viasna on patreon

"Довады аб строгасці пакарання неабгрунтаваныя". Вярхоўны суд адмовіўся змяніць прысуд Андрэю Бяляўскаму

2018 2018-08-15T11:57:44+0300 2018-08-15T12:04:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiauski-1pg.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Бяляўскі. Фота: Радыё Свабода.

Андрэй Бяляўскі. Фота: Радыё Свабода.

Месяц таму былы фігурат справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” мастак-дызайнер Андрэй Бяляўскі накіраваў скаргу ў Вярхоўны суд на прысуд  Ленінскага раённага суда Мінска, які пакараў яго годам “хатняй хіміі” за захоўванне аднаго патрона. На днях ён атрымаў адказ ад найвышэйшай судовай інстанцыі, у якім паведамляецца, што яго скарга застаецца без задавальнення, а прысуд у сіле.

У адказе за подпісам намесніка старшыні Вярхоўнага суда Руслана Аніскевіча адзначаецца, што вынікі суда першай інстанцыі аб вінаватасці Бяляўскага адпавядаюць фактычным абставінам справы, з'яўляюцца правільнымі і па сутнасці не аспрэчваюцца ў скарзе. Довады аб празмернай строгасці і неадэкватнасці ўчынку прызначанага пакарання Вярхоўны суд палічыў неабгрунтаванымі. А заўвагу наконт няўлічаных Ленінскім судом пры вынясенні рашэння двух з паловай месяцаў, праведзеных Бяляўскім за кратамі падчас следства па справе "Аб незаконным узброеным фармаванні", Вярхоўны суд, як і Мінскі гарадскі ў свой час, увогуле праігнараваў.

Такім чынам, усе сродкі ўнутранай абароны па справе за захоўванне патрона ў былога фігуратна справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” вычарпаныя.

Нагадаем, Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 21 сакавіка 2017 года і абвінавачаны па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу - "Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках" і арт. 287 Крымінальнага кодэкса - “Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання”. Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня са спыненнем справы па арт. 293 КК. Падчас ператрусу адразу пасля затрымання ў яго быў знойдзены спраўны патрон.

Як толькі напрыканцы лістапада Следчы камітэт спыніў справу "Аб незаконным узброеным фармаванні", у адносінах Бяляўскага была заведзена новая справа – аб захоўванні боепрыпаса (ч.2 арт.295 КК РБ). 12 снежня Следчы камітэт прад’явіў маладому чалавеку абвінавачванне, а роўна праз месяц, 12 студзеня, у судзе Ленінскага раёна быў агучаны прысуд па гэтай справе. Суддзя Марына Запаснік прызнала Бяляўскага вінаватым па ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса ("Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў”) і прызначыла пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Пасля разгляду касацыйнай скаргі Бяляўскага ў Мінскім гарадскім судзе прысуд уступіў у законную сілу. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства