Юрый Рубцоў: Мне могуць і не даць палітычны прытулак

2017 2017-05-26T11:12:20+0300 2017-05-26T11:31:05+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/rubcou_jury.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Палітвязень Юры Рубцоў. Фота Радыё Свабода.

Палітвязень Юры Рубцоў. Фота Радыё Свабода.

Былы палітвязень Юрый Рубцоў распавядае сайту palitviazni.info пра тое, чым адрозніваецца жыццё ў Германіі і Беларусі.

Нагадаем, што гамяльчанін Юрый Рубцоў стаў вядомы як “чалавек-майка”. На вулічныя акцыі апазіцыі ў Мінску ён выходзіў у майцы з палітычнымі надпісамі. Самым вядомым стаў лозунг “Лукашэнка, сыходзь!”. У кастрычніку 2014 года Рубцова асудзілі на два з паловай гады абмежавання волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу, абвінаваціўшчы ў абразе суддзі. На “хіміі” Рубцоў адмаўляўся працаваць, патрабуючы годны заробак, і трымаў галадоўку. Ён зрабіў сабе на грудзях тату “Лукашэнка, сыходзь”.

28 мая 2015 года суд прыгаварыў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Але 22 жніўня яго ў ліку іншых палітвязняў памілаваў сваім указам Аляксандр Лукашэнка. Пасля гэтага прыняў рашэнне папрасіць палітычны прытулак у Германіі.

– Я па-ранейшаму нічога не ведаю адносна свайго далейшага лёсу, – кажа Юрый Рубцоў. — Могуць і не даць палітычны прытулак, бо вельмі многім знаёмым у апошні час сталі прыходзіць адмовы ў прадастаўленні прытулку. Гэта датычыцца грамадзян практычна ўсіх краін, за выключэннем Сірыі. У  гатэлі, дзе я жыву, знаходзяцца яшчэ 18 сем’яў. Пяці з іх даслалі адмовы.

– Якая дапамога зараз аказваецца вам?

– Я ўражаны тым аб’ёмам дапамогі, якая прадастаўляецца тым, хто папрасіў палітычны прытулак у Германіі. Гэта і жыллё, і аплата камунальных паслуг за кошт мясцовага бюджэта. У дадатак – штомесячная грашовая дапамога і бясплатнае медыцынскае асблугоўванне.

– Як вам увогуле краіна?

– Я скажу так – вось з каго варта браць прыклад! Пастаянна нешта будуецца, раніцай ідзеш па вуліцы – ужо стаіць новы вежавы кран… Дарэчы, розніца паміж беларускімі кранамі і нямецкімі ў тым, што для апошніх не пракладваюцца рэйкі.

Цікава зроблена і ліўневая каналізацыя ў нямецкіх гарадах. Тут немагчыма ўбачыць, каб з даху лілася вада. Практычна ля кожнага дома праходзіць каналізацыя, і вада трапляе адразу туды. І ўжо ўнутры гэтай каналізацыі маецца зборнік рознага смецця. Такім чынам, там ніколі няