viasna on patreon

Кансультацыі аб выкананні Нацыянальнага плана дзеянняў па правах чалавека: меркаванні экспертаў

2017 2017-12-13T17:00:29+0300 2017-12-14T07:55:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nacplan-kansultacija-2017-12-12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Панэльная дыскусія “Роля грамадзянскай супольнасці ў рэалізацыі нацыянальнага плана дзеянняў па правах чалавека”

Панэльная дыскусія “Роля грамадзянскай супольнасці ў рэалізацыі нацыянальнага плана дзеянняў па правах чалавека”

У Мінску пад эгідай Міністэрства замежных спраў Беларусі і Прадстаўніцтва ААН прайшоў чарговы раунд экспертных кансультацый згодна з Нацыянальным планам дзеянняў па правах чалавека.

Цягам дня 12 снежня адбылося некалькі прэзентацый і дыскусій пры ўдзеле прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, профільных міністэрстваў і ведамстваў, дыпламатычнага корпусу, экспертаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці пад агульнай назвай “Нацыянальны план дзеянняў па правах чалавека: актуальныя пытанні рэалізацыі і перспектывы”. Гэтае мерапрыемства можна расцаніць як прэлюдыю да справаздачы дзяржавы па прынятаму год таму палітычнаму дакументу.

У панэльнай дыскусіі “Роля грамадзянскай супольнасці ў рэалізацыі нацыянальнага плана дзеянняў па правах чалавека” ўпершыню шырока прымалі ўдзел прадстаўнікі грамадскіх і праваабарончых арганізацый, а таксама эксперты, якія былі запрошаныя на мерапрыемства ў асабістай якасці.

Удзельнікі кансультацый і дыскусій, якія прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць, выказалі свае меркаванні аб рэалізацыі пунктаў нацыянальнага плану, падзяліліся думкамі аб учорашнім мерапрыемстве.

Старшыня БХК Алег Гулак.

Неадназначныя ўражанні засталіся ад мерапрыемства ў старшыні Беларускага Хельсінскага камітэта Алега Гулака:

"Уражанне даволі неадназначнае і складанае. Добра што гэта адбылося, добра, што гэты план па-ранейшаму ў павестцы дня, а  сустрэча з удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці дала магчымасць пашырыць кола ўдзельнікаў кансультацый і гэта было важна. Цікава таксама было пачуць ад прадстаўнікоў дзяржаўных органаў аб тым,  як яны бачаць гэты план, і што зраблена ў гэтым накірунку.

А з іншага боку засталася і пэўная незадаволенасць: няўжо немагчыма рабіць запланаванае хутчэй і больш. Час ідзе, прайшоў ужо год, нейкія крокі робяцца, ёсць пэўны прагрэс, але усё гэта робіцца надта марудна.

Пад час учорашняй дыскусіі з розных бакоў, і дзяржаўнага боку таксама, гучалі думкі аб тым, што трэба паспрабаваць нарэшце праводзіць тэматычныя мерапрыемствы і абмяркоўваць па-сутнасці тыя пытанні, якія зафіксаваныя ў Нацыянальным плане. А больш за ўсё хацелася б напачатку года пабачыць канкрэтную рэалізацыю гэтых планаў, якая будзе прадстаўлена ў справаздачы.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. Фота baj.by

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец заўважае, што і дзяржава, і трэці сектар могуць размаўляць на адной мове і шукаць пэўныя кропкі узаемадзеяння, і не толькі ў тых галінах, дзе гэта адбываецца ўжо дастаткова доўга, як, напрыклад,  у медыцыне, але і з удзелам праваабарончых арганізацый.

“Зразумела і цалкам натуральна, што погляды прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і погляды прадстаўнікоў грамадскага сектару разыходзяцца. Вось адзін яскравы прыклад: прадстаўнік Міністэрства замежных спраў заяўляе, што, маўляў, будзе цудоўна, калі мы са ста паказчыкаў вось гэтага нацыянальнага плану па правах чалавека нешта выканаем, на што рэплікай адказаў Юры Чавусаў: “Беларусь будуць ацэньваць не па тым, колькі мы паказчыкаў выканалі, а наколькі палепшылася становішча ў той, ці іншай галіне грамадскага жыцця”. І ў гэтым бачыцца сур’ёзнае разыходжанне.

Эксперты з боку грамадскасці звярталі ўвагу і на тую акалічнасць, што план сфармуляваны вельмі неканкрэтна, няма крытэрыяў для вызначэння, якія накірункі і пункты выкананыя, няма таксама індыкатараў для ацэнкі. Да гэтых ста накірункаў трэба было б распісаць, што менавіта трэба зрабіць, каб дасягнуць мэты, бо не заўсёды гэта ў плане пазначана. Але прадстаўнікі дзяржавы казалі, што распрацоўваць падрабязныя планы ня трэба, што публічнасць, пра якую вялася гаворка, таксама спрэчнае пытанне.

На маю думку, гэтыя разыходжанні цалкам натуральныя і мне падаецца, што кансультацыя экспертаў прайшла дастаткова добра. Застаецца адзінае пытанне – наколькі будзе рэалізаванае тое, аб чым размаўлялі пад час мерапрыемства".

Юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў. Фота: Радыё Свабода.

Юрыст Асамблеі няўрадавых арганізацый,  які быў запрошаны як эксперт у індывідуальнай якасці Юрый Чаусаў, адзначае, што гэта не першая сустрэча, арганізаваная праграмай развіцця ААН супольна з Міністэрствам замежных спраў і датычная дзяржаўных планаў, справаздачаў і працы ў накірунку правоў чалавека.

"Добра, што гэтым разам быў запрошаны шэраг прадстаўнікоў не толькі зарэгістраваных арганізацый грамадзянскай супольнасці, але і ў індывідуальнай якасці, былі запрошаныя асобы са структураў, якія дзяржавай не прызнаюцца ў якасці зарэгістраваных. Я таксама быў запрошаны ў індывідуальнай якасці як эксперт, хаця насамрэч з’яўляюся юрыстам Асамблеі няўрадавых арганізацый. Атрымаўся такі кампраміс паміж двумя структурамі-арганізатарамі.

Нельга сказаць, каб справаздачы прадстаўнікоў профільных міністэрстваў былі вельмі падрабязнымі  ці вельмі змястоўнымі. Прадстаўнікі міністэрстваў юстыцыі, замежных спраў казалі пра тую працу, якая імі вядзецца ў межах плана, але канкрэтных вынікаў было няшмат. Для гадавога масштабу справаздачы вынікі ня вельмі прадуктыўныя.

І што хацелася адзначыць яшчэ. Беларуская дзяржава вельмі адкрытая і нават падкрэслена адкрытая, да супрацоўніцтва з міжнароднымі структурамі па працэдурных пытаннях і гатовыя дэманстраваць прагрэс у гэтым накірунку, а гэта значыць распрацоўка планаў, праграмы, падрыхтоўка канцэпцый, аднак вельмі мала чым можна пахваліцца ў пытаннях сутнасных. Умоўна кажучы, учора размова вялася пра выканане Міжведамаснага плана, а не пра паляпшэнне дынамікі ў сітуацыі з правамі чалавека”.

Юрый Чавусаў падкрэслівае, што крытэрыем ацэнкі паспяховасці, ці не паспяховасці плана па правах чалавека павінна быць змяненне сітуацыі з правамі чалавека.

“Няхай сабе нязначныя, няхай сабе у дробных рэчах, але мусіць быць вырашэнне праблемаў з правамі чалавека, а не проста выкананне мерапрыемстваў, замацаваных у плане.

Для мяне, як для эксперта, які працуе ў сферы свабоды асацыяцый, прынцыпова важным пытаннем з’яўляецца паляпшэнне менавіта ў гэтай галіне. Не хаваю свайго расчаравання тым, што нягледзячы на тое, што пад час прадстаўлення Універсальнага перыядычнага агляду ў 2015 годзе, ды і пад час іншых справаздач, якія Беларусь праходзіць у міжнарождных структурах, вылучалася шмат рэкамендацый па свабодзе асацыяцый. Гэта і пытанні рэгістрацыі грамадскіх арганізацый, і пытанні крымінальнай адказнасці за дзейнасць без рэгістрацыі, і фінансавыя ўмовы для атрымання сродкаў для дзейнасці НДА як унутры краіны, так і па за яе межамі. На жаль, у зацверджаным год таму плане пытанні свабоды асацыяцый, ніякім чынам  не адлюстраваныя. Дарэчы і свабода слова таксама вельмі мала адлюстраваная. Збольшага гаворка ідзе пра тыя аспекты, дзе дзяржава можа прымяніць сваю рэгулятыўную функцыю, без канфлікту дзяржавы і індывідуума. Таму я мушу канстатаваць, што на дадзеным этапе, ад часу прынятых Беларуссю рэкамендацый у межах Універсальнага перыядычнага агляду ў 2015 годзе па прынцыповых, па важных пытаннях прагрэсу не дасягнута.

Дзяржава можа казаць пра стварэнне перамоўных пляцовак і арганізацыі такіх вось канферэнцый. Але казаць пра сутнасныя змены з правамі чалавека на дадзеным этапе дзяржава на жаль не можа.

Ёсць яшчэ і трэці момант, пра які шмат спрачаліся на ўчорашняй сустрэчы –  гэта пытанне аб публічнасці і адкрытасці рэалізацыі плана. Нам вядома, што ў падтрымку плана створаныя праграмы мерапрыемстваў рознымі ведамствамі і міністэрствамі. Яны маюць больш практычны і тэхнічны аспект, аднак не з’яўляюцца публічнымі”.

 Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які  таксама браў удзел у кансультацыях, адзначае, што ў прадстаўнікоў дзяржаўных органаў дагэтуль не выпрацавана яснага бачання механізму ўзаемадзення з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ў межах рэалізацыі прынятага Міжведамаснага плана.

“У мяне асабіста склаліся досыць супярэчлівыя ўражанні ад учорашняга мерапрыемства. З аднаго боку, нельга не адзначыць той факт, што гэтым разам кансультацыі адбыліся ў больш шырокім коле запрошаных удзельнікаў.  Былі не толькі прадстаўнікі зарэгістраваных НДА, але і прадстаўнікі незарэгістраваных арганізацый,  у якасці “экспертаў у асабістай якасці”. Я таксама быў запрошаны ў якасці такога “эксперта ў асабістай якасці” і гэта быў першы ўдзел прадстаўніка ПЦ “Вясна” ў такога кшталту кансультацыях.

З іншага боку, некаторыя рэчы засмуцілі мяне. Было бачна, што ў прадстаўнікоў дзяржаўных органаў дагэтуль не выпрацавана яснага бачання механізму ўзаемадзення з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ў межах рэалізацыі прынятага Міжведамаснага плану, хаця ўжо мінуў год ад моманту ягонага прыняцця. Быў відавочным брак камунікацыі паміж дзяржаўнымі органамі і грамадзянскай супольнасцю. Дагэтуль у публічным доступе немагчыма знайсці планы мерапрыемстваў па рэалізацыі канкрэтных рэкамендацый плана тых дзяржаўных органаў, якія пазначаныя ў якасці адказных за імплементацыю канкрэтных рэкамендацый, няма публічных справаздачаў аб выніках іх працы па рэалізацыі плана. Ды і з таго, што было агучана бачна, што зроблена, скажам шчыра, няшмат.

У той жа час было цікава і карысна пачуць пра досвед узаемадзення НДА і дзяржаўных органаў у некаторых сферах, па гендэрных пытаннях, па правах людзей з інваліднасцю, па праблемах СНІД. Аказваецца, у краіне ёсць ужо напрацаваны досвед паспяховага ўзаемадзеяння НДА і дзяржаўных органаў па вырашэнню канкрэтных і важных праблем, якія таксама ўваходзяць у праваабарончы парадак дня".

Стэфановіч нагадвае, што прадстаўнікі праваабрончай супольнасці неаднаразова заўлялі аб сваёй гатоўнасці да дыялогу і ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі дзеля вырашэння канкрэтных праблемаў у галіне правоў чалавека. Гэта было адлюстравана і ў выніковай Рэзалюцыі IV Беларускага праваабарончага форуму.

"Ці прывядзе рэалізацыя Міжведамаснага плана па правах чалавека да стварэння рэальных дыялогавых пляцовак па ўзаемадзеянні праваабарончых арганізацый з дзяржаўнымі органамі –  шмат у чым залежыць ад уладаў. Для нас важна, - кажа праваабаронца, - каб рэалізацыя гэтага плану прывяла да рэальных зменаў у канкрэтных сферах правоў чалавека".


Першы Нацыянальны план па правах чалавека прыняты ў кастрычніку 2016 года і накіраваны на рэалізацыю прынятых Беларуссю рэкамендацый у межах Універсальнага перыядычнага агляду. Дакумент уяўляе собой своеасаблівую дарожную карту і вызначае асноўныя напрамкі дзеянняў па імплементацыі абавязкаў дзяржавы па захаванні правоў чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства