Заключэнне юрыстаў і экспертаў ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе Аляксея Павядайлы па ч. 1 арт. 295-3 КК
Заключэнне групы юрыстаў і экспертаў ПЦ «Вясна» па крымінальнай справе ў дачыненні да Аляксея Павядайлы, асуджанага на два гады пазбаўлення волі па ч.1 арт. 295-3 КК ("Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў").
Выкладчыка па плаванні з Баранавічаў асудзілі на два гады калоніі за "кактэйль Молатава"
Агульны кантэкст дадзенай справы можна ахарактарызаваць як глыбокі крызіс правоў чалавека, выкліканы стратай легітымнасці прэзідэнта і выбудаванай ім вертыкалі ўлады ў сувязі з палітычна матываванымі масавымі катаваннямі, што пачаліся ў дачыненні да мірных маніфестантаў са жніўня па цяперашні час, а таксама татальнай фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Больш падрабязна з кантэкстам можна азнаёміцца ў пададзеным аналітыкамі ПЦ «Вясна» гадавым аглядзе за 2020 год, а таксама выніковай справаздачы па выбарах Прэзідэнта кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». На дэталі крызісу правоў чалавека і яго наступствы ПЦ «Вясна» неаднаразова звяртаў увагу ў Заключэннях па крымінальнай справе Наталлі Хершэ, Дзмітрыя Караткевіча і інш.
У Баранавічах на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму асуджаны трэнер-выкладчык па плаванні ў мясцовай спартовай школе Аляксей Павядайла. Яго прызналі вінаватым у злачынстве па ч. 1 арт. 295-3 КК — "Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў".
Паводле абвінавачання, Аляксей Павядайла вырабіў, захоўваў і перавозіў у аўтамабілі «Аўдзі А6» гаручае рэчыва, з якім яго затрымалі 11 жніўня ў Баранавічах. Машыну тады спыніў патруль ДАІ, іх увагу прыцягнула балаклава ў багажніку. Аляксея затрымалі і на наступны дзень знайшлі гаручую сумесь. Сумесь была адпраўлена на экспертызу, і, згодна з яе вынікамі, склад сумесі быў блізкім да складу "кактэйлю Молатава". Павядайла згодзен з тым, што перавозіў і захоўваў гэту сумесь, але
адмаўляе яе выраб. Паводле яго словаў, ён захоўваў і выкарыстоўваў яе для асабістых побытавых патрэбаў.
У адпаведнасці з Законам «Аб зброі», прадмет, паражальнае дзеянне якога заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, - прадмет, які аб'ядноўвае шкляную ці іншую ёмістасць, гаручае рэчыва і прыстасаванне, якое забяспечвае ўзгаранне гаручага рэчыва (запал). Да зброі, боепрыпасаў і прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, не належаць вырабы гаспадарча-побытавага і вытворчага прызначэння, муляжы і макеты, якія імітуюць выгляд зброі, боепрыпасаў і прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, спартовыя снарады, канструкцыйна падобныя да зброі і боепрыпасаў.
Такім чынам, склад вадкасці ў ёмістасці не з'яўляецца вызначальнай падставай для крымінальнага пераследу. Довады абвінавачанага аб побытавым прызначэнні вадкасці, якую ён перавозіў, не атрымалі належнай ацэнкі суда.
Такім чынам, па палітычных матывах абвінавачанага, які падазраецца ў прыналежнасці да пратэставай актыўнасці, прыцягнулі да крымінальнай адказнасці пры адсутнасці падзеі злачынства.
Акрамя таго, абвінавачанаму прызначана максімальнае пакаранне, прадугледжанае санкцыяй артыкула 295-3 КК у адсутнасці абцяжваючых віну акалічнасцяў, што падкраслівае зацікаўленасць суда і абвінаваўчы ўхіл пры вынясенні выраку.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў: …
- 3. b) пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў правапарушэння, якое ставіцца ў віну, або пры адсутнасці падзеі ці складу правапарушэння, або яго здзяйсненні іншай асобай; (п.3.2.)
Праваабаронцы лічаць патрэбным для дадзенай групы палітычных зняволеных патрабаваць неадкладнага перагляду прынятых у іх дачыненні мераў і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбальніцтва і устраненне фактараў, якія паўплывалі на вырак. Таксама варта патрабаваць вызвалення асуджанага, бо катэгорыя злачынства, у якім абвінавачваўся А.Павядайла, не прадугледжвае магчымасці ўжывання такой меры стрымання.