viasna on patreon

"Коцік-касманаўт, што ўцякае ад міліцэйскага дручка". БХК прадставіў вынік аналітыкі за першы трыместр 2024 года

2024 2024-05-17T10:20:00+0300 2024-05-17T11:20:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bhk_rezultat-analityki.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускі Хельсінкскі Камітэт прэзентаваў вынік аналітыкі "Правы чалавека ў Беларусі. Асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі. Студзень-красавік 2024". "Вясна" распавядае, што ў ім.

bhk_rezultat-analityki.png

Як звярнулі ўвагу ў БХК, вокладка вынікаў аналітыкі, якая робіцца па трыместрах (і сёлета плануецца яшчэ тры выпускі), заўсёды мае сэнс.

"Мы заўсёды тлумачым канцэпцыю выбару вокладак у нашым рэпорце, — расказала прадстаўніца БХК Кацярына Дэйкала. — Сёлета ў нас коцік-касманаўт, што ўцякае ад міліцэйскага дручка — гэта таксама не выпадкова, ды ілюструе вельмі добра сутнасць таго, што адбываецца і таго, што дэ-факта робіць улада. Мы ўсе ведаем, што быў запушчаны першы грамадзянін Беларусі ў космас, і гэта была жанчына. Дзяржава вельмі ганарыцца гэтым, і назвала гэтую падзею гістарычнай, і ўсяляк гэта піярыць, робячы з гэтага велізарную прапагандысцкую кампанію. Але вельмі цікава тое, што за два дні да таго, як мусіў адбыцца гэты палёт, Лукашэнка падпісаў указ "Аб статусе беларускага касманаўта", у якім вельмі выразна прагаворваецца залежнасць атрымання льгот касманаўтамі ад лаяльнасці дзяржавы: бо там гаворыцца пра тое, што касманаўты маюць пэўныя льготы, але яны могуць іх пазбавіцца, калі зробяць злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці. Гэта вельмі яскрава паказвае маніпулятыўнасць наогул усяго, і ў тым ліку і гэтай падзеі, якой, напэўна, у іншых абставінах можна было б ганарыцца, і ў тым ліку тым фактам, што менавіта жанчына туды паляцела... Вось таму [цяпер у нас вокладка] коцік-касманаўт, што ўцякае ад дручка".

Метадалогія аналітыкі такая: эксперты БХК адсочваюць і дэталёва вывучаюць аналітыку, якая тычыцца якасных зменаў у розных сферах: яны не канцэнтруюцца на рэпрэсіях у вузкім сэнсе, як на прамым пераследзе. Праца вялася па двух напрамках: агульныя захады (заканадаўства, захады на ўзроўні палітыкі) і правапрымяняльная практыка.

Сярод трэндаў у агульных захадах эксперты вылучылі наступныя: легалізацыя рэпрэсій, узмацненне сілавога блока як частка інстытуалізацыі рэпрэсій, мілітарызацыя, "творчы" і ўдарны падыход да рэпрэсій, узмацненне ціску на сваякоў палітвязняў і тых, хто з'ехаў, развязанне пытанняў недахопу людзей і грошай праз парушэнне сацыяльна-эканамічных правоў.

Легалізацыя рэпрэсій

Як адзначаюць эксперты БХК, гэта асноўны і вялікі трэнд, які ўвесь час якасна эвалюцыянуе з пачатку 2023 года.

Упершыню з'явілася фармальная заканадаўчая аснова, што стварае глебу для сістэмных дыскрымінацыйных практык ды сістэмных пераследаў па прыкмеце гендарнай ідэнтычнасці, сексуальнай арыентацыі і транс-статусу. Зроблена гэта праз пашырэнне вызначэння тэрміна "парнаграфія" ў інструкцыі Мінкульта, у якое рэгламентуецца абарот эратычнай прадукцыі, прадукцыі сексуальнага прызначэння і прадукцыі па сексуальнай адукацыі ды палавым выхаванні.

"Сэнс у тым, што калі мы возьмем стандартнае вызначэнне "парнаграфіі", якім яно прынятае, гэта заўсёды вульгарна-натуралістычная, непрыстойная фіксацыя палавых зносін, геніталіі буйным планам і гэтак далей, — кажа Кацярына Дэйкала. — У такім разуменні туды і так уваходзілі выявы і апісанні любых зносін, не толькі гетэрасексуальных. Узнікае пытанне: навошта тады гэтыя змены? І адказ на яго вельмі просты: як мы адрознівалі эротыку ад парнаграфіі: не выглядам зносін, а формамі, як выяўляецца гэта. І што зрабілі яны: яны цяпер уключылі фразу "нетрадыцыйныя палавыя зносіны ці палавыя паводзіны" пасля "сексуальных вычварэнняў" праз коску, і такім чынам у вызначэнне ўнеслі сам факт гэтых зносін як элемент, па якім кваліфікуецца парнаграфія. І пад "нетрадыцыйнымі зносінамі" яны разумеюць "гомасексуалізм, лесбійскай каханне, бісексуальныя зносіны, поліаморыю ды трансексуалізм".

То бок, калі ўсё гэта спрасціць, то патэнцыйна пад забарону можа трапіць любая інфармацыйная прадукцыя, у тым ліку адукацыйная і асветніцкая, што згадвае пра гэтыя зносіны, якія яны лічаць нетрадыцыйнымі.

Атрымліваецца, што сёння фармальная рамка, якая існуе: напрыклад, гетэрасексуальны пацалунак на флаеры мы не можам прызнаць парнаграфіяй, а гомасексуальны можам.

Гэта не толькі закранае права на самавыяўленне і прыватнае жыццё, але і яшчэ права на адукацыю і права на здароўе, упэўненыя эксперты, бо гэта можа перашкаджаць распаўсюджванню матэрыялаў у мэтах сексуальнай і медычнай асветы, у тым ліку прафілактыка ВІЧ і СНІД ды іншае.

Тут важна дачакацца практыкі і глядзець, як гэта будзе працаваць, але патэнцыйная планка цяпер такая: сама праява нетрадыцыйных адносін у інфармацыйнай прадукцыі можа быць прызнана элементам парнаграфіі. І гэта істотны скачок уніз".

Таксама ў канцэпцыі бяспекі да нацыянальных інтарэсаў аднесена традыцыйная сям'я як саюз мужчыны і жанчыны па нараджэнні. Гэта таксама дадае фармальныя рамкі для пераследу.

Да яшчэ аднаго трэнду легалізацыі рэпрэсій адносіцца таксама пашырэнне магчымасцяў атрымання дзяржаўнымі органамі доступу да персанальных дадзеных, у тым ліку без згоды чалавека (аўтамабільныя перавозкі, пашырэнне паўнамоцтваў Следчага камітэта, банкаўскія пераводы) — усё гэта парушае права распараджацца ўласнасцю.

Узмацненне сілавога блока

Узмацняецца трэнд на пашырэнне магчымасці для ўжывання адвольнай зброі супраць цывільных асобаў. У 2023 годзе такая магчымасць была пашыраная для супрацоўнікаў КДБ, а ў 2024 годзе — для вайскоўцаў, адзначылі эксперты БХК. А таксама відавочна, што ўмацоўваецца асабісты склад праваахоўных органаў вайскоўцамі.

"Моцна змяніўся стандарт і прыбраныя гарантыі забароны на адвольнае ўжыванне зброі, — распавяла Кацярына Дэйкала. — Цяпер, напрыклад, скасаванае палажэнне, згодна з якім трэба суадносіць, ці можна дасягнуць выніку без ужывання зброі. Вось гэтая фармулёўка ўведзена "з улікам існуючай абстаноўкі, характару злачынства і асобы правапарушальніка". Не трэба папераджальнага стрэлу — засталося патрабаванне толькі аб папярэджанні. І скасаванае палажэнне аб адказнасці за ўжыванне сілы з перавышэннем паўнамоцтваў. І гэта палохае, і гэта ўзмацняецца.

Акрамя фармальнага заканадаўчага, вуснае даручэнне Лукашэнкі было дадзена на нарадзе з кіраўніцтвам органаў сістэмы нацбяспекі "узброіць вулічныя патрулі агнястрэльнай зброяй".

Мілітарызацыя

Мілітарызацыя таксама ўзмацняецца, адзначаюць эксперты.

"Напрыклад, Указ "Аб парадку пераводу дзяржорганаў ды іншых арганізацый на ваенны час". І таксама трэнд па прыцягненні і падрыхтоўцы грамадзянскіх асоб дзеля ваенных патрэб відавочна проста ідзе па нарастаючай. У 2023 годзе ў нас быў Закон "Аб народным апалчэнні" і ўведзена паняцце "апарат узмацнення" (гэта грамадзянскія асобы, якіх КДБ можа прыцягваць для дапамогі ў мерапрыемствах па мабілізацыі) у заканадаўства аб мабілізацыі. А ў 2024 годзе ў першыя чатыры месяцы мы бачым, як Шуневіч сказаў, што ў іх запушчана праграма перападрыхтоўкі "паляўнічых-снайпераў". Сэнс у тым, што гэта пастаянна нарастае".

Новая ваенная дактрына істотна адрозніваецца ад старой.

"Трэба сказаць, што ёсць выразны падзел на рызыкі, выклікі і пагрозы. У мінулым гэта ўсё было разам, у адным палажэнні. Зараз жа ёсць выразны падзел, а адпаведна рознае рэагаванне на гэта. І вось да ўнутраных вайсковых рызык і выклікаў аднесены некаторыя формы выказвання меркаванняў нязгодных з уладай, напрыклад, "распаўсюджванне ў беларускім грамадстве ідэй касмапалітызму, апатрыдызму ды іншых, што вядуць да адмовы ад традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў, што перашкаджаюць выкананню грамадзянамі Рэспублікі Беларусь абавязку перад Айчынай". Асобная гісторыя, як гэта сфармулявана. Напрыклад, апатрыдызм — гэта з'ява адсутнасці грамадзянства ў чалавека, любога. І як можна распаўсюджваць ідэі апатрыдызму? Што яны маюць на ўвазе пад гэтым? Незразумела.

І "правакаванне ў беларускім грамадстве варожасці або варажнечы па ідэйна-палітычных перакананнях". Гэта таксама цяпер ваенны выклік, — звярнула ўвагу Кацярына Дэйкала.

Пры гэтым масавае ўхіленне грамадзян Рэспублікі Беларусь ад мерапрыемстваў прызыву прызнанае ваеннай пагрозай.

"Пры гэтым, што такое масавае? Як яны будуць кваліфікаваць масавасць у гэтым выпадку?", — задаецца пытаннем экспертка.

Да знешніх ваенных рызык цяпер адносіцца ініцыяванне антыбеларускай тэматыкі ў парадку дня міжнародных арганізацый і міждзяржаўных утварэнняў, у тым ліку ў парадку мерапрыемстваў, што імі праводзяцца.

"Насамрэч пад гэта пасуе часткова дзейнасць праваабаронцаў. Вось калі мы ўзгадняем, напрыклад, сайд-івэнт перад чарговым пасяджэннем СПЧ — гэта вось ваенная рызыка!"

З'явілася палажэнне аб ужыванні ваеннай сілы ў мірны час. Гэтага не было раней.

"Мы палічылі самі рызыкі і пагрозы па колькасці: у мінулай рэдакцыі да знешніх і ўнутраных рызык, выклікаў і пагрозаў было аднесена 22 пазіцыі, а ў цяперашняй — ужо 60".

bhk-ugrozy.png

Вырашэнне пытанняў недахопу людзей і грошай праз парушэнне сацыяльна-эканамічных правоў

Улады фіксуюць і недахоп людзей, у тым ліку праз масавую міграцыю, і грошай, і змагаюцца з гэтым як умеюць: узмацняецца ціск у сувязі з выездам маладых людзей для навучання, або адразу пасля яго, за мяжу.

"Цяпер, у першыя чатыры месяцы гэтага года мы назіраем заканадаўчую забарону рэкламаваць працаўладкаванне і навучанне за мяжой", — кажа Кацярына Дэйкала.

Таксама эксперты ўзгадалі вуснае патрабаванне Лукашэнкі спыніць уцёкі за межы краіны выпускнікоў, якое было дадзена на нарадзе рэктараў.

"Мы адназначна прагназуем узмацненне абмежавальных мер, што будуць узмацняцца ў дачыненні да тых, хто збіраецца выязджаць за мяжу на вучобу пасля ўніверсітэта, ды на абітурыентаў".

Таксама наступства таго, што Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа было выключана з федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа, а фінансаванне яны атрымлівалі адтуль, і цяпер яны просяць гарадскія ўлады прымусіць супрацоўнікаў установы аховы здароўя Мінска адлічваць 1% свайго заробку БТЧК.

Яшчэ адзін трэнд, звязаны з мілітарызацыяй у тым ліку, гэта ўказ "Аб звышмернай працы ды працы ў выходныя дні ў прамысловых арганізацыях", у якім замацаванае права наймальніка па ўзгадненні з прафсаюзам са згоды працаўніка павялічваць ліміт звышмерных прац і працы ў выходныя дні.

"Відавочна, прымаючы пад увагу тое, што беларускія прадпрыемствы выкарыстоўваюцца для вайсковай расейскай прамысловасці цяпер, гэта шмат у чым накіравана на легалізацыю максімальнай эксплуатацыі людзей дзеля незаконных мэтаў дзяржавы. Гэта таксама будзе весці да вялікага парушэння сацыяльна-эканамічных правоў", — упэўненая экспертка.

Цалкам з дакладам можна азнаёміцца тут.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства