viasna on patreon

"Ім было забаронена пісаць і казаць пра грып". Як родным даведвацца пра стан здароўя палітвязня

2024 2024-05-17T18:09:05+0300 2024-05-17T18:09:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/adsutnasc_medycznai_dapamohi_1_iljustracyja_volha-prankevicz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Медычная дапамога ў месцах зняволення — мабыць, самая трывожная праблема не толькі для вязняў, але і для іх родных. Праз жорсткія умовы ўтрымання ў людзей пагаршаецца здароўе, абвастраюцца хранічныя захворванні, пачынаюцца праблемы з псіхалагічным здароўем. Пры гэтым атрымаць якасную і своечасовую дапамогу практычна немагчыма. Зняволеныя з сур'ёзнымі захворваннямі месяцамі не могуць дамагчыся абследаванняў, а пасля гэтага могуць не атрымаць іх вынікі. Лекі і вітаміны зняволеным можна перадаваць толькі па заяве і ўзгадненні з турэмным лекарам, але медыцынская перадача ў выніку можа так і не дайсці да іх. Родныя зняволеных часта не могуць дамагчыся ад адміністрацыі ўстановы інфармацыі пра стан іх здароўя, вынікі аналізаў і абследаванняў. Акрамя гэтага, адміністрацыя часам спецыяльна хавае інфармацыю пра масавыя захворванні сярод вязняў і забараняюць ім паведамляць пра гэта нават у лістах.

Да Дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі "Вясна" паразмаўляла з блізкімі палітвязняў аб праблемах з медычнай дапамогай у месцах зняволення. Таксама праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае пра магчымыя спосабы абароны правоў зняволеных ва ўмовах аказання ім няякаснай і несвоечасовай дапамогі, а псіхалагіня Кацярына дзеліцца парадамі пра тое, як родным размаўляць са зняволенымі пра стан іх здароўя, як іх падтрымліваць падчас хваробы і як пераносіць стан няведання пра блізкіх.

adsutnasc_medycznai_dapamohi_1_iljustrac

Праблемы з медычнай дапамогай у месцах зняволення

Па стане на 17 мая 2024 года ў зняволенні знаходзяцца мінімум 1 365 палітвязняў, з якіх не менш за 254 чалавекі знаходзяцца ў асаблівай рызыцы. З 2021 года ў месцах няволі памерлі шэсць палітвязняў, якіх не змаглі выратаваць, своечасова аказаўшы якасную медыцынскую дапамогу. Гэта Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч.

Беларускія суды адпраўляюць людзей за краты, нягледзячы на ўзрост і сур'ёзныя захворванні, пры гэтым маючы магчымасць прызначыць чалавеку пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. У няволі знаходзяцца людзі з анказахворваннямі, эпілепсіяй, цукровым дыябетам, цырозам печані ды іншымі сур'ёзнымі захворваннямі. Умовы ў ізалятарах, турмах, ПУАТ і калоніях толькі пагаршаюць іх стан. Але медыцынская дапамога з'яўляецца асноўнай праблемай пенітэнцыярнай сістэмы, якую часам выкарыстоўваюць у якасці дадатковага ціску на людзей.

"Я, напэўна, проста памру тут": хто з палітвязняў знаходзіцца ў асаблівай рызыцы за кратамі

Па стане на 6 траўня 2024 году праваабаронцам вядома не менш чым пра 254 палітвязня, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы.

Зняволеныя з моманту затрымання знаходзяцца ў стане пастаяннага стрэсу, не атрымліваюць дастатковую колькасць вітамінаў, не маюць магчымасці часта бываць на свежым паветры, а святло ў камерах спрыяе рэзкаму пагаршэнню зроку.

Са шматлікіх сведчанняў пацярпелых ад рэпрэсій праваабаронцам стала вядома, што заключэнне, як кароткатэрміновае так і доўгатэрміновае, прыводзіць да такіх праблем, як выпадзенне валасоў, пагаршэнне зроку, страта або набор вагі, дэпрэсія, цысціт, страта менструацыі, праблемы з зубамі, страўнікам і скурай, трывожнасць і псіхалагічна цяжкі стан, праблемы са сном.

Па словах родных палітвязняў, сітуацыя з медычнай дапамогай у СІЗА крыху лепшая, чым у калоніі. У ізалятар прасцей перадаць лекі і няма абмежаванняў у іх колькасці. Хоць з кастрычніка 2023 года сітуацыя змянілася: па ўказанні дэпартамента выканання пакарання (ДВП) медычныя перадачы родныя могуць перадаваць толькі па дазволе турэмнага лекара пасля заявы самога зняволенага. Таму працэс перадачы неабходных лекаў і вітамінаў зацягваецца праз працяглае ўзгадненне з лекарам.

