Ломяць праз калена: асуджанага на 18 год Пятра Кучуру перавялі з калоніі ў турму

2019 2019-08-01T13:28:12+0300 2019-08-01T15:44:11+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/magileu-turma-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Турма №4 у Магілёве. Фота: Радыё Свабода.

Турма №4 у Магілёве. Фота: Радыё Свабода.

Асуджанага на 18 год за наўмыснае забойства дзяржінспектара па ахове жывёльнага і расліннага свету Пятра Кучуру накіравалі з калоніі №15 у турму №4 Магілёва. Ягоная жонка Людміла даведалася пра гэта напачатку жніўня, паколькі толькі зараз атрымала адпаведнае паведамленне.

Як распавяла жанчына праваабаронцам, увогуле апошні ліст ад мужа яна атрымала яшчэ 6 ліпеня. Яна перакананая, што інфармацыю пра суд аб пераводзе Пятра Кучуры на турэмны рэжым наўмысна ад яе хавалі.

“Начальнік папраўчай калоніі №15 Аляксей Лазарэнка, відаць, такім чынам вырашыў пазбавіцца ад нязручнага зняволенага, які ўвесь час стварае праблемы для кіраўніцтва калоніі”, - кажа яна.

Тым больш, што нядаўна Людміла Кучура звярнулася ў Следчы камітэт па Магілёўскай вобласці з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да начальніка папраўчай калоніі №15 Аляксей Лазарэнкі па арт. 424 Крымінальнага кодэкса – “Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі”. Найперш гэта звязана з тым, што лісты Пятра Кучуры да жонкі планамерна знішчаюцца цэнзурай, з калоніі не была выпушчана яго апеляцыйная скарга ў суд нібы з-за памылак у афармленні, асуджанаму не даюць магчымасць зрабіць даверанасць на жонку для прадстаўлення яго інтарэсаў.

Парадокс сітуацыі ў тым, што 24 ліпеня Магілёўскі абласны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу асуджанага Пятра Кучуры на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна г. Магілёва, дзе зняволены абскарджваў вынесеныя яму адміністрацыяй ПК №15 спагнанні. А рашэнне аб пераводзе зняволенага ў турму было прынята яшчэ да  разгляду апеляцыі.  Вось такое крывое правасуддзе атрымалася.

Нагадаем, надзвычайная сітуацыя склалася вакол Пятра Кучура пасля стварэння яго жонкай петыцыі за перадачу паўнамоцтваў Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрству юстыцыі. Асаблівую занепакоенасць у адміністрацыі калоніі выклікала тое, што такім чынам раскрылася інфармацыя пра катаванні і неаказанне медыцынскай дапамогі ў калоніі, якія прывялі да некалькіх смерцяў, у тым ліку і жонкі аднаго з асуджаных падчас працяглага спаткання.

Суд не задаволіў апеляцыйную скаргу асуджанага Пятра Кучуры

На судовае паседжанне з’явілася прадстаўніца калоніі, якая не прыводзіла якіх-небудзь довадаў і абгрунтаванняў таго, што Пётр Кучура сапраўды здзяйсняў парушэнні рэжыму ўтрымання.

Ужо 15 гадоў Пётр Кучура адбывае пакаранне ў калоніі. Асуджаны мужчына на 18 гадоў. Паводле прысуду - за наўмыснае забойства дзяржінспектара па ахове жывёльнага і расліннага свету. Паводле высноваў суда, мужчына займаўся браканьерствам, а калі ўбачыў інспектара - застрэліў яго. Жонка Пятра Кучура, Людміла, увесь гэты час прыкладае намаганні, каб даказаць невінаватасць мужа.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства