Факт-ліст па тэме прэс-канферэнцыі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

2017 2017-11-16T12:12:23+0300 2017-11-16T12:26:45+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/logo_elections.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прэс-канферэнцыя “Мясцовыя выбары на фоне няздзейсненых зменаў у Выбарчы кодэкс”

16 лістапада 2017, г. Мінск

Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Сайт: elections2018.spring96.org

Факт-ліст па тэме прэс-канферэнцыі

12 лютага 2016 г. пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў была створана міжведамасная экспертная рабочая група, якой было даручана правесці аналіз рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па выніках назірання за прэзідэнцкімі выбарамі 2015 г. дзеля ўдасканалення выбарчага працэсу ў Беларусі.

17 лютага 2016 г. прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” накіравалі кіраўніцы Цэнтральнай камісіі Лідзіі Ярмошынай зварот з прапановай сваіх экспертаў і напрацовак, якія маглі быць карыснымі ў працы створанай міжведамаснай групы.

На пачатку сакавіка 2016 г. праваабаронцы накіравалі ў ЦВК для міжведамаснай групы прапановы па імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, якія ўтрымлівалі 30 пунктаў з падрабязным абгрунтаваннем. Пры гэтым эксперты кампаніі засяродзілі ўвагу на тых рэкамендацыях БДІПЧ, якія не патрабуюць унясення зменаў у Выбарчы кодэкс і іншыя заканадаўчыя акты, а значыць, маглі быць рэалізаваныя да пачатку парламенцкай кампаніі 2016 г. праз урэгуляванне пастановамі ЦВК.  

15 сакавіка 2016 г. адбылося выніковае паседжанне міжведамаснай рабочай групы па вывучэнні рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла БелаПАН, што група выпрацавала прапановы аб мерах па ўдасканаленні выбарчага працэсу з улікам прапановаў, якія прадставіла не толькі БДІПЧ АБСЕ, але і кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Пры гэтым выпрацаваныя міжведамаснай групай прапановы апублікаваныя не былі.

18 сакавіка 2016 г. ЦВК накіравала прадстаўнікам кампаніі афіцыйны адказ на іх прапановы, які супярэчыў ранейшай заяве Лідзіі Ярмошынай журналістам. Праваабаронцы ў звязку з гэтым адзначылі непаслядоўнасць у падыходах Цэнтрвыбаркама і непразрыстасць працы межведамаснай экспертнай групы.   

8 жніўня 2016 г., падчас парламенцкай кампаніі, місія БДІПЧ АБСЕ сустрэлася з прадстаўнікамі "Праваабаронцаў за свабодныя выбары". Падчас сустрэчы асаблівая ўвага была ўдзеленая працы міжведамаснай групы пры ЦВК: пра яе вынікі па-ранейшаму нічога не было вядома ні воднаму з бакоў.

17 студзеня 2017 г. эксперты кампаніі прадставілі Абгрунтаванне прыярытэтных рэкамендацый аб унясенні зменаў у выбарчае заканадаўства Беларусі. На той момант міжведамасная рабочая група пры ЦВК у змененым складзе працягвала сваю працу і да 1 лютага 2017 года павінна была правесці аналіз рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ ў выніковай справаздачы па назіранні за парламенцкімі выбарамі 11 верасня 2016 года і выпрацаваць прапановы па змене выбарчага заканадаўства для далейшага разгляду ў Цэнтральнай камісіі і дакладу кіраўніку дзяржавы.  

 31 студзеня 2017 г. адзін з каардынатараў кампаніі, старшыня БХК Алег Гулак, быў запрошаны на паседжанне міжведамаснай групы пры ЦВК, дзе разглядаліся рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ. Алег Гулак там прадставіў Прыярытэтныя рэкамендацыі, распрацаваныя экспертамі кампаніі. Аднак па выніках паседжання заставалася незразумелым, якія з абмеркаваных міжведамаснай групай прапаноў будуць перададзеныя на разгляд прэзідэнту.

1 лютага 2017 г. – вызначаны ў пастанове ЦВК тэрмін, да якога выпрацаваныя межведамаснай групай прапановы павінны былі быць перададзеныя прэзідэнту. Ніякай інфармацыі на гэты конт абнародавана не было. 

На 20 сакавіка 2017 г. была запланаваная нарада ў прэзідэнта, дзе ЦВК павінна была прадставіць вынікі працы міжведамаснай рабочай групы, але інфармацыі аб правядзенні такой нарады ні на сайце ЦВК ні ў медыя не з'яўлялася.

На пачатку красавіка 2017 г. прадстаўнікі кампаніі нагадалі, што раней ЦВК анансавала разгляд пытання імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ ў выбарчае заканадаўства Беларусі парламентам. Аднак у раскладзе паседжанняў дэпутатаў падчас веснавой сесіі Палаты прадстаўнікоў такога пытання не значылася.

Адсутнасць якой-небудзь публічнай інфармацыі адносна анансаваных уладамі Беларусі крокаў па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства краіны дазволіла праваабаронцам зрабіць высновы пра тое, што праца дзяржаўных органаў у гэтым напрамку замарожаная.  

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары", якую з 2008 года праводзяць РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна", з'яўляецца незалежнай і не ставіць за мэту падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні краінай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства