Суд не задаволіў апеляцыйную скаргу асуджанага Пятра Кучуры
24 ліпеня Магілёўскі абласны суд разгледзіў апеляцыйную скаргу асуджанага Пятра Кучуры на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна г. Магілёва, дзе зняволены абскарджваў вынесеныя яму адміністрацыяй ПК №15 спагнанні.
Сёння на працэсе прысутнічала жонка асуджанага Людміла Кучура. Яна распавяла ПЦ “Вясна”, што на паседжанне з’явілася прадстаўніца калоніі, якая не прыводзіла якіх-небудзь довадаў і абгрунтаванняў таго, што Пётр Кучура сапраўды здзяйсняў парушэнні рэжыму ўтрымання, а толькі зачытвала правілы ўнутранага распарадку ў ПК №15.
“Было відаць, што прадстаўніца ўвогуле не мае ўяўлення, што такое апеляцыйная скарга і нават хадайніцтва, аднак яна была ўпэўненая, што суд стане на бок калоніі”, - падзялілася ўражаннямі Людміла Кучура.
У выніку так і адбылося: Магілёўскі абласны суд палічыў рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Магілёва правамерным і пакінуў скаргу асуджанага без задавальнення.
Людміла Кучура адзначыла і тое, што на паседжанне прышла пракурор, але не ў якасці ўдзельніцы працэса. Па яе меркаваннях, з’яўленне пракурора ў судзе звязана з пятай праверкай, якую праводзіць Магілёўская пракуратура пад кантролем Генеральнай Пракуратуры па скарзе жонкі асуджанага на парушэнні з боку адміністрацыі калоніі ў дачыненні да яе мужа. Яшчэ 10 ліпеня Людміла Кучура атрымала адпаведны адказ з Генеральнай пракуратуры аб перанакіраванні скаргі ў Магілеўскую пракуратуру для правядзення дадатковай праверкі.
Пасля вынесенага рашэння Магілёўскім абласным судом жонка асуджанага не збіраецца апускаць рукі, а будзе падаваць скаргу ў наглядным парадку, а таксама рыхтаваць індывідуальны зварот у Камітэт па правах чалавека ААН.
Акрамя гэтага Людміла Кучура звярнулася ў Следчы камітэт па Магілёўскай вобласці з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да начальніка папраўчай калоніі №15 Аляксей Лазарэнкі па арт. 424 Крымінальнага кодэкса – “Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі”. Найперш гэта звязана з тым, што лісты Пятра Кучуры да жонкі планамерна знішчаюцца цэнзурай, з калоніі не была выпушчана яго апеляцыйная скарга ў суд нібы з-за памылак у афармленні, асуджанаму не даюць магчымасць зрабіць даверанасць на жонку для прадстаўлення яго інтарэсаў.
“Больш за 200 дзён мой муж знаходзіцца то ў ПКТ, то ў ШІЗА па чарзе. Але ніхто нічога не збіраецца выпраўляць”, - адзначае Людміла Кучура.
Важна, што ў Следчым камітэце яна дазналася, што яшчэ ў красавіку туды ж звяртаўся сам Пётр Кучура з заявай на неправамернае прымяненне да яго фізічнай сілы з боку супрацоўнікаў калоніі. На якой стадыі знаходзіцца разгляд яго заявы - пакуль невядома.
"Што павінен быў зрабіць пенсіянер, інвалід ІІI групы з захворваннем сэрца, каб да яго была прымененая фізічная сіла?" - здзіўляецца Людміла Кучура.
Нагадаем, надзвычайная сітуацыя склалася вакол Пятра Кучура пасля стварэння яго жонкай петыцыі за перадачу паўнамоцтваў Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрству юстыцыі. Асаблівую занепакоенасць у адміністрацыі калоніі выклікала тое, што такім чынам раскрылася інфармацыя пра катаванні і неаказанне медыцынскай дапамогі ў калоніі, якія прывялі да некалькіх смерцяў, у тым ліку і жонкі аднаго з асуджаных падчас працяглага спаткання.
Прадстаўнікі магілёўскай ГНК не змаглі наведаць асуджанага Пятра Кучуру ў калоніі