viasna on patreon

Праваабаронцы вітаюць працяг міжнароднага кантроля за сітуацыяй у Беларусі

2017 2017-06-23T16:51:24+0300 2017-06-25T20:43:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrdharaszti.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З нагоды падаўжэння Саветам па правах чалавека ААН мандата спецдакладчыка па Беларусі 23 чэрвеня выступілі FIDH (Міжнародная федэрацыя за правы чалавека) і Фонд Дамоў правоў чалавека.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і іх сяброўскія арганізацыі ў Беларусі разглядаюць прыняццё рэзалюцыі, якой быў працягнуты мандат спецдакладчыка, як рашучы адказ з боку СПЧ ААН на значнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Арганізацыі грамадзянскай супольнасці чакалі гэтага кроку.

Сустрэча праваабаронцаў з Міклашам Харасці ў Вільні 31 студзеня 2017
Сустрэча беларускіх і міжнародных праваабаронцаў са спецдакладчыкам ААН Міклашам Харасці ў Вільні.31 студзеня 2017 г.

У чарговы раз дыскусіі па трывожнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на парадку дня 35-й сесіі Савета па правах чалавека прывялі да прыняцця новай рэзалюцыі, падтрыманай большасцю дзяржаў-сябраў Савета, гаворыцца ў прэс-рэлізе FIDH.

“Сённяшняя рэзалюцыя з'яўляецца важным сігналам на адрас прэзідэнта Лукашэнкі, які знаходзіцца ва ўладзе цягам апошніх 23 гадоў: вы будзеце пад пільнай увагай міжнароднай супольнасці, пакуль не робіце ніякіх крокаў, каб гарантаваць асноўныя правы сваіх грамадзянаў”, — сказаў прэзідэнт FIDH Дзімітрыс Хрыстопулас.


“Галасаванне па Беларусі паказала гатоўнасць Савета па правах чалавека дамагацца прагрэсу на нацыянальным узроўні. Цяпер мяч знаходзіцца на баку ўладаў. Надышоў час распачаць супрацоўніцтва са Спецыяльным дакладчыкам і іншымі механізмамі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека, а таксама ўзяць на сябе абавязальніцтва па ажыццяўленні асноўных рэкамендацый, зробленых Спецыяльным дакладчыкам на працягу апошніх гадоў, якія з'яўляюцца выразнай дарожнай картай рэформаў у галіне правоў чалавека”, —
сказаў былы віцэ-прэзідэнт FIDH і старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі.

Фонд Дамоў правоў чалавека (HRHF) падкрэслівае, што, прыняўшы рашучую рэзалюцыю па Беларусі, падтрыманую большай колькасцю галасоў у параўнанні з 2016 годам, Савет па правах чалавека ААН адказаў на нядаўнія рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць мірных дэманстрантаў, а таксама шматлікія праблемы, агучаныя Фондам і яго партнёрамі.

“Вельмі важным з’яўляецца для беларускай грамадзянскай супольнасці той факт, што Спецыяльны дакладчык хутка і дакладна рэагуе на праблемы ў Беларусі і што яго ацэнка адпавядае нашай ацэнцы. Спецыяльны дакладчык і беларускія праваабаронцы маюць аднолькавую сістэму стандартаў, мы бачым сітуацыю з аднолькавага ракурсу; мы бачым праблемы і шляхі іх вырашэння. Мы па-ранейшаму працягваем чакаць, што дзяржава прызнае мандат і пачне супрацоўнічаць з ім, што будзе служыць выразным сігналам гатоўнасці да вырашэння існуючых праблем у галіне правоў чалавека”, — пракаментавала рашэнне Савета прэзідэнтка Беларускага дома правоў чалавека Таццяна Рэвяка.

“Беларусі як ніколі неабходна перагледзець сваю палітыку адмовы ад узаемадзеяння з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый, пачаць працэс супрацоўніцтва са Спецыяльным дакладчыкам, а таксама стварыць аснову для сапраўдных рэформаў у галіне правоў чалавека”, — сказаў кіраўнік праграмы адвакатавання Фонда Дамоў правоў чалавека Фларыян Ірмінгер.

Нагадаем, мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Савет па правах чалавека ААН увёў у 2012 годзе ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і ён з'яўляецца адзіным інструментам міжнароднай супольнасці па маніторынгу сітуацыі ў Беларусі. Урад Беларусі не прызнае мандат спецдакладчыка і адмаўляецца ад узаемадзеяння з ім. За ўсе гады Міклаш Харасці не меў магчымасці наведаць Беларусь, паколькі для гэтага неабходна афіцыйнае запрашэнне ўладаў. Пры падрыхтоўцы сваіх справаздачаў спецдакладчык выкарыстоўваў інфармацыю ад беларускіх праваабаронцаў, экспертаў, журналістаў, з якімі сустракаецца за межамі краіны, чэрпаў неабходныя звесткі з афіцыйных дакументаў, а таксама з перапіскі грамадзянаў Беларусі з іншымі праваабарончымі механізмамі ААН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства