Міклаш Харасці: Адмена майго мандата не павiнна быць узнагародай за паказныя рашэнні ўладаў Беларусі
Спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці на гэтым тыдні ў Вільні сустрэўся з беларускімі і міжнароднымі праваабаронцамі для абмеркавання прыярытэтаў далейшага ўзаемадзеяння. Паводле спадара Харасці, у пытанні падаўжэння свайго мандата сёлета ён настроены аптымістычна.
Падчас сустрэчы са спецдакладчыкам ААН, якая праходзіла 31 студзеня ў Беларускім Доме правоў чалавека, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый і ініцыятыў, іх міжнародныя калегі з Фонда Дамоў правоў чалавека, FIDH, Freedom House абмеркавалі шырокае кола пытанняў па сітуацыі ў Беларусі і актуальныя напрамкі супрацоўніцтва. Таксама Міклаш Харасці распавёў пра бягучую працу ў рамках свайго мандата і падзяліўся далейшымі планамі.
Характарызуючы становішча правоў чалавека ў Беларусі ў мінулым годзе, спецдакладчык ААН падкрэсліў: калі не было пагаршэнняў - не значыць, што былі паляпшэнні, бо ніякіх сістэмных рэформаў не праводзілася.
Сваю пазіцыю па асобных пытаннях спадар Харасці падрабязней пракаментаваў для сайта ПЦ "Вясна".
«На мой погляд, сёння ў Беларусі ў вайне дзяржавы супраць грамадства назіраецца тактычны мір. Гэты тактычны мір павінен пашырацца ў стратэгічны мір. У гэтым жа сутнасць. Бо «тактычны» азначае, што дзяржава ў кожны момант усё яшчэ мае легальныя і практычныя пазіцыі, адкуль яна можа пачаць бамбаваць грамадства. Трэба іх здаць. За гэта грамадзяне ўсіх краін у свеце і плацяць дзяржаве - каб яна была пазітыўнай у дачыненні да іх грамадзянскіх правоў. І трэба сказаць, што гэты тактычны мір у Беларусі створаны МЗСам, а ўсе іншыя міністэрствы працягваюць прыгнёт практычных правоў. То бок, яны па-ранейшаму сціскаюць руку ў кулак, але зараз сунулі яго ў кішэню. Але ж варта трымаць далоні адкрытымі і працягваць руку для поціску», - сказаў спецдакладчык наконт бягучай сітуацыі.
Гаворачы пра ўмовы працы праваабаронцаў у Беларусі і іх магчымасці ўзаемадзеяння з уладамі, ён выказаў свой погляд на ролю міжнародных арганізацый у гэтым працэсе:
«Асабліва цяжка прыходзіцца праваабарончым арганізацыям, калі яны незарэгістраваныя. Мяркую, што кіраўнік ААН у Мінску павінен больш пазітыўна працаваць з гэтымі арганізацыямі. На мой погляд, скандальна, што ён не запрашае незарэгістраваныя арганізацыі на важныя мерапрыемствы, тым самым практычна ўхваляючы іх нерэгістрацыю ў парушэнне міжнародных нормаў урадам... У першую чаргу, гэта зона адказнасці міжнародных арганізацый і дыпламатаў - стварэнне трыкутнікаў [для вырашэння праблемы прадстаўніцтва інтарэсаў грамадзянскай супольнасці ў працэсе прыняцця палітычных рашэнняў - рэд.], у якіх ўрад павінен будзе ўлічваць, што яны лічацца з гэтымі праваабарончымі арганізацыямі. І я заўсёды дзіўлюся: як гэта магчыма, што яны гэтага не робяць... Я не кажу, што міжнародныя арганізацыі ў чымсьці вінаватыя. Яны, вядома, саромеюцца быць цвёрдымі, таму што ўрад ім кажа «будзьце ж пазітыўныя з намі» - маральна гэта не вельмі лёгка...»
Распавядаючы пра свае планы, Міклаш Харасці паведаміў, што 3 лютага наведае АБСЕ ў Вене, куды запрошаны для абмеркавання сітуацыі ў Беларусі, паколькі Парламенцкая асамблея АБСЕ вырашыла правесці сваю летнюю сесію 2017 года ў Мінску. 6 - 7 лютага спецдакладчык разам з праваабаронцамі "Вясны" і FIDH з працоўным візітам будзе ў Бруселі. Да ўсяго, у Жэневе ён працуе над падрыхтоўкай чарговага дакладу пра становішча ў галіне правоў чалавека ў нашай краіне, які ў чэрвені будзе прадстаўлены ў СПЧ ААН, а ўвосень плануе прыняць удзел у працы Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку.
Сярод асноўных пытанняў, па якіх працягне працу спецдакладчык, ён назваў наступныя: свабода выказвання меркаванняў, адмена на прававым узроўні сістэмы папярэджанняў і допуск замежных інвестыцый у сродкі масавай інфармацыі, паляпшэнне сітуацыі з плюралізмам на тэлебачання і радыё, адмена блакавання і фільтрацыі інтэрнэт-сайтаў; свабода асацыяцый, адмена артыкула 193.1, адменена дазваляльнага і ўвядзенне заяўляльнага прынцыпу рэгістрацыі арганізацый; свабода сходаў, пазітыўны падыход уладаў да свабоды мірных сходаў і адмова ад пастаяннага пераследу іх удзельнікаў; смяротнае пакаранне.
«Гэта асноўныя грамадзянскія і палітычныя правы, і трэба дамагацца поўнага выкаранення негатыўнага падыходу да гэтых правоў», - падкрэсліў суразмоўца.
На пытанне наконт верагоднасці падаўжэння сёлета Саветам па правах чалавека мандата спецдакладчыка ААН па Беларусі Міклаш Харасці адзначыў, што чакае гэтага, паколькі, акрамя паказных дзеянняў, ніякіх рэальных крокаў па паляпшэнні сітуацыі ў краіне ўлады не зрабілі.
«Без сумневу, на ступень падтрымкі мандата ў мінулым годзе [з 47 дзяржаў-сябраў СПЧ ААН 15 прагаласавалі за адпаведную рэзалюцыю, 9 - супраць, 23 - устрымаліся - рэд.] паўплывала тое, што еўрапейскія санкцыі з Беларусі былі знятыя. Але неабходна падтрымліваць увагу да сітуацыі з правамі чалавека незалежна ад геапалітычнай узаемазалежнасці і пацяплення адносін паміж краінамі. Гэта цалкам натуральна: паколькі ў Беларусі дастаткова незалежная пазіцыя ў міжнародных дыскусіях па пытанні Украіны, паколькі Беларусь надае першараднае значэнне пытанню нацыянальнай незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, краінам з агульнымі прынцыпамі на захадзе еўрапейскага кантынента важна мець добрыя адносіны з гэтай краінай. Але дэлегацыі Еўрапейскага Саюза і іншых краін павінны зразумець, што геапалітычная тэма павінна быць аддзеленая ад пытанняў у галіне правоў чалавека. Гэта падманная логіка, якой нельга прытрымлівацца: па меры таго, як паляпшаецца міжнароднае становішча і геапалітычнае значэнне краіны, сітуацыя з правамі чалавека таксама атрымлівае больш станоўчых ацэнак, нават калі гэта не адпавядае рэчаіснасці.Цягам года ў Беларусі не адбылося нават самых мінімальных паляпшэнняў у заканадаўстве, у рэальнай палітыцы дзяржавы. Як у мінулым годзе, так і ў гэтым абсалютна ясным з'яўляецца тое, што гэтыя два пытанні павінны быць падзеленыя. Так што ў гэтым сэнсе я настроены аптымістычна.
Але, з іншага боку, я песіміст. Таму што рэальны аптымізм з'явіцца, калі мандат будзе адменены - паколькі адбудзецца паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека. Пакуль жа няма практычных паляпшэнняў, няма юрыдычных паляпшэнняў, няма супрацоўніцтва са мной, з мандатам. Парламенцкія выбары таксама не прынеслі ніякіх паляпшэнняў у параўнанні з папярэднімі кампаніямі, за выключэннем таго, што два апазыцыйныя кандыдаты былі абраныя для прадстаўлення міжнароднай супольнасці. Кажучы несур'ёзна, гэта паляпшэнне плюралізму на 200%.
Я лічу, што падаўжэнне мандата неабходна для таго, каб паслаць дзяржаве выразны сігнал, што акрамя гэтых паказных дзеянняў павінны быць рэальныя крокі. Адмена мандата не павiнна быць узнагародай за гэтыя паказныя рашэнні. Гэта мая пазіцыя. Я лічу, што логіка пераможа: рэальныя інтарэсы правоў чалавека будуць пераважаць і мандат будзе падоўжаны», - сказаў Міклаш Харасці.
Нагадаем, мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі СПЧ ААН увёў у 2012 годзе ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і ён з'яўляецца адзіным інструментам міжнароднай супольнасці па маніторынгу сітуацыі ў Беларусі. Урад Беларусі не прызнае мандат спецдакладчыка і адмаўляецца ад узаемадзеяння з ім. За ўсе гады Міклаш Харасці не меў магчымасці наведаць Беларусь, паколькі для гэтага неабходна афіцыйнае запрашэнне ўладаў. У сваёй працы спецдакладчык выкарыстоўвае інфармацыю ад беларускіх праваабаронцаў, экспертаў, журналістаў, з якімі сустракаецца за межамі краіны, чэрпае неабходныя звесткі з афіцыйных дакументаў, а таксама мае доступ да перапіскі грамадзянаў Беларусі з іншымі праваабарончымі механізмамі ААН.