Асудзілі Іллю Дабратвора. Цяпер за акцыю 20 снежня Дапоўнена
У судзе Мінскага раёна 28 студзеня разглядаецца адміністрацыйная справа сябра Партыі БНФ Іллі Дабратвора. Актывіста вінавацяць ва ўдзеле ў акцыі пратэсту, якая адбылася ў Мінску 20 снежня.
Пратакол правапарушэння складзены паводле часткі 1 артыкула 23.34 КаАП. Справу разглядае суддзя Павел Жэчка.
Сведкамі з боку міліцыі выступаюць Максім Палякоў і Кашынскі Дзяніс.
Дабратвор хадайнічае аб вядзенні працэсу па-беларуску. Аднак суддзя спасылаецца, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы і адмаўляе ў хадайніцтве.
З матэрыялаў справы вынікае, што пратаколы перарабляліся і справа прыпынялася па прычыне немагчымасці ўстанавіць месцазнаходжанне Дабратвора.
Сам Дабратвор заяўляе, што не з'яўляўся ўдзельнікам акцыі, а працаваў там у якасці журналіста. Віну не прызнае.
"на такіх мерапрыемствах я працую журналістам пастаянна. За апошнія 5 гадоў не прапусціў ніводнага. Я пазначыў сябе бейджам "прэса", - заяўляе ён.
Таксама спасылаецца на тое, што ў яго на выхаванні пяцёра дзяцей.
"Неяк пазначаны быў Дабратвор?" – апытвае суддзя сведку Кашынскага.
"Не, ніякіх сцягоў на ім не было".
"А іншыя абазначэнні? Нейкія бэйджы", – удакладняе суддзя.
"Не было".
Тады Дабратвор апранае куртку і бейдж, пытаецца ў сведкі, ці так ён выглядаў?
"Куртка па-мойму гэтая, а бэйджа не памятаю".
Cуддзя апытвае амапаўца Максіма Палякова.
Ён кажа, што нейкіх плакатаў ці сцягоў у Дабратвора не бачыў.
"Наконт лозунгаў не магу дакладна сказаць, натоўп пастаянна выкрыкваў, а ён – не ведаю".
Суд пераходзіць да даследавання матэрыялаў справы.
Праглядаецца аператыўнае відэа.
Дабратвор лічыць, што відэазапіс пацвярджае словы сведкаў. Бо на ім няма флагаў, ён там здымае (то бок быў там у якасці журналіста).
Суддзя пытае, ці меў Дабратвор на акцыі пасведчанне журналіста СМІ. Той кажа, што меў.
Абвяшчаецца перапынак да 11 гадзін для прыняцця рашэння.
Выносіцца пастанова – за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве штраф у памеры 10 базавых велічынь (270 рублёў).
Першы штраф Ілля Дабратвор атрымаў за ўдзел у акцыі пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй. 26 снежня суд Маскоўскага раёна Мінска вынес пастанову аб пакаранні актывіста штрафам у памеры 30 базавых велічынь.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96