viasna on patreon

"Сітуацыя мяжуе з узроўнем злачынства". Павел Сапелка — пра турэмную ахову здароўя

2024 2024-05-15T16:00:00+0300 2024-05-20T16:02:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/action03_pavel_sapelko.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" сёлета тэмай Дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі вызначыў права на здароўе і медыцынскую дапамогу ў зняволенні. На працягу тыдня мы будзем дзяліцца матэрыяламі на гэтую тэматыку. Сёння мы публікуем інтэрв'ю з праваабаронцам "Вясны" Паўлам Сапелкам, у якім гаворым пра тое, што ўключае сябе права на здароўе ў зняволенні, чаму менавіта яно стала тэмай Дня палітвязняў-2024 і што сёння можа зрабіць кожны з нас для захавання здароўя палітвязняў.

action03_pavel_sapelko.jpg
Павел Сапелка падчас акцыі да Дня палітвязняў у 2023 годзе

Якая сёння сітуацыя з медыцынскай дапамогай у месцах несвабоды Беларусі?

"Гэтая сітуацыя мяжуе з узроўнем злачынства, і часта дасягае яго. Для многіх зняволеных недахопы турэмнай аховы здароўя – гэта сур'ёзны, але толькі адзін з фактараў узмацнення жорсткасці ўмоў утрымання, але для некалькіх сотняў палітвязняў праз іх узрост і стан, недахопы сістэмы – гэта небяспечна прамы шлях да таго, што здароўе можа непапраўна пагоршыцца. Пра ўзаемаадносіны з турэмнай медыцынай атрыманыя дзясяткі сведчанняў былых палітвязняў і былых асуджаных, яны часам гнятуць. Здаецца, гэтая сістэма шмат у чым расчалавечаная, і праблема тут не толькі і не столькі ў аб'ектыўных абставінах, яна ў беспакаранасці.

Пра сітуацыю ў месцах зняволення лепш за ўсё кажа той факт, што ўжо як мінімум шэсць палітвязняў, што загінулі ў месцах несвабоды – і тут мы павінны нагадаць пра тое, што адказнасць за іх жыццё нясуць не толькі тыя, хто выконваў адвольныя прысуды, але і тыя, хто гэтыя прысуды выносіў, хто жангляваў правам у абарону інтарэсаў таталітарнай улады. Усе тыя, хто ўцягнуты ў ажыццяўленне рэпрэсій павінны разумець, што ёсць даволі выразная лінія, што аддзяляе шараговых выканаўцаў злачынных намераў уладаў, якія ўстрымліваюцца ад наўпроставай і грубай знявагі нормаў права і маралі, ад тых, хто здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці, па якіх няма тэрмінаў даўнасці прыцягнення да адказнасці, якія ў дэмакратычным свеце ўсё шырэй і часцей расследуюцца, трапляюць у суды і завяршаюцца вынясеннем прысудаў".

Што ўключае права на здароўе ў зняволенні?

"Права на здароўе належыць чалавеку незалежна ад таго, пазбаўлены ён волі, і ўключае ў сябе, па вызначэнні Камітэта па эканамічных, сацыяльных і культурных правах ААН, наступныя фактары:

  • бяспечная пітная вада і адэкватныя санітарныя ўмовы;
  • бяспечнае харчаванне,
  • нармальная ежа і адэкватнае жыллё;
  • спрыяльныя для здароўя ўмовы працы і знешняе асяроддзе;
  • асвета ў галіне здароўя;
  • роўнасць палоў.

Права на здароўе ахоплівае свабоды — у прыватнасці свабоду ад катаванняў ды іншых жорсткіх або бесчалавечных відаў абыходжання або пакарання. Права на здароўе прадугледжвае магчымасць карыстацца пэўнымі правамі:

  • правам на сістэму аховы здароўя, якая прадастаўляе ўсім роўныя магчымасці для рэалізацыі найвышэйшага дасягальнага ўзроўню здароўя;
  • права на прафілактыку, лекаванне і папярэджанне захворванняў,
  • доступ да лекавых сродкаў першай неабходнасці;
  • права на мацярынскае, дзіцячае і рэпрадуктыўнае здароўе;
  • роўны і своечасовы доступ да першаснай медыка-санітарнай дапамогі;
  • даступнасць асветы ды інфармацыі ў галіне здароўя.

Установы, тавары і паслугі аховы здароўя павінны быць даступныя кожнаму чалавеку без ніякай дыскрымінацыі, яны павінны адпавядаць належным навуковым і медыцынскім стандартам і адрознівацца высокай якасцю. Для гэтага лічыцца неабходным наяўнасць кваліфікаванага медыцынскага персаналу, навукова правераных і прыдатных медыкаментаў і медычнага абсталявання".

Якіх міжнародных стандартаў Беларусь павінна прытрымлівацца ў гэтым плане?

"Паказчыкі ў галіне аховы здароўя маюць дачыненне да Мэтаў устойлівага развіцця, забеспячэння здаровага ладу жыцця і садзейнічання дабрабыту для ўсіх у любым узросце — гэта адна з 17 мэт, што распрацаваныя і падтрымоўваюцца Генеральнай Асамблеяй ААН. Па шэрагу паказчыкаў стан у гэтай галіне ў Беларусі ў цэлым ацэнены нізка — і гэта гаворка ідзе пра вынікі ў ахове здароўя наогул, без уліку спецыфікі ўстаноў несвабоды.

Акрамя стандартаў, якія вынікаюць з палажэнняў Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, пра якія гаварылася вышэй, варта згадаць мінімальныя стандартныя правілы арганізацыі Аб'яднаных Нацый у дачыненні да абыходжання са зняволенымі — Правілы Нэльсана Мандэлы:

Правілы 31-34 і 46 надзяляюць важнымі паўнамоцтвамі і абавязкамі медыцынскіх работнікаў устаноў несвабоды, у прыватнасці:
a) абавязак ахоўваць фізічнае і псіхічнае здароўе зняволеных ды прафілактыка і лячэнне хваробы толькі на падставе клінічных перадумоў;
b) захаванне прынцыпу самастойнага падыходу зняволеных да свайго ўласнага здароўя і ўсвядомленай згоды ў адносінах паміж лекарам і пацыентам;
с) канфідэнцыяльнасць медычнай інфармацыі, калі толькі гэта не стварае рэальнай і непасрэднай пагрозы пацыенту або іншым асобам;
d) абсалютная забарона актыўна або пасіўна ўдзельнічаць у дзеяннях, што могуць уяўляць сабой катаванні або іншыя жорсткія, бесчалавечныя або тыя, што прыніжаюць годнасць, віды абыходжання або пакарання, уключна з медычнымі або навуковымі доследамі.

Згодна з правілам 69 асобы, названыя самім зняволеным для мэтаў атрымання інфармацыі пра яго здароўе, інфармуюцца кіраўніком месца заключэння аб сур'ёзным захворванні, цялесным пашкоджанні або пераводзе зняволенага ў медычную ўстанову;
Правіла 109 падкрэслівае неабходнасць асаблівага ўліку стану здароўя зняволеных: тых, у якіх пазней дыягнаставаны цяжкі стан здароўя, для якіх далейшае знаходжанне ў турэмных умовах будзе азначаць пагаршэнне іх стану, не варта ўтрымліваць у турэмных установах; у выпадку неабходнасці яны могуць назірацца і праходзіць лячэнне ў спецыялізаваных установах пад наглядам кваліфікаваных медыцынскіх спецыялістаў".

Чаму менавіта тэма "права на здароўе" стала тэмай дня палітвязняў сёлета?

"Ёсць палітвязні, якія ўжо чацвёрты год (Мікіта Емяльянаў – пяты) знаходзяцца ў месцах несвабоды, а намаганні па іх вызваленні, якія робяцца нацыянальнымі, замежнымі і міжнароднымі суб'ектамі, пакуль не даюць вынікаў. Мы не адыходзім ад сваіх патрабаванняў па вызваленні палітвязняў, пераглядзе іх прысудаў, але ўлічваем той факт, што ўмовы, у якіх знаходзяцца фігуранты палітычна матываваных спраў – гэта самастойны фактар, які павінен быць на парадку дня, і падтрыманне гэтых умоў хоць бы на мінімальна чалавечым узроўні павінна быць пастаянным патрабаваннем да дэ-факта ўладаў Беларусі, умовай прыняцця любых рашэнняў. Сярод умоў адбыцця пакаранняў няма галоўных і другарадных, і мы не гаворым пра тое, што важней – права не падвяргацца катаванням, адвольнаму працягенню тэрміну пакарання або права на належны ўзровень здароўя, тым больш, што яны ўсе ўзаемна звязаныя. Але мы паспрабавалі знайсці той фронт, дзе ў нас ёсць нейкія нявыкарыстаныя магчымасці проста цяпер непасрэдна ўплываць на сітуацыю. У гэтым годзе мы падкрэсліваем права на здароўе".

Ці можа грамадства цяпер неяк дапамагчы захаваць здароўе палітвязняў?

"Мы можам распаўсюджваць інфармацыю аб сітуацыі ў месцах несвабоды, пастаянна падкрэсліваючы сувязь паміж палітычным характарам пераследу і абмежаваннем права на найвышэйшы дасягальны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя. Мы можам дзяліцца парадамі і рэкамендацыямі для тых, хто знаходзіцца пад пагрозай пазбаўлення волі, хто пазбаўлены волі і хто ўжо вызваліўся. Нарэшце, мы павінны зрабіць усе магчымыя намаганні, каб максімальна адкрыта сказаць пра патрэбы палітвязняў, працягнуць падтрымку і пашырыць магчымасці такой падтрымкі ўсіх, хто ў ёй мае патрэбу ў сувязі з палітычна матываваным пераследам і ў цэлым тых, хто стаў ахвярай катаванняў і забароненага абыходжання.

Мы ў "Вясне" працягваем практыку псіхасацыяльнай падтрымкі ахвяр катаванняў і спадзяемся пашыраць гэты кірунак, а таксама ствараць і ўкараняць новыя падыходы да падтрымкі пацярпелых ад палітычна матываванага пераследу".

Нагадаем, 21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі № 17 памёр палітвязень актывіст Вітольд Ашурак. У знак яго памяці праваабаронцы праз год абвясцілі гэты дзень Днём салідарнасці з палітвязнямі Беларусі. З тых часоў у месцах няволі памерлі яшчэ пяць палітвязняў: Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч. Іх усіх аб'ядноўваў не толькі палітычны пераслед у адносінах да сябе, але і тое, што ім несвоечасова або няякасна была аказана медыцынская дапамога ў няволі, а таксама праблемы са здароўем, нягледзячы на якія іх усё адно ўзялі пад варту або адправілі ў калоніі. Па стане на 6 траўня 2024 года праваабаронцам вядома пра не менш за 254 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Для некаторых з іх кожны дзень у няволі — крытычны, ад якога залежаць іх здароўе і нават жыццё. Таксама многія палітвязні падчас і пасля зняволення маюць праблемы з псіхічным здароўем. "Вясна" заклікае 21 траўня выказаць салідарнасць з усімі палітвязнямі, прыцягнуць увагу беларускага і міжнароднага грамадства да праблем неаказання належнай медыцынскай дапамогі ў месцах няволі, і ў чарговы раз запатрабаваць ад рэжыму вызвалення ўсіх палітвязняў.

Як далучыцца да Дня палітвязняў — чытайце тут:

"Галоўнае, захаваць здароўе". 21 траўня — Дзень палітвязняў

"Вясна" заклікае 21 траўня выказаць салідарнасць з усімі палітвязнямі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства