"Ты фізічна не можаш хадзіць у такім стане". Вольга Лойка распавяла пра медычную дапамогу ў СІЗА
У межах Тыдня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі "Вясна" падрыхтавала шэраг відэа, на якіх былыя палітвязні дзеляцца сваімі гісторыямі пра няякасную і несвоечасовую медыцынскую дапамогу ў месцах зняволення. Галоўная рэдактарка выдання "Plan B" і былая палітзняволеная Вольга Лойка распавяла пра "каранцін" у СІЗА і медычную дапамогу пры праблемах з ныркамі.
"Значыць, калі распавядаць пра дапамогу ў месцах зняволення, то адразу можна сказаць, што там шмат людзей, якія не могуць толкам растлумачыць што з імі адбываецца, якія не ведаюць самі нічога пра сябе, пра сваё здароўе. Усе баяцца там праблем з зубамі, таму што лячыць іх там ніхто не будзе, чарга занадта вялікая. Усім абяцаюць у СІЗА, што: "Ну, на калоніі напэўна вылечыце", але, кажуць, што на калоніі з гэтым не лепш.
Самае карыснае, што я зрабіла да пасадкі ў СІЗА, прайшла вакцынацыю ад кавіду і грыпу. Так атрымалася, што за адзін раз хварэла палова СІЗА, і што з гэтым рабіць было рашуча незразумела, паколькі ніякіх асаблівых прэпаратаў няма. Фактычна ёсць толькі каранцін, які немагчыма выканаць, таму што заўсёды ў людзей ёсць нейкія патрэбы, што не дазваляюць там сказаць, што ў камеры будзем сядзець. Людзі хочуць шпацыраваць, людзі хочуць сустракацца з адвакатам, бо гэта важна, бо рухаюцца справы, бо ёсць азнаямленне. Хварэлі цяжка, хварэлі доўга, хварэлі амаль усёй камерай, вось акрамя мяне, таму што я была прышчэпленая.
"Галоўнае, захаваць здароўе". 21 мая — Дзень палітвязняў
З медычнай дапамогай складана. Мне напэўна пашанцавала, таму што я ў прынцыпе ведала нейкія свае праблемы са здароўем і магла іх вельмі выразна і дэталёва выкласці, ды па сімптомах разумела, што са мной. У СІЗА ў мяне абвастрылася праблема з ныркамі і нырачная коліка ў СІЗА — вось тут не раю. Калі будзеце выбіраць — не раю. Сапраўды складана нешта зрабіць. Медыкі прыйшлі хутка, абязбольвальнае паставілі, але абязбольвальнае ня абязбольвае ў гэтым стане. Не далі даведку, якая вызваляе ад прагулак на вуліцы, але пашанцавала, што ў кагосьці з дзяўчатак была і я пару дзён здолела не пахадзіць на вуліцу проста таму, што ты фізічна не можаш хадзіць у такім стане. Далі здаць аналіз, выпісалі супрацьзапаленчыя, антыбіётыкі пракалолі некалькі дзён. За гэта дзякуй. Калі б там яшчэ і піяланефрыт, то прабачце, можна выйсці зусім у сумным стане".
Глядзіце відэа ў Tik-Tok "Вясны"
"Я пачаў губляць прытомнасць", — Вадзім Хіжнякоў пра наступствы алергіі на цвіль у турэмнай камеры