Генадзь Фядыніч: “Улада яшчэ раз хоча паказаць, што ўсё знаходзіцца пад яе наглядам”

2018 2018-03-14T15:27:18+0300 2018-03-14T15:48:13+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/fiadynich_g.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч. Фота ПЦ "Вясна"

Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч. Фота ПЦ "Вясна"

Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” сітуацыю з даглядамі актывістаў арганізацыі на беларуска-літоўскай мяжы.

13 сакавіка намеснік старшыні Гомельскага прафкама РЭП Андрэй Стрыжак і рэдактарка сайта praca-by.info Яўгенія Стрыжак былі затрыманыя на беларускай мяжы з Літвой на памежным пераходзе “Каменны Лог” для паглыбленага дагляду без паведамлення прычынаў.

Тыдзень таму, 7 сакавіка, падчас памежнага і мытнага кантролю на станцыі “Гудагай” былі знятыя з цягніка для асабістага дагляду  намесніца старшыні прафсаюза Зінаіда Міхнюк і адна з каардынатарак моладзевай сеткі РЭП Ганна Дусь, якія ехалі з Вільні ў Мінск.

"Відавочна, што гэтыя спецслужбы атрымалі нейкі непісьмовы загад, каб актывістаў РЭП, якія будуць перасякаць мяжу, трэба неяк стрывожыць, але гэтыя здыманні з паяздоў – бессэнсоўны. Такім чынам, улада яшчэ раз хоча паказаць, што ўсё пад наглядам і пад яе прэсам", - каментуе сітуацыю старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.

Па “справе прафсаюзаў” апрасілі ўжо больш 500 чалавек. РЭП не прадстаўляў следчым органам спісы сяброў. Магчыма, такая інфармацыя трапіла з канфіскаванай тэхнікі офіса. Следства працягнулі да 1 траўня.

У Беларусі яшчэ такого не было, каб грамадскую арганізацыю так шчыльна правяралі па сяброўству. Складваецца ўражанне, што яны наогул хочуць паглядзець, ці існуюць гэтыя сябры прафсаюза, ці гэта проста запісаныя лічбы.  Я лічу, што гэта быў загад зверху, каб праглядзець структуру РЭПа”, - адзначае Генадзь Фядыніч.

Заўтра 15 сакавіка ў 13 гадзіны на галоўным офісе РЭП адбудзецца прэс-канферэнцыя па падзеях, якія апошнім часам складваюцца ў дачыненні да сяброў прафсаюза.

Нагадаем, раніцай 2 жніўня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі ператрус у мінскім офісе прафсаюза РЭП, а таксама дома ў старшыні прафсаюзу Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара Ігара Комліка.

Затым было абвешчана, што ў дачыненні да абодвух заведзена крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – “ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры”.

Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Абодва лічаць сябе невінаватымі і выплачваць налічаныя ім падаткі не збіраюцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства