Ціск на ўдзельнікаў тэлеграм-каналаў “Краіны для жыцця” працягваецца Дапоўнена

2020 2020-07-08T17:54:00+0300 2020-07-08T19:59:22+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dalecki_kanstancin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Раніцай 8 чэрвеня стала вядома, што стваральніцу чату “Краіны для жыцця” Маскоўскага раёна г. Мінска Юлію Гаўрылаву выклікаюць у міліцыю. Супрацоўнік РАУС Аляксандр Падгайны не паведаміў пра прычыны выкліку і статус жанчыны, сказаў, што з ёй проста паразмаўляюць.

Дапоўнена: пасля допыту Юлію Гаўрылаву вязуць дадому, дзе супрацоўнікі міліцыі збіраюцца правесці агляд. Падставай для агляду стала нібыта абраза міліцыянера з Брэсцкай вобласці. Пасля агляду Юлію Гаўрылаву не затрымалі. Супрацоўнікі міліцыі сфатаграфавалі прыкладанні ў тэлефоне жанчыны, яе старонкі УКантакце, дзе пазначаныя сябры і падпісчыкі, таксама перепісалі IMEI тэлефона, пасля чаго сышлі. 

Дома ў актыўнага ўдзельніка браслаўскага канала “Краіна для жыцця” Канстанціна Далецкага ў 11 гадзін дня праводзяць вобшук.

Канстанцін Далецкі
Канстанцін Далецкі з дзіцём

Як паведамляецца ў тэлеграм-канале “Рэпрэсіі ў Беларусі”, у яго канфіскоўваюць камп’ютарную тэхніку. Супрацоўнікі міліцыі прывезлі з сабой двух мясцовых жыхароў, якія напэўна прысутнічаюць у якасці панятых.

Дапоўнена: Канстанціна Далецкага абвінавачваюць па арт. 9.2 КаАП "Паклёп". 

Як паведамляе Радыё Свабода, у мужчыны забралі камп'ютар, два тэлефоны — працоўны і стары. Калі Далецкі сеў выдаляць паролі, яго прыспешвалі і пагражалі, што гэтыя дзеянні будуць разглядацца як непадпарадкаванне міліцыі. Тэхнічныя характарыстыкі камп'ютара ў пратакол аб канфіскацыі міліцыянты заносіць не сталі.

Канстанцін кажа, што ягоную тэхніку забіралі паводле акту канфіскацыі на месцы ўчынення правапарушэння — нібыта яна можа быць звязаная з паклёпам на ўчастковага інспэктара Мікалая Іванова.

Паводле Канстанціна Далецкага, на допыт выклікалі яшчэ некалькіх актыўных удзельнікаў чату. Цяпер у іх адбываецца вобшук на працоўным месцы — канфіскуюць працоўную тэхніку і асабістыя тэлефоны.

"Міліцыянты канфіскуюць тэхніку, каб людзі не маглі пісаць, — разважае ён. — Але яны не разумеюць, што ў чаце было менш за пяцьсот чалавек. А цяпер пра гэта будуць гаварыць усе. Яны толькі горш сабе робяць. Калі людзі не могуць адкрыта нідзе нічога выказваць, яны збіраюцца ў чатах і абмяркоўваюць свае думкі. Нічога супрацьзаконнага ў гэтым няма".

Нагадаем, зараз за кратамі знаходзіцца блогер, аўтар youtube-канала "Краіна для жыцця" Сяргей Ціханоўскі, мадэратар сацсетак ініцыятывы Дзмітрый Папоў, аўтар youtube-канала "Слуцк для жыцця" Уладзімір Няронскі і шэраг іх паплечнікаў. 

Як падтрымаць палітвязняў па "справе Ціханоўскага"? Пяць спосабаў

Восьмага чэрвеня блогеру Сяргею Ціханоўскаму і яго паплечнікам прад'явілі абвінавачванні за інцыдэнт, які адбыўся ў Гродне на выбарчым пікеце 29 траўня. Затрыманых пакінулі за кратамі. 9 чэрвеня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала абвінавачаных па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса палітычнымі зняволенымі.

Патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх абвінавачаных па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі па факце прад'яўленння абвінавачвання ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак Сяргею Ціханоўскаму і шасці ўдзельнікам пікету 29 траўня ў Гародні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства