viasna on patreon

У Гродне на судзе па "справе Ціханоўскага" дапыталі яшчэ аднаго пацярпелага міліцыянта

2021 2021-02-09T17:50:00+0300 2021-02-09T23:01:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_furmanau_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Кастрычніцкага раёна Гродна 9 лютага працягнуў разгляд крымінальнай справы за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга. Пацярпелымі па справе прызнаныя чатыры супрацоўнікі міліцыі. На трэцім і чацвёртым судовым паседжанні дапыталі пацярпелых міліцыянтаў з выбарчага пікета Святланы Ціханоўскай на Савецкай плошчы ў Гродне: Уладзіміра Казлоўскага і Аляксандра Хвалені. Справу разглядае суддзя Вольга Бекушава. "Вясна" працягвае назіраць за гэтым судом: 9 лютага працэс маніторыў праваабаронца Раман Юргель.

Дзмітрый Фурманаў на судзе 18 студзеня. Фота: spring96.org
Дзмітрый Фурманаў на судзе 18 студзеня. Фота: spring96.org

Пацярпелыя супрацоўнікі АМАПу Рахунок і Буднік не з'явіліся і на чацвёртае судовае паседжанне 9 лютага. Суддзя зачытала паведамленне з гродзенскага АМАПа: Рахунок знаходзіцца на стацыянарным лячэнні, хварэе, а Буднік камандзіруецца ў Мінск.

9 лютага дапыталі пацярпелага старэйшага ўчастковага маёра Аляксандра Хваленю. Па яго словах, інструктаж перад масавым мерапрыемствам 29 траўня тычыўся захавання грамадзянамі масачнага рэжыму. Непасрэдна яго задача была: тлумачыць грамадзянам заканадаўства.

Як распавёў Хваленя, іх з Казлоўскім выклікалі па радыёстанцыі. Да іх звярнуліся 2 жанчыны, якія паведамілі пра канфлікт на Савецкай плошчы паміж жанчынай у чырвонай кепцы і нейкім мужчынам.

"Мы з Казлоўскім пайшлі на плошчу і пачулі гучную размов. Убачылі жанчыну і Сяргея Ціханоўскага. Сталі цікавіцца, што адбылося. Я правай рукой схапіў Ціханоўскага за левую, ён скінуў руку і стаў сыходзіць. Натоўп стаў сціскацца, нас раз'ядналі з Казлоўскім. Нехта мяне схапіў за камізэльку, а Казлоўскага нехта ўдарыў па галаве. Мне нанеслі два ўдары, сарвалі відэарэгістратар, я яго потым з натоўпу забраў. Убачыў, што Казлоўскі ляжыць на зямлі, я падумаў, што Ціханоўскі яго паклаў і я пачаў пераследваць Ціханоўскага. Але яго ўжо забраў АМАП", — распавядае ўчастковы Хваленя.

Па словах пацярпелага міліцыянта, ён бачыў чыйсьці замах у вобласць галавы Казлоўскага, але не заўважыў, хто ўдарыў яго.

"Мне быў нанесены ўдар па галёнкаступнёваму суставу нагі і па спіне нагой. Мегафон сарвалі з пляча, ён упаў на асфальт. Я знаходзіцца ў трох метрах ад Казлоўскага, побач з палаткай. Натоўп шумеў, нешта крычаў, а Казлоўскі ляжаў на асфальце".

Як распавядае на судзе Хваленя, ён падумаў, што  Ціханоўскі паклаў на асфальт Казлоўскага. Па яго словах, людзі не давалі АМАПаўцам пасадзіць Ціханоўскага ў службовы бус. Ён бачыў, як хтосьці з натоўпу пацягнуў за яго дзверы. Але абвінавачанага Уладзіміра Кнігу ён не бачыў і не памятае яго. Пацярпелых супрацоўнікаў АМАПу Рахунка і Будніка ён таксама не бачыў: усе былі ў масках.

На судзе Хваленя распавёў пра пашкоджанні: расколіна на мегафоне. Таксама ў момант удару ён адчуў фізічны боль у баку і ў галеностопным суставе. 29 траўня пасля інцындэнта на Савецкай плошчы ён самастойна паехаў у БХМД. Па матэрыялах справы на яго лячэнне спатрэбілася амаль 500 рублёў.

На пытанні суддзі Бекушавай, чаму Ціханоўскі сыходзіў ад міліцыянтаў, хоць жанчына настойвала ў адказе на яго пытанні, Хваленя адказаў, што "факт нашай [міліцыянтаў] прысутнасці ўжо абавязваў Ціханоўскага спыніцца". Хваленя не памятае, ці былі на плошчы Разнічэнка і Фурманаў, не памятае ён таксама, хто з абвінавачаных збіраў подпісы на Плошчы. Па словах участковага, ён як і Казлоўскі, не ведаў пра прыезд 29 траўня ў горад Ціханоўскага.

Абаронца спытаў, чаму, убачыўшы, што ў дачыненні да яго напарніка ўжылі гвалт і ён мае патрэбу ў дапамозе, Хваленая працягнуў ісці за Ціханоўскім, а не стаў дапамагаць пацярпеламу калегу.

— Казлоўскі поглядам паказаў на Ціханоўскага, і я выказаў здагадку, што трэба ісці за ім.

— Ці звярталася да вас жанчына са скаргамі, што яе абразілі, што ў дачыненні да яе было зусім супрацьпраўнае дзеянне?

— Не было часу на гэта.

— А хто-небудзь з удзельнікаў канфлікту прасіў вас разабрацца ў сітуацыі?

— Не памятаю.

— На якой падставе вы вырашылі, што Ціханоўскі сыходзіць ад вас, а не ад жанчыны ў кепцы? — пытаецца суддзя.

— Таму што я папрасіў яго спыніцца, але ён працягваў сыходзіць, — пасля доўгага маўчання адказаў Хваленя.

У судзе былі агучаныя паказанні Хвалені, дадзеныя ім падчас следства, бо маюцца супярэчнасці.

Допыт сведак прызначылі на 11 лютага ў 14:45.

Храналогія суда:

Першы суд за інцыдэнт на пікеце 29 траўня ў Гродне: Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны

У Гродне 18 студзеня пачаўся першы суд за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за 29 траўня: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга.

paciarpelye_sud.jpg

Другі дзень суда па “справе Ціханоўскага”: Пацярпелыя міліцыянты не з'явіліся, бо яны "задзейнічаныя на Хрышчэнні"

У суде Кастрычніцкага раёна Гродна 19 студзеня працягняўся разгляд справы за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за 29 траўня: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга.

На судзе па “справе Ціханоўскага” дапыталі ўчастковага Казлоўскага, які на пікеце 29 траўня апынуўся на зямлі

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 8 лютага працягваецца разгляд справы за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за 29 траўня: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга.

Што адбылося на пікеце ў Гродне 29 траўня?

Нагадаем, вечарам 29 мая ў Гродне на плошчы Савецкай падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай яе муж Сяргей і яшчэ дзевяць яго прыхільнікаў. Сярод іх — абвінавачаныя Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка, Уладзімір Кніга.

Тады ў прамым эфіры «Страна для жизни» да блогера Сяргея Ціханоўскага з дакучлівымі пытаннямі і паводзінамі сталі прыставаць жанчыны. Многія потым заяўлялі, што гэта былі «жанчыны-правакатаркі». Калі Ціханоўскі зразумеў гэта, ён пачаў сыходзіць ад іх, на плошчы пачалася мітусня, гарадзенцы хацелі абараніць блогера ад "жанчын-правакатарак", у выніку чаго малады міліцыянт апынуўся на зямлі. Ён ляжаў, пакуль да яго не падышлі людзі ў цывільным адзенні і не дапамаглі сесці на лаву. Ім аказаўся старшы участковы інспектар грамадскага пункта аховы парадку № 2 (Ленінскі раён Гродна) старэйшы лейтэнант міліцыі Уладзімір Казлоўскі.

Hrodna.life паведамляў праз некалькі гадзін пасля інцыдэнту, што ў міліцыянта быў удар пярэдняй брушной сценкі, яго не шпіталізавалі. Таксама да ўрачоў звярнуўся другі нібыта пацярпелы міліцыянт, шпіталізацыя яму не патрабавалася.

Аднак ужо назаўтра, 30 траўня, МУС паведаміла, што абодва міліцыянты ляжаць у шпіталі. Як стала вядома Свабодзе, яны ляглі ў бальніцу не адразу пасля інцыдэнту, а праз нейкі час. 

Першапачаткова была ўзбуджаная крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса. Аднак па заканчэнні 10-сутак ужо ў мінскім следчым ізалятары №1 семярым удзельнікам мерапрыемства было прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях). Гэта справа атрымала назву "Справа Ціханоўскага".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства