Распачаўся суд над аўтарамі “Рэгнума” за распальванне нацыянальнай варожасці Дапоўнена

2017 2017-12-18T12:26:44+0300 2017-12-18T17:29:08+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/shiptenko_alimkin_pavlovec.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Шыптэнка, Дзмітрый Алімкін і Юры Паўлавец. Калаж TUT.BY

Сяргей Шыптэнка, Дзмітрый Алімкін і Юры Паўлавец. Калаж TUT.BY

18 снежня ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся судовы працэс па так званай справе “Рэгнума”.

На лаве падсудных дацэнт БДУІР Юрый Паўлавец, брэсцкі ахоўнік Дзмітрый Алімкін і галоўны рэдактар ​​часопіса «Новая эканоміка» Сяргей Шыптэнка. Усіх іх вінавацяць па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса – “Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні, здзейсненае групай асоб”. Акрамя таго, у дачыненні да Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнкі выстаўлена абвінавачанне ў “незаконная прадпрымальніцкай дзейнасці”  (ч. 1 арт. 233 КК). Фігурантам справы пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Суддзіць Ігар Любавіцкі. Дзяржабвінаваўца - прадстаўнік пракуратуры Мінска Аляксандр Кароль. Залю ахоўваюць міліцыянты ў цывільным, за падсуднымі сочыць канвой з шасці чалавек у форме.

Ад пачатку быў заяўлены шэраг хадайніцтваў: аб далучэнні да справы запыту да Раскамнагляду, у адказ на які арганізацыя прыкмет экстрэмізму ў артыкулах не бачыць; заключэнне псіхалагічна-лінгвістычнай экспертызы; адказ на запыт абаронцы ў дзяржаўныя музеі і інстытуты, які абвергі інфармацыю пра тое, што бела-чырвона-белы сцяг - сімвал экстрэмізму і супраціву; хадайніцтвы па выкліку сведак, у тым ліку экспертаў-лінгвістаў і членаў экспертнай камісіі па выяўленню экстрэмізму, а таксама незалежных экспертаў па гісторыі і лінгвістыцы.

Суддзя задаволіў хадайніцтвы, аднак некаторых сведак не дапусцяць да ўдзелу ў працэсе.

Адвакат заявіў хадайніцтва аб змене меры стрымання, звярнуў увагу, што Юры Паўлавец больш за год не бачыцца са сваякамі. Аднак, гэтае хадайніцтва было адхіленае.

Таксама дадаткова было заяўлена хадайніцтва аб прысутнасці родных і блізкіх у залі суда.

У залі суда распачалося судовае следства. Пракурор зачытвае абвінавачванне. 

Паводле інфармацыі БАЖ, Юрыю Паўлаўцу інкрымінуюць незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць у выглядзе сбора, падрыхтоўкі і распаўсюду інфармацыйных матэрыялаў у СМІ без рэгістрацыі, атрыманне прыбытку на рахунак. У абвінавачанні пералічаныя банкаўскія пераводы, якія прыходзілі на рахунак Паўлаўца: долары, беларускія і расійскія рублі. Агульны незаконны прыбытак Паўлаўца, на думку следства, складае 40 151 беларускі рубель.

Таксама Паўлаўцу інкрымінуюць напісанне шэрагу артыкулаў, у якіх псіхолага-лінгвістычная экспертыза знайшла прыкметы распальвання нацыянальнай варожасці.

Паўлавец у артыкулах падкрэсліваў нецярпімасць беларусаў да рускіх, праявы беларускага нацыяналізму ў падручніках па гісторыі, звальненне прарасійска настроеных выкладчыкаў універсітэтаў, транслітэрацыю назваў станцый метро менавіта з беларускай мовы.

Дзмітрыя Алімкінаабвінавачваюць у падрыхтоўцы матэрыялаў, якія, на думку следства, распальвалі варажнечу у дачыненні да беларусаў, прадстаўнікоў ЗША, Германіі.

"Добро пожаловать в средневековье, Вышыванцы", "В Беларуси включили процесс третьей насильственной белоруссизации", "Это примитивные умирающие языки - белорусский и украинский", "Вышыванцы, мне вас не жалко", — такія загалоўкі былі ў артыкулах Алімкіна.

Паводле следства, Алімкін дасылаў свае артыкулы рэдактару агенцтва Regnum Юрыю Баранчыку, пасля чаго яны размяшчаліся на сайтах.

"У артыкулах Алімкіна выказваецца пазітыўнае стаўленне да гістарычных падзеяў, якія ў беларускім грамадстве ўспрымаецца адмоўна. Напрыклад, да згортвання Сталіным палітыкі беларусізацыі", — гучыць у тэксце абвінавачання.

Тым самым, на думку следства, Алімкін, працуючы ў групе асобаў, фармаваў грэблівае стаўленне да беларусаў, выклікаў абурэнне ў грамадзянаў Расійскай Федэрацыі.

Паводле следства, Сяргей Шыптэнка выконваў працы і аказваў паслугі па асвятленні грамадска-палітычных падзеяў без рэгістрацыі. Атрымліваў грошы ад заказчыкаў асабіста і праз электронныя сродкі пераводаў, у тым ліку на імя родных. У матэрыялах справы грашовыя пераводы Шыптэнку зафіксаваныя з 2013 года. Агульная сума незаконнага яго прыбытку, па версіі следства, — 22 257 рублёў.

Цікава, што экспертыза артыкулаў была зробленая следствам толькі ў ліпені 2017 года — то бок больш, чым праз палову года пасля затрымання фігурантаў справы.

Дзмітрый Алімкін, Юрый Паўлавец і Сяргей Шыптэнка вінаватымі сябе не прызнаюць.

"У абвінавачанні згадваюцца нейкія міфічныя персанажы — прадстаўнікі нямецкага і амерыканскага светаў", — гаворыць Алімкін.

"Я — беларус, мой бацька беларус, мая дачка беларуска, мая маці руская. Мяне абвінавачваюць у тым, што я абражаў сваіх родных і блізкіх. Не магу прызнаць віну", — кажа Паўлавец.

Адвакаты падсудных заяўляюць, што ім не зразумела сутнасць абвінавачвання.

Працяг працэсу 19 снежня ў 10:00.


Нагадаем, Юрый Паўлавец, Дзмітрый Алімкін Сяргей Шыптэнка былі затрыманыя ў снежні 2016 года і з таго часу знаходзяцца пад арыштам. На іх завялі крымінальную справу па ч. 3 арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розніцы, здзейсненае групай асоб, - ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі).

У чэрвені на Паўлаўца і Шыпценка завялі новую крымінальную справу па артыкуле аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

У сакавіку ў Маскве па запыце беларускіх следчых затрымалі шэф-рэдактара «Рэгнум», беларускага грамадзяніна Юрыя Баранчыка. Але экстрадыцыя не адбылася - маскоўскі суд вызваліў яго з-пад арышту. Сам Баранчык падаў прашэнне аб палітычным прытулку.

Адпусціць публіцыстаў заклікала арганізацыя «Рэпарцёры без межаў». Вядучыя беларускія праваабаронцы ў студыі TUT.BY распавялі, што пакуль не бачылі матэрыялаў справы, дастатковых для таго, каб назваць затрыманых палітвязнямі. Аднак кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец заявіў, што, нягледзячы на ​​сваю нязгоду з пазіцыяй абвінавачаных, ён лічыць пазбаўленне волі «відавочна непрапарцыйным».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства