viasna on patreon

"Мы ёсць". 17 траўня — Міжнародны дзень супраць гамафобіі

2024 2024-05-17T14:53:57+0300 2024-05-17T16:35:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lgbtk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 траўня адзначаецца Міжнародны дзень супраць гамафобіі. "Вясна" спытала актывістаў і праваабаронцаў, што важна сказаць у гэты дзень, і як справы з гамафобіяй у Беларусі.

Святлана Галаўнёва, юрыстка Праваабарончага цэнтра "Вясна"

"Каб памяншаць узровень любой дыскрымінацыі, важна рабіць актыўныя дзеянні. Недастаткова проста быць добрымі і добрымі. Трэба праактыўна нагадваць сабе і іншым, што такія практыкі, як гамафобія — гэта нездарова і негуманна

Ёсць такі стэрэатып, што беларусы і па-беларуску талерантныя. Але насамрэч у грамадстве ёсць праблемы як з расізмам, так і з гамафобіяй. "Справа ПІ" — яркі прыклад. А дзяржава ў нас яшчэ менш ліберальная, чым грамадства. Плюс цяпер улады вельмі арыентуюцца на Расею, вось і запазычаюць адтуль розныя гідкія практыкі [такія, як закон аб парнаграфіі]".

Мікалай, квір-актывіст і даследчык квір-супольнасці

"Важна памятаць, што па дадзеных ААН прыблізна ад трох да сямі адсоткаў насельніцтва будзе адносіцца да квір. Таму, калі браць па максімуму, то колькі тут атрымоўваецца? 700 тысяч квір-персон у Беларусі. І мы павінны рабіць гэтую агульную справу, мы павінны гэта дэмаргіналізіраваць, таму што людзі, якія адчуваюць сябе квір-персонай і якія жывуць у Беларусі, дастаткова маргіналізаваныя. Яны не прымаюцца грамадствам, соцыўмам, дзяржавай, зачастую яны не прымаюцца сям'ёй. І рэзультат — яны маюць вялікія псіхалагічныя і сацыяльныя праблемы. Пагэтаму гэты Дзень важны, безумоўна, але пра гэта трэба казаць не толькі 17-га мая, а а рэгуальна.

Як чалавек, які вывучае квір-супольнасць, я бачу, што нават у квір-персон, якія з'ехалі з Беларусі, усё роўна шмат праблем: людзі ходзяць на тэрапію, людзі змагаюцца са сваімі ўстаноўкамі негатыўнымі, якія яны атрымалі за жыццё ў Беларусі. Стаўленне да сябе —  шмат якія людзі дагэтуль адчуваюць сябе не такімі, як трэба, няправільнымі, хаця па факту гэта зусім не так, гэта проста "разнообразие внутри единства", як казаў нямецкі псіхолаг Курт Левін. Вось пра гэта "разнообразие внутри единства" трэба казаць: пра тое, што нармальны, жывы і здаровы соцыум тады будзе добра функцыяніраваць, калі ён будзе розны, разнастайны, калі яго будзе яднаць адна мэта. Адна мэта для нармальнага грамадства —  гэта роўнасць для ўсіх, не залежна, хто ты: мужчына, жанчына, чалавек з інваліднасцю, здаровы чалавек, бінарная персона, небінарная персона, дзіця ці пенсіянер.

Я думаю, што гамафобія ў Беларусі была заўсёды, проста яна была не такая наяўная, таму што людзі ў Беларусі хаваюцца. То бок калі б людзі былі больш open-minded, яны б сутыкнуліся з гэтай гамафобіяй. Ну вось я бяру інтэрв'ю таксама ў людзей, якія жывуць у Беларусі, і ўсе яны адказвалі мне: "Пра мяне ведаюць толькі на працы, ці толькі мая сям'я і мае блізкія, close friends, і гэта мне дазваляе адчуваць сябе камфортна". І яны так існуюць у сваёй бурбалцы. І яны самі па факту кажуць пра тое, што калі б яны за гэтую бурбалку выйшлі, то хутчэй за ўсё сітуацыя была б іншай. Усе памятаюць Мішу Пішчэўскага, якога гадоў 10 таму проста па факту пабілі, і ён потым памёр пасля комы. Я думаю, што такіх выпадкаў, як з Пішчэўскім, вельмі шмат, проста не ўсе так разгалошваюцца, проста няма такога артыкула у Крымінальным ці Адміністратыўным кодэксе за збіццё на падставе сэксуальнай арыентацыі, пагэтаму гэта неяк у іншае рэчышча ўводзіцца, проста як напад —  не афішуецца як напад за арыентацыю. Я ўпэўнены, што калі гэта было так, як трэба, такіх выпадкаў мы б ведалі нашмат болей. І таму, канешне, мы павінны пра гэта казаць, каб людзі памяталі пра гэты выпадак і каб гэтага больш ніколі не было. Таму што гэта жудасна, калі чалавек выйшаў проста з клуба — і з-за гэтага пазбавіўся жыцця.

Квір-людзі патрабуюць роўнасці, як і ўсе іншыя. Яны павінны мець такія самыя правы, як і іншыя. Напрыклад, узяць іпатэку агульную, ці усынавіць дзіцё, ці зрабіць завяшчанне адзін аднаму. Па факту гэтыя людзі, гэтыя сем'і, поўнасцю маргіналізаваныя. Гэта стварае вялікія праблемы.

Людзі, якія з'яўяюцца гамафобнымі, павінны разумець, што квір-персона —  гэта звычайны чалавек, які звычайна выглядае, ён нічым не адрозніваецца ад іншых, у яго такія самыя клеткі, у яго такія самыя жаданні. Адзінае, што яго адрознівае ад іншых, гэта проста sexual preferences. Усё! І калі-нікалі сустракаецца, што квір-персоны могуць стылістычна, візуальна выглядаць крыху па-іншаму, у адрозненні ад іншых людзей. Але гэта для таго, што яны паказваюць: "Паглядзіце на нас, мы ёсць". Яны звяртаюць так на сябе ўвагу, яны сігналізуюць грамадству сваім знешнім відам пра тое, што яны ёсць. Не трэба гэта ўспрымаць як нейкі напад на маральныя ўстоі ці традыцыйныя каштоўнасці. Ніводны квір-чалавек —  а я ведаю шмат —  не збіраецца нападаць на ніякія традыцыйныя каштоўнасці, ён проста хоча роўнасці ў першую чаргу, і ў апошнюю — роўнасці з усімі. Вось і ўсё".

Алег Ражкоў, сузаснавальнік праваабарончай ініцыятывы "Журналісты за талерантнасць"

"Гамафобія — гэта разнавіднасць ксенафобіі. Ксенафобія, як і ўсе астатнія фобіі, гэта нешта ірацыянальнае. Гэта калі наша рэакцыя шматкроць вышэй на нейкі трыгер, нейкі раздражняльнік, чым яна на самай справе мусіць быць. Гэта можа быць звязана з тым, што мы не ведаем шмат пра нейкую групу, альбо мы чагосьці падсвядома баімся з нагоды гэтай групы. І калі казаць пра ЛГБТК-людзей, то мне здаецца, што гамафобія шмат у чым развіваецца якраз-такі праз страх перад групай праз тое, што шмат намаганняў робяць беларускія ўлады для таго, каб змяшаць вобраз ЛГБТК-людзей з такімі паняццямі, як "педафілія", "некрафілія", і зрабіць яго нейкім небяспечным і драматычным.

Трэба разумець, што гамафобія перашкаджае ўсім. Як, натуральна, гома-, транс-, бісексуальным ды іншым людзям, так і людзям з гетэра-, цыс-супольнасці, таму што гамафобія будзе спрацоўваць і спрацоўвае не толькі на гома-, бісексуальнасць і трансгендарных людзях, але і на ўсіх людзей, што трапляюць пад візуальную катэгорыю, якія могуць быць падобныя проста на гома-, бісексуальных ды транслюдзей. Напрыклад, калі мужчына добра за сабой даглядае або калі ён прабіў сабе вуха і павесіў завушніцу, то на яго могуць глядзець і думаць, што ён гей, хоць ён можа быць гетэрасексуальным. І тады ён атрымае ўвесь той хейт і негатыў, які грамадства назапасіла для квір-людзей. Калі дзяўчына аддае перавагу больш мужнаму адзенню (мужчынскія кашулі і кароткую стрыжку), то вядома ж на яе могуць паляцець стрэлы, якія прызначаліся для лесбіянак, бісексуальных жанчын. Такім чынам, нават гетэрасексуальныя людзі аказваюцца ў пастцы стэрэатыпаў, праз якія грамадства можа бачыць гетэра- і квір-людзей.

І натуральна, пакутуе сама ЛГБТК-супольнасць, таму што яна аказваецца ў ізаляцыі, бо любая праява сваіх адносін да блізкіх людзей, да сваіх партнёраў, забаронена. І любая праява сябе як гома-, бі-, трансперсоны таксама будзе забаронена, таму што як толькі ты выяўляеш сваю ідэнтычнасць, якая можа выяўляцца ва ўсім: у голасе, у рухах, у думках, у творчасці — то ты адразу атрымліваеш негатыў, і людзям даводзіцца проста мімікраваць, хавацца, рабіць выгляд, што яны іншыя, марнаваць на гэта велізарную колькасць сіл, энергіі, пачынаючы ад здыму кватэры і прыдумвання нейкіх легенд на працы, для родных ці школы... І праз гэта ўсё ідзе ізаляцыя, а таксама вельмі складаная праблема як юрыдычнага плана (тут цэлы шэраг: немагчымасць патрапіць да свайго партнёра, калі ён знаходзіцца ў рэанімацыі, альбо атрымаць цела, калі ён не дай бог памёр, аформіць завяшчанне, аформіць наогул нейкім чынам юрыдычна маёмасць), так і праблемы, што чалавек проста не можа праяўляць блізкасць побач. Увогуле, праблем вельмі шмат у Беларусі, і сітуацыя становіцца толькі горшай у сувязі з тым, што дзяржаўная прапаганда абрала адной з груп, на якую накіраваная хваля мовы варожасці, якраз квір-супольнасць. Мне здаецца, гэта зроблена ў тым ліку для таго, каб нацкаваць беларусаў як мага больш адзін з адным, таму што ксенафобія наогул у цэлым гэта вельмі эфектыўны інструмент для аўтарытарных рэжымаў. Для аўтарытарнага рэжыму важна, каб грамадства не было маналітным, каб яно не змагло збірацца і аб'ядноўвацца ў любыя малыя або вялікія групы, і не дай бог гэтыя групы маглі дарасці да такога памеру, каб канкураваць з групай, што захапіла ўладу. Таму мэта прапаганды — гэта, вядома ж, разбіць людзей як мага на меншыя групкі і зрабіць так, каб унутры гэтых груп людзі адно на аднаго коса глядзелі, з недаверам. І менавіта на гэта працуе прапаганда — яна актывуе нашу ксенафобію, якая ёсць у кожным чалавеку, бо гэта магчымасць распазнаваць, дзе "свае", а дзе "чужыя", дык вось прапаганда робіць так, каб "чужыя" былі ўсе вакол, а квір-людзі — гэта ідэальны чужынец: выглядаюць сапраўды гэтак жа, гавораць на такой жа мове, колер скуры такі ж, такі ж бэкграўнд, але яны нарадзіліся з асаблівасцю: у іх адрозніваецца іх гендарная ідэнтычнасць альбо сексуальная арыентацыя ад большасці, і таму адрозніваюцца паводзіны. І так, гэта вельмі круты трыгер.

Чужынцам можа быць хто заўгодна, таму пасыл прапаганды такі: "ЛГБТ-людзі небяспечныя, яны сярод нас, і мы павінны іх знайсці", і людзі ходзяць і спрабуюць іх знайсці, і перанакіроўваюць усю агрэсію на гэтую групу.

Хачу сказаць і пра закон аб парнаграфіі, які быў нядаўна прыняты, і незразумела, якая будзе яго практыка прымянення. Таму што любое згадванне, па ўсёй бачнасці, прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці ў публічнай прасторы будзе "парнаграфіяй". То бок, калі квір-чалавек кажа пра свой досвед — гэта парнаграфія, калі СМІ транслюе гэтую інфармацыю — гэта распаўсюд парнаграфіі, і такім чынам атрымліваецца, што наогул квір-, ЛГБТК-людзей цяпер проста закэнселілі ў любой публічнай прасторы. Гэта значыць людзі ёсць, але пра іх забаронена казаць услых, ды ім забаронена казаць пра сябе, і гэта вельмі страшна. Гэта значыць з аднаго боку ёсць прапаганда, якая спрабуе надзець на гэтую групу нейкія страшныя паняцці, якія да гэтай групы не маюць ніякага дачынення, а з іншага боку ім забаронена сказаць ці паказаць, што яны з'яўляюцца не тым, кім іх называюць. І гэта ператвараецца ў нейкі сюррэалізм.

Я прывяду прыклад: напрыклад, гэта раўназначна таму, калі мы б сказалі, што на планеце Зямля існуюць толькі мужчыны, што людзі — гэта мужчыны, і жанчын не існуе. І сказалі таксама, што любая інфармацыя, што існавалі альбо існуюць жанчыны, забароненая. І тое, што жанчынам забаронена казаць, што яны жанчыны. І калі яны скажуць, што яны жанчыны, альбо нехта іншы скажа пра жанчын у эфіры, то гэта будзе парнаграфія, і за распаўсюд такой інфармацыі будзе тэрмін да трох гадоў. Вось што зараз адбываецца. Квір-людзям і ЛГБТК забараняюць казаць пра тое, што яны існуюць, забараняюць казаць аб сваім вопыце, і любое згадванне пра іх будуць выдаляць з публічнай прасторы, і горш усім гэта будзе маладому пакаленню. Бо ад таго, што мы не будзем называць рэчы сваімі імёнамі, ЛГБТК людзі не перастануць нараджацца. Яны нараджаліся заўсёды і будуць, гэта проста статыстычная выбарка: 10% будзе гома- бісексуальным, трансгендарным, і гэтыя людзі будуць проста сталець, як напрыклад маё пакаленне без інтэрнэту сталела, і проста не будуць бачыць ролевых мадэляў вакол сябе, і яны проста не будуць разумець, што з імі адбываецца, яны не будуць разумець, што яны адрозніваюцца, але ў іх проста будзе вельмі шмат складаных гадоў і вельмі многія псіхічна проста моцна пацерпяць перад тым, як ім трапіцца інфармацыя пра такіх, як яны, і яны зразумеюць, што з імі рабілі ўвесь гэты час".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства