся пра страту сябра Рады арганізацыі Сяргея Гоўшы:
"З вялізным жалем даведаўся, што пайшоў з жыцця мой даўні сябра і блізкі мне чалавек Сяргей Гоўша. Гэта вялікая і невымерная страта для нас, для мяне асабіста. Вялікае спачуванне ягонай жонцы і дзецям.
Сыход Сяргея не павінен уводзіць нас у безпрасветны сум. Зразумелая прычына ягонай смерці. Жыццё з сэнсам, актыўнае жыццё і вера ў тое, што жыццё перамагае смерць, мусіць рухаць нас далей, дзе б мы ні знаходзіліся. Памятаю, як мы разам з ім за сталом любілі спяваць "Зорку Венеру". Вось такім, узрушана светлым, ён застаецца ў маёй памяці".
Таксама праваабаронца расказаў пра свой настрой:
"У мяне ўсё па-старому. Дні праходзяць, дні лятуць. Увесну настрой у мяне заўсёды весялейшы. Таму чакаю даўжэйшых дзён, спеваў птушак і ярчэйшага сонца".
Уладзімір Лабковіч таксама даслаў ліст, у якім распавёў пра свой стан здароўя і прачытаныя кнігі ў апошні час:
"Прачытаў я тут раман Артура Клінава «Шклятара». Гэта такі шыкоўны твор пра Мінск-Менск 2010 года з адсылкай да Беларусі XIX ст. Такі раман пра разбурэнне нашай Атлантыды. У 2010 годзе мы яе разбурылі, а ў 2020-м яна канчаткова сышла на дно з усімі сваімі руінамі.
Даўно мяне прачытанае настолькі не ўражвала. Заўважыў, што па-беларуску ўсе творы пра катастрофу, тугу і смерць. Беларуская мова ўвогуле не пра радасць і каханне, а пра боль, пакуты, катастрофу, а затым і смерць".
Не было навінаў ад намесніка старшыні "Вясны" Валянціна Стэфановіча.
Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму |
Марфа Рабкова 500 дзён у зняволенні
Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова знаходзіцца ў СІЗА-1 ужо больш за 500 дзён. На дадзены момант справа супраць яе ўжо перададзеная ў Мінскі гарадскі суд, але дата разгляду яшчэ не прызначаная. Праваабаронцу абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў Крымільнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў, ёй пагражае да 20 год зняволення.
У нядаўнім лісце Марфа распавяла, што ў яе ўсё ў парадку:
"Перажылі шэраг святаў, настрой не разгубіла, а нават назапасіла :) Гляджу ў будучыню з вялікім запасам аптымізму! Бо наша Вясна так блізка! <...>
Са здароўем усё нармальна, трохі сваволяць ціск і зубы, але нічога звыш крытычнага. Учора [11 студзеня - заўв. рэд.] прыйшла папера, што справа перададзена ў Мінскі гарадскі суд. Прыблізна ў лютым ужо можа пачацца судовы працэс, пачынаю да яго маральна рыхтавацца. Люты ў нас наогул насычаны месяц. Азнаёмілася з тэкстам Канстытуцыі, але лепш каментаваць яго не буду. Сочым за падзеямі ў Казахстане і перамовамі паміж Расіяй і ЗША. Спадзяюся, што свет рушыць да прагрэсу, а рэгрэсу. Час усё расставіць па сваіх месцах".
Студэнты і студэнткі, выпускнікі і выпускніцы, выкладчыкі і выкладчыцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта запісалі відэазварот у падтрымку палітвязняволеных студэнтаў Марфы Рабковай, Акіхіра Гаеўскага-Ханады, Сафіі Сапегі і выпускнікоў універсітэта Мікалая Дзядка і Уладзіміра Малахоўскага.
Нагадаем, у хуткім часе стане вядомая дата суда ў дачыненні Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка і яшчэ 9 палітвязняў. Справа будзе разглядацца ў Мінскім гарадскім судзе.
Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Марыі Аляксандраўне Рабковай |
Леанід Судаленка этапаваны ў папраўчую калонію
26 студзеня палітзняволенага праваабаронцу «Вясны» Леаніда Судаленку этапавалі ў папраўчую калонію №3 "Віцьба".
Нагадаем, Леаніда асудзілі на тры гады пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізацыі групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і ў навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў іх, а таксама фінансаванні такіх дзеянняў (ч. 2 арт. 342 КК).
14 студзеня Гомельскі абласны суд пакінуў апеляцыйную скаргу праваабаронцы без задавальнення, а прысуд без зменаў. Праваабаронца знаходзіцца за кратамі ўжо больш за год.
Леанід Судаленка з-за кратаў: "Я веру, што мары збываюцца"
Падтрымайце Леаніда:ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба Леаніду Леанідавічу Судаленку |
За мінулы тыдзень не было навінаў пра валанцёрку "Вясны" з Рэчыцы Таццяну Ласіцу. Вядома, што яе ў хуткім часе павінны этапаваць у папраўчую калонію №4.
Падтрымайце Таццяну:СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А Таццяне Леанідаўне Ласіцы |
Як падтрымаць "вясноўцаў"?
1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам.
Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:
2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.
У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.
Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу.
3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna.
4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!
5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.
6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.
Грашовыя пераводы можна даслаць нават праз інтэрнэт-банкінг.
СІЗА-1, Мінск
УНП: 100744291
код BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY52BAPB36429197000200000000
Дадаткова трэба будзе пазначыць імя, імя па-бацьку і прозвішча зняволенага(-ай) (СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2), вашыя імя і прозвішча, суму, якую жадаеце перавесці. Грошы вязням даходзяць на працягу некалькіх сутак.
Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу.
Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org