Такі прынцып дзейнічае і ў калоніях, вось толькі медычная перадача можа так і не дайсці да зняволенага, ці можа праляжаць у медчастцы некалькі тыдняў. Акрамя гэтага, трапіць да лекара можна толькі па запісе праз некалькі месяцаў праз чэргі. Пры пераводзе ў калонію ў зняволеных забіраюць усе медычныя прэпараты і нават акуляры для зроку. У калоніях дазвол на нашэнне акуляраў людзі чакаюць па некалькі месяцаў, пры гэтым вымушаныя хадзіць на працу без іх.

Па словах сваячкі палітзняволенай (імя не называецца ў мэтах бяспекі), якая цяпер адбывае пакаранне ў жаночай калоніі, адміністрацыя папраўчай установы часам наогул не дае ніякай інфармацыі, спасылаючыся на лекарскую таямніцу.

"Было такое, што ў медчастцы паняцця не мелі пра хваробы роднай. Даводзілася асабіста прасіць сустрэчы з начальнікам медчасткі СІЗА і прасіць аб нейкай дапамозе.

Медыкаменты адпраўляла шмат разоў. Былі сітуацыі, калі іх проста вярталі назад (з нагоды непатрэбнасці). Былі сітуацыі, калі іх забіралі з пошты і проста не аддавалі роднай. Таксама неяк здарылася сітуацыя, што ёй выпісалі лекі, якіх у калоніі няма і па рэцэпце яна папрасіла мяне іх купіць. Лекі былі набытыя і адпраўленыя, але яна іх доўга не атрымлівала. Ці атрымала яна іх цяпер — невядома, але застаецца спадзявацца, што так".

Акрамя гэтага, па словах блізкіх, палітзняволеная атрымлівала замест належных двух таблетак у дзень толькі дзве таблеткі ў тыдзень.

"Галоўнае, захаваць здароўе". 21 траўня — Дзень палітвязняў

Праваабарончы цэнтр "Вясна" вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі.

Сітуацыя са здароўем у няволі рэзка пагаршаецца, калі вязняў адпраўляюць у ШІЗА, дзе большую частку года вельмі холадна. Там не прадугледжанае цёплае адзенне, таму палітвязні часта хварэюць. Медычная дапамога там практычна не аказваецца. У такіх умовах іх могуць утрымліваць некалькі месяцаў запар.

Зубы ў няволі вылекаваць практычна немагчыма — іх не лечаць, пломбы ставяць рэдка, таму хворыя зубы прапануюць проста вырываць. Праз няякасную ежу і недахоп вітамінаў зубы ў зняволеных проста ламаюцца.
Пры гэтым адміністрацыя месцаў пазбаўлення волі часта не вызваляе людзей ад працы нават пры сур'ёзных захворваннях. Паводле сведчанняў былых палітвязняў, некаторых нават не пераводзяць на больш лёгкія працы. Іх адпраўляюць працаваць з тэмпературай, ВРВІ ды іншымі хваробамі.
Атрымаць кваліфікаванае лячэнне за межамі месцаў несвабоды практычна немагчыма. Так, напрыклад, у анкахворага Паўла Кучынскага прагрэсуе хвароба, а курсы хіміятэрапіі яму не дапамагаюць. У яго была кансультацыя з лекарамі з нагоды перасадкі касцявога мозгу, але праз заключэнне і ўмоваў утрымання зрабіць гэта немагчыма.

"Было забаронена пісаць і казаць пра грып"

Для родных палітвязняў велізарная праблема — даведацца пра стан свайго блізкага. З магчымых спосабаў — лісты, тэлефанаванні, спатканні і сустрэчы з адвакатам. Але часта асуджаных пазбаўляюць усяго гэтага за выдуманыя парушэнні. Акрамя гэтага, некаторых палітвязняў месяцамі ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада (без сувязі са знешнім светам), таму адзіная магчымасць даведацца пра іх стан у такіх умовах — паспрабаваць удакладніць праз іншых зняволеных ці тых, хто нядаўна вызваліўся з месцаў няволі.

Вядома, што ў сакавіку ў наваполацкай калоніі № 1 здарылася эпідэмія каросты. Пры гэтым асуджаным забаранілі пра гэта паведамляць родным.

"У лістах і тэлефонных званках ім было забаронена пісаць і казаць, калі яны хварэлі зімой на грып. 80 адсоткаў атрада хворыя хадзілі на працу. Пра каросту таксама схавалі. Лячылі ад алергіі", — дзеліцца сваячка зняволенага ПК-1.

"Закон не абавязвае адміністрацыю калоній і СІЗА паведамляць родным пра стан здароўя зняволенага"

Павел Сапелко. Фото:

Пра магчымыя спосабы атрымання інфармацыі пра стан здароўя палітвязня і пра магчымасці абскарджання парушэння правоў чалавека — распавядае праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка:

"Сітуацыя з медычнай дапамогай у месцах несвабоды з'яўляецца вытворнай ад стану беспакаранасці, калі любыя недахопы ў арганізацыі медычнай дапамогі альбо спісваюцца ўладамі на аб'ектыўныя цяжкасці, альбо адмаўляюцца, а ў частых выпадках яшчэ і выкарыстоўваюцца для ўзмацнення ціску на палітвязняў.

Родныя могуць наўпрост ці спакваля распытваць пра сітуацыю ў сваіх блізкіх у зняволенні, асабліва падчас спатканняў. Іншых надзейных шляхоў даведацца пра стан здароўя асуджаных практычна няма, бо закон не абавязвае (хутчэй абмяжоўвае ў праве) адміністрацыю калоній і СІЗА паведамляць родным такія звесткі. Тым не менш, калі родным вядомыя нейкія важныя абставіны, якія пагражаюць жыццю і здароўю асуджанага, іх варта пісьмова або на асабістым прыёме выкласці ў адрас адміністрацыі ўстановы, а ў выпадку нездавальняючага разгляду звароту — ва ўпраўленне Дэпартамента выканання пакарання. Трэба ўлічваць тую акалічнасць, што любыя скаргі могуць негатыўна адбіцца на зняволеным, таму карыстацца гэтым сродкам варта ў сапраўды важных выпадках, калі наступствы маўчання могуць быць сур'ёзней.

Ва ўмовах інкамунікада пра гэта можна даведацца толькі праз зняволеных, што вызваліліся, і якія мелі ў сілу абставінаў доступ да інфармацыі, аднак такія ўмовы [інкамунікада] ўведзеныя былі наўмысна, а значыць за іх выкананнем вядзецца кантроль, таму інфармацыя татальна абмежаваная".

Куды можна звярнуцца ў выпадку, калі інфармацыю ва ўстанове не даюць, а ад чалавека няма вестак?

"Мы можам прапанаваць абскардзіць дзеянні адміністрацыі ўстановы, альбо паведаміць пра гэты выпадак у міжнародныя арганізацыі — напрыклад спецыяльным працэдурам ААН, юрысты "Вясны" гатовыя аказаць у гэтым падтрымку. У адказе на скаргу або ў адказе дзяржавы, накіраваным спецпрацэдурам, можа быць нейкая змястоўная інфармацыя пра сваяка".

Чаму ў калоніях зняволеным не выдаюць лекі, перададзеныя ім ад родных, і як дамагацца іх выдачы?

"Трэба ў першую чаргу разумець, што многія забароны ўстаноўленыя адвольна, і процідзейнічаць ім на падставе закона цяжка. У цэлым, правілы такія: медыкаменты "на рукі" спецкантынгенту не выдаюцца, прыём лекаў ажыццяўляецца ў прысутнасці медработніка. Выключэнне могуць складаць лекавыя прэпараты, якія не з'яўляюцца наркатычнымі, атрутнымі або моцнадзейнымі рэчывамі, пры неабходнасці іх працяглага бесперапыннага прыёму. Пытанне аб выдачы гэтых прэпаратаў на рукі хвораму вырашаецца начальнікам медычнай часткі ў індывідуальным парадку ў адпаведнасці з прызначэннем лекара.

У неабходных выпадках дазваляецца атрыманне ад сваякоў хворых, якія знаходзяцца на лячэнні ў медчастцы (лякарні) установы крымінальна-выканаўчай сістэмы, медычнай бандэролі або перадачы з лекавымі прэпаратамі, а таксама з прадметамі і вырабамі медычнага прызначэння па заключэнні начальніка медычнай часткі (начальніка аддзялення лякарні) установы". У гэтых вось нявызначаных "могуць складаць", "у неабходных выпадках", "дазваляецца" і ўтрымліваецца запас для прыняцця любога, нават самага нелагічнага рашэння. Ёсць яшчэ адно абмежаванне: "прымяненне ў бальніцы лекавых прэпаратаў, не зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і якія не маюць сертыфіката якасці, забараняецца". У любым выпадку, мы гатовыя падтрымаць і дапамагчы з абскарджаннем такіх выпадкаў".

Ці ёсць у зняволеных магчымасць дамагчыся вызвалення ад цяжкай працы ў калоніі на час хваробы або пры сур'ёзных захворваннях?

"Паводле інструкцыі па медычным забеспячэнні асоб, якія ўтрымліваюцца ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, "пры ўстанаўленні факта часовай непрацаздольнасці і неабходнасці вызвалення яго ад працы па хваробе робіцца адпаведны запіс у медычнай амбулаторнай карце, часопісе рэгістрацыі амбулаторных хворых, а таксама часопісе папярэдняга запісу на амбулаторны прыём. Лекар дае хвораму вызваленне ад працы аднаасобна ў межах шасці каляндарных дзён. Забараняецца даваць вызваленне ад працы завочна, абавязковым з'яўляецца таксама агляд хворага пры падаўжэнні вызвалення ад працы і перад выхадам на працу. Падаўжэнне вызвалення ад працы ў неабходных выпадках звыш шасці каляндарных дзён вырабляецца пасля ўзгаднення з начальнікам медычнай часткі і агляду ім хворага, што засведчваецца яго подпісам у медычнай амбулаторнай карце. Вызваленне ад працы гэтымі лекарамі можа працягвацца адначасова на тэрмін не больш чым на дзесяць каляндарных дзён і на агульны тэрмін не больш чым на трыццаць каляндарных дзён. Пытанне аб далейшым падаўжэнні вызвалення ад працы ў неабходных выпадках вырашаецца УКК ўстановы крымінальна-выканаўчай сістэмы з абавязковым абгрунтаваннем падаўжэння вызвалення. Лячэнне або абследаванне ва ўмовах стацыянара медычнай часткі ці лякарні з'яўляецца падставай для вызвалення ад працы".

Зразумела, што асноўнай праблемай заўсёды было бесперашкодна атрымаць аб'ектыўны дыягназ і адпаведнае вызваленне ад працы, і адной з прычын з'яўляецца тое, што турэмная медыцына непадкантрольная Міністэрству аховы здароўя, асуджаныя і іх прадстаўнікі вымушаныя "шукаць праўду" усё ў тых жа калідорах МУС".

Ці могуць зняволеныя атрымліваць кваліфікаваную медычную дапамогу пры неабходнасці за межамі месцаў зняволення?

"Паводле агульнага правіла, пры адсутнасці ў папраўчых установах магчымасці аказання хуткай або планавай медычнай дапамогі неабходная медычная дапамога аказваецца асуджаным у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя. Для следчых ізалятараў правіла ў законе выкладзена некалькі інакш, але сэнс – той жа. Аднак па ўстоянай практыцы адміністрацыя ўстаноў неахвотна карыстаецца дапамогай грамадзянскіх медыкаў, і механізмаў пераламаць гэтую практыку няма".

Якія ў родных ёсць механізмы дапамогі зняволеным пры хваробах, хранічных або сур'ёзных захворваннях?

"Парада адна: шукаць усе магчымыя спосабы атрымаць гэтую дапамогу. Напрыклад, пераконваць адміністрацыю ПУ або СІЗА з дадаткам дакументаў у наяўнасці хранічных праблем, звяртацца пісьмова ў ДВП, у крайнім выпадку — у міжнародныя арганізацыі, звяртаючы ўвагу на гуманітарны складнік".

Чаму ў месцах пазбаўлення волі зняволеныя не могуць атрымаць хуткую медычную дапамогу?

"Хутчэй за ўсё ў папраўчых установах па-ранейшаму захоўваецца істотны дэфіцыт кваліфікаваных кадраў, а таксама адсутнічае воля да выпраўлення сітуацыі, што перашкаджае шукаць альтэрнатывы турэмнай медыцыне. Ужо згаданая беспакаранасць дае шырокія магчымасці не турбавацца аб наступствах такога становішча спраў".

"Сітуацыя мяжуе з узроўнем злачынства". Павел Сапелка — пра турэмную ахову здароўя

Публікуем інтэрв'ю з праваабаронцам "Вясны" Паўлам Сапелкам, у якім гаворым пра тое, што ўключае сябе права на здароўе ў зняволенні, чаму менавіта яно стала тэмай Дня палітвязняў-2024 і што сёння можа зрабіць кожны з нас для захавання здароўя палітвязняў.

"Важна не захрасаць у трывожных перажываннях і факусавацца на канкрэтных бліжэйшых задачах"

"Вясна" папрасіла псіхалогію Кацярыну расказаць, як родным размаўляць са зняволенымі пра стан іх здароўя, як іх падтрымліваць падчас хваробы і ў чым знаходзіць падтрымку, калі няма вестак адд блізкага.

Як родным гаварыць са зняволенымі пра іх стан здароўя?

"Можа быць шмат прычын, чаму палітвязні не паведамляюць пра сваё здароўе. Напрыклад, стан можа быць нармальным, або яны самі не ўпэўненыя ў чым праблема і на колькі сур'ёзная, а магчыма баяцца, што перадача звестак пагоршыць для іх сітуацыю або думаюць, што іх ліст усё роўна не дойдзе ды інш. Аднак бываюць і выпадкі, калі палітвязні, перажываючы за блізкіх, не хочуць іх хваляваць нейкімі непрыемнымі навінамі пра здароўе. Калі ў мінулым блізкія востра рэагавалі на навіны, напрыклад, пра прастуду, гэта можа падмацаваць ідэю не пісаць пра здароўе і не прычыняць гэтым боль, не справакаваць пагаршэнне самаадчування і іншае.

На жаль, няма чароўных слоў, якія могуць гарантаваць сваякам атрыманне звестак пра здароўе. Тым не менш адной з стратэгій аргументацыі можа быць падрабязнае тлумачэнне вашых патрэбаў ў звестках пра здароўе, чаму для вас важная гэтая інфармацыя, ўдакладненне, што невядомасць страшыць больш, чым непрыемная пэўнасць. Такім чынам, гэта аргументацыя аб тым, што адсутнасць інфармацыі робіць не лепш, а горш, што гэты шчыры акт клопату можа падмацоўваць трывогу пра здароўе палітвязня. Таксама можна выкарыстоўваць асабісты прыклад чалавека, удакладніць, хацеў бы ён ці яна атрымліваць дакладныя звесткі пра здароўе блізкіх ці хацелі б, каб ад яе ці яго хавалі інфармацыю?

Яшчэ можна ўдакладніць, па якой прычыне чалавек гэтую інфу не паведамляе. Магчыма, там знойдуцца важкія аргументы, і падстава для дыялогу.

Далей можна паспрабаваць дамовіцца: у якіх выпадках, на якіх умовах і ў якой частаце/аб'ёме, палітвязні і блізкія будуць пісаць пра здароўе. З іншага боку, блізкім спатрэбіцца праявіць давер і павагу да рашэнняў зняволенага".

Як родным пісаць пра здароўе і справы сям'і?

"Гэтае пытанне можна задаць самім палітвязням: якія звесткі ад блізкіх важна атрымліваць? Гэта дасць індывідуальны адказ. Калі адказваць увогуле, то гаворка ідзе аб агульным дабрабыце: інфармацыі пра здароўе, харчаванні, ці хапае грошай на неабходныя выдаткі, ці дастаткова адпачынку і падтрымкі, ці няма нейкіх пагроз (прыклад: выклікалі ў суд, пажар, ДТЗ і інш)".

Як можна падтрымліваць зняволенага падчас хваробы?

"Можна спытаць у іх саміх. Напісаць, што вельмі хочацца падтрымаць, але не ведаеце, як лепш гэта зрабіць на адлегласці. Можна прапанаваць некалькі варыянтаў, напрыклад, словы падтрымкі, нейкія гісторыі ці крыжаванкі/гульні, каб адчуць сябе лепей, або намаляваная ад рукі паштоўка з пажаданнем выздараўлення і гэтак далей".

Як родным падтрымліваць сябе, калі ад палітвязняў месяцамі няма вестак?

"Гэта вельмі аб'ёмнае пытанне і залежыць ад стану чалавека. У першую чаргу, гэта, напэўна, адсачыць свой стан і ўсвядоміць неабходнасць падтрымкі, а таксама заматываваць сябе на змены, адказаўшы на пытанне, навошта яна патрэбна і што дасць. Важна не захрасаць у трывожных перажываннях і факусавацца на канкрэтных бліжэйшых задачах, якія можна кантраляваць. Таксама карысна скласці спіс таго, што раней падтрымлівала самаадчуванне ці патэнцыйна можа дапамагчы. Гэта могуць быць, напрыклад, шпацыр парку або ванна, назіранне за аблокамі ці нейкія хобі, якія ёсць ці закінулі, а таксама зносіны, наведванне культурніцкіх месцаў ды іншае".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства