Як падтрымаць палітвязняў па "справе Ціханоўскага"? Пяць спосабаў Дапоўнена
Восьмага чэрвеня блогеру Сяргею Ціханоўскаму і яго паплечнікам прад'явілі абвінавачванні за інцыдэнт, які адбыўся ў Гродне на выбарчым пікеце 29 траўня. Затрыманых пакінулі за кратамі. 9 чэрвеня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала семярых абвінавачаных па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса палітычнымі зняволенымі, 15-га — яшчэ аднаго. Праваабаронцы "Вясны" заклікаюць падтрымаць палітзняволеных і праявіць салідарнасць. Як і якімі спосабамі гэта можна зрабіць — чытайце ў нашым матэрыяле.
Дашлі ліст або паштоўку
Самае простае і адначасова важнае дзеянне для зняволеных, якое можа зрабіць кожны з нас, — напісаць ліст. Лісты ў такіх сітуацыях асабліва важныя. У месцах пазбаўлення волі, як правіла, на палітвязняў ідзе маральны ціск, што яны нібыта былі не правы і на волі пра іх усе забыліся. Гэта можа прыгнятаць людзей. Лісты ў такой сітуацыі вельмі дапамагаюць. Па сутнасці, гэта адзіны спосаб данесці да іх, што мы падтрымліваем іх, і верым у тое, што яны рабілі і робяць. Але не забывайце, што ўсе лісты і паштоўкі чытае цэнзар.
Палітзняволеныя знаходзяцца ў СІЗА ў Мінску па адрасе:
Следчы ізалятар №1,вуліца Валадарскага, 2, г. Мінск, 220050 |
А вось спіс палітвязняў па крымінальнай "справе Ціханоўскага":
1. Ціханоўскі Сяргей Леанідавіч; 2. Фурманаў Дзмітрый; 3. Навумік Уладзімір; 4. Ушак Вяргілій; 5. Арановіч Аляксандр; 6. Баброўскі Васіль; 7. Сакаў Арцём; 8. Андрэй Новікаў. |
Спіс палітычных вязняў Беларусі
Вызначэнне паняцця "палітычны вязень", біяграфіі, храналогіі пераследаў, заявы аб прызнанні палітвязнямі
Таксама у СІЗА-1 знаходзяцца яшчэ два фігуранты "справы Ціханоўскага" — Кніга Уладзімір Іванавіч і Разнічэнка Яўген Сяргеевіч
Затрыманыя і іншыя члены каманды "Краіна для жыцця". У мінскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў знаходзяцца:
- Дзмітрый Папоў, мадэратар сацыяльных сетак "Краіна для жыцця";
- Аляксандр Цуканаў, аўтар канала "Мазыр для жыцця",
- мазыранін Дзяніс Колас,
- фермер Аляксандр Венгура, пра якога здымаў сюжэт блогер Сяргей Ціханоўскі,
- Алег Баброўскі.
Усіх асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту (Алега Баброўскага — на 20 сутак) , але па якіх менавіта артыкулах КаАП — на дадзены момант дакладна невядома.
Адрас для лістоў і паштовак для адміністрацыйна арыштаваных:
Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) ГУУС Мінгарвыканкама,завулак 1-й Акрэсціна 36, Мінск, 220089 |
А што пісаць у лістах?
У гэтым матэрыяле распавядаем, як пісаць лісты ў месцы зняволення, якія ёсць асаблівасці і лайфхакі:
"Хачу напісаць вязню!" Распавядаем, як гэта зрабіць
Мы падрыхтавалі інструкцыю, для тых, хто хоча напісаць арыштаваным, але не ведае з чаго пачаць.
А ці можна перадаць перадачку?
Як распавядае каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, перадачы для затрыманых могуць перадавацца любой асобай, якая прад'явіла пашпарт, без абмежавання іх колькасці, але не больш за 30 кг у месяц. Сюды ўваходзіць вага і прадуктаў харчавання, і рэчаў. З-за таго, што ўстаноўлены вагавы ліміт пасылак, праваабаронцы раяць каардынавацца са сваякамі. Напрыклад, можна дапамагчы сваякам і блізкім сабраць перадачу затрыманым, таму што на перадачкі ў сем'яў сыходзіць шмат грошай.
Час прыёму перадач у СІЗА №1 на Валадарскага Аўторак-субота: з 8 да 17, перапынак на абед з 13 да 14. *У панядзелак з 9 да 11 прымаюцца толькі медыцынскія прэпараты і лекі. |
Для таго, каб перадаць перадачку трэба напісаць заяву ў двух экзэмплярах на імя начальніка СІЗА. У заяве павінны быць пералічаныя ўсе прадукты і рэчы, а таксама пазначана іх колькасць. Вось прыклад:
Наогул у розных месцах пазбаўлення волі ўстанаўліваецца свой спіс дазволеных для перадачы прадуктаў і рэчаў. Каардынатарка ВС "Вясны" падзялілася спісам для СІЗА №1, які ў яе атрымаўся "шляхам спроб і памылак":
|
"Чэргаў, каб перадаць перадачу ў СІЗА, цяпер амаль няма. Усё адбываецца дастаткова хутка. Усе прадукты павінны знаходзіцца ў празрыстых пакетах. Цыгарэты трэба будзе выцягнуць з пачкаў, шакалад разгарнуць. Калі перадаеце цукеркі, то кожную цукерку трэба будзе разгарнуць, таму прасцей перадаваць шакалад. Кава і гарбата таксама павінны быць высыпаныя ў празрыстыя пакеты.
Любую вадкасць (ваду, сок і г .д.) перадаваць нельга. У СІЗА №1 кнігі нельга перадаваць, акрамя рэлігійнай літаратуры (Бібліі, Карана, напрыклад), таму што там ёсць свая бібліятэка", – распавядае Марфа Рабкова.
А на ЦІП можна перадаць перадачку?
"А вось у ЦІПе перадачы прымаюцца толькі ад сваякоў па буднях з 10 да 13. Дарэчы, тут ужо, у адрозненні ад СІЗА-1, можна і трэба перадаваць кнігі. З большага падыдзе спіс ежы і рэчаў, якія складзены для СІЗА-1", – адзначае каардынатарка ВС "Вясны".
Дапоўнена. 10 чэрвеня стала вядома, што на ЦІП перасталі прымаць перадчкі ў сувязі з "неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай". Пра гэта паведамляе ў сябе на старонцы ў фэйсбуку Марына Адамовіч, жонка Міколы Статкевіча, які цяпер адбывае там арышт. Не змаглі перадаць перадачку сваім паплечнікам маладафронтаўцы, пра гэта яны напісалі ў сваім тэлеграм-канале.
Можна зрабіць грашовы перавод вязню
Таксама затрыманым у СІЗА можна зрабіць грашовы перавод, прытым у неабмежаванай колькасці. Грошы будуць пералічвацца на спецыяльны рахунак зняволенага. Раней пераводы ажыццяўляліся ў акенцы рэгістрацыі заяваў на перадачы. Цяпер правілы змяніліся. Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" распавяла, што цяпер папоўніць рахунак зняволеных можна толькі з дапамогай паштовага грашовага пераводу на адрас СІЗА-1 на прозвішча зняволенага.
"З дапамогай гэтага рахунку зняволеныя могуць самі атаварвацца ў мясцовай краме", – тлумачыць Марфа Рабкова.
Падпішы іх на карысныя часопісы і газеты
Яшчэ можна падпісваць зняволеных на газеты і часопісы. Для гэтага на пошце трэба пазначыць іх імёны і прозвішчы, адрас СІЗА і газеты, на якія вы хочаце падпісаць іх.
Таксама можна аформіць падпіску на сайце belpost.by. Сярод незалежных газет, з якіх палітвязні могуць атрымліваць інфармацыю па бягучай сітуацыі ў краіне, – газеты «Новы Час», «Народная Воля», «БелГазета».
Распаўсюджвайце інфармацыю пра затрыманых
Нядаўна новы кіраўнік Мінінфарма заявіў, што хоча абмежаваць насельніцтва ад інфармацыі, якая наносіць шкоду дзяржаве. Аднак згодна артыкулу 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь грамадзяне маюць права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя. Таму самае малое, што можа зрабіць кожны, – гэта распаўсюд рэальнай інфармацыі пра арыштаваных па палітычных прычынах і сітуацыі, у якой яны апынуліся.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96