Другі дзень суда па “справе Ціханоўскага”: Пацярпелыя міліцыянты не з'явіліся, бо яны "задзейнічаныя на Хрышчэнні" Фота
У суде Кастрычніцкага раёна Гродна 19 студзеня працягняўся разгляд справы за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за 29 траўня: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга. Пацярпелымі па справе прызнаныя чатыры супрацоўнікі міліцыі. На першы дзень судовага паседжання з'явіліся толькі двое — Уладзімір Казлоўскі і Александр Хваленя, на другі дзень суда планаваўся іх допыт. Але на суд яны не з'явіліся па прычыне таго, што яны "задзейнічаныя ў ахове грамадскага парадку ў сувязі з Хрышчэннем". У судзе ў сувязі з гэтым абвешчаны перапынак на тыдзень. "Вясна" працягвае назіраць за судовым пасяджэннем і распавядае, што было на другім судовым паседжанні.
Нагадаем, Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гродне (ч.1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу абвінавачваюць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны па ўсіх эпізодах.
Справу раглядае Справу разглядае суддзя Кастрычніцкага раёна Гродна Вольга Бекушава. Дзяржаўнае абвінавачванне па справе падтрымлівае старэйшы памочнік пракурора Гродна Мікіта Мыслівец. Па справе прызнаныя чатыры пацярпелыя міліцыянты. На суд у першы дзень з'явіліся толькі два пацярпелыя ад дзеянняў Разнічэнкі і Кнігі супрацоўнікі міліцыі — Уладзімір Казлоўскі і Александр Хваленя. Пацярпелыя супрацоўнікі АМАПу — Рахунок і Буднік — на суд не змаглі з'явіцца па прычыне хваробы і сесіі. Участковы Казлоўскі, які апынуўся 29 траўня падчас пікета на зямлі, на першым судовым паседжанні заявіў пазоў да Разнічэнкі аб кампенсацыі маральнай шкоды на суму 8 000 рублёў.
У першы дзень суда дапыталі Дзмітрыя Фурманава. У другі дзень ў пракурора ўзніклі яшчэ некалькі пытанняў да Фурманава: ці просіў ён сваю дзяўчыну Вольгу Каракіну размяшчаць інфармацыю аб плануючых мітынгах. Дзмітрый адмовіўся адказваць на гэтае пытанне. Сам Фурманаў не размяшчаў афішы ў сацсетках.
Да допыту Фурманава прыступілі адвакаты. На іх пытанні ён паведаміў, што ніякіх дамоўленасцяў з Ціханоўскім на парушэнне грамадскага парадку ў яго не было, таксама ён сказаў, што за сваю дзейнасць у "Стране для жизни" ён ні ад каго ніколі не атрымліваў матэрыяльнае ўзнагароджанне. На пікеце перад падзеннем міліцыянта Казлоўскага Фурманаў не чуў ніякіх заклікаў аб гвалце, якіх-небудзь пагроз. На ўдакладняючыя пытанні суддзі Дзмітрый растлумачыў, што з Ціханоўскім яны загадзя не абмяркоўвалі правядзенне 29 траўня ў Гродне іншых масавых мерапрыемстваў — толькі збор подпісаў. Таксама ён не заклікаў ні ў Гродне, ні ў іншых гарадах, дзе адбываўся збор подпісаў, прыходзіць людзей папрысутнічаць. Дзмітрый Фурманаў проста збіраў подпісы за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у кандыдаткі ў прэзідэнты.
Сёння, 19 студзеня, чакаўся допыт двух пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі — Уладзіміра Казлоўскага і Александра Хвалені. Але суддзя зачытала паведамленне начальніка Ленінскага РУУС аб тым, што ўчастковыя не змогуць сёння з'явіцца ў суд па прычыне таго, што яны "задзейнічаныя ў ахове грамадскага парадку ў сувязі з Хрышчэннем". Суддзя абвясціла перапынак.
Працяг судовага паседжання адбудзецца ў чацвер, 28 студзеня, у 10:45.
Падрабязнасці справы і першага дня суда чытаць тут:
Першы суд за інцыдэнт на пікеце 29 траўня ў Гродне: Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны