Палітвязьня Зьмітра Паліенку перавялі са шпіталя ў калёнію
Зьмітра Паліенку з Жодзінскага шпіталя перавялі ў Бабруйскую калёнію, дзе ён адбывае двухгадовы тэрмін за напад па міліцыянта. У Жодзінскім шпіталі палітвязень лячыў нагу. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла актывістка Марына Касінерава, якая лістуецца са Зьмітром Паліенкам.
Як цяпер пачуваецца Зьміцер Паліенка?
«Напісаў коратка, што справы з нагой цяпер „значна лепшыя“. Усяго ў шпіталі ён прабыў каля двух тыдняў, 18 красавіка ўжо вярнулі ў Бабруйскую калёнію, але пакуль у карантын, днямі будзе зноў у атрадзе», — кажа Марына Касінерава.
У сакавіку стала вядома, што каля 7 месяцаў Зьміцер Паліенка цярпеў ад раны на назе, залячыць якую з дапамогай лекара ў калёніі ўсё ніяк не ўдавалася. Бацька палітвязьня Аляксандар Паліенка не выключаў, што сын мог пашкодзіць нагу на вытворчасьці або ў нейкай сутычцы. Сам палітвязень пра паходжаньне раны нічога на волю не паведамляў.
У кастрычніку 2016 году актывіста дэмакратычнага руху Зьмітра Паліенку асудзілі на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай паводле абвінавачаньня ў гвалце супроць міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які прайшоў у Менску ўвесну 2016 году. Празь некалькі месяцаў за ўдзел у акцыях салідарнасьці ўмоўнае пакараньне Зьмітру Паліенку замянілі на рэальнае і накіравалі ў калёнію ў Бабруйску.
У 2017 годзе Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty Internationalпрызнала Зьмітра Паліенку вязьнем сумленьня і заклікала беларускія ўлады «неадкладна і без умоваў вызваліць» хлопца, які «быў зьняволены выключна за мірнае ажыцьцяўленьне сваіх правоў на свабоду слова і мірных сходаў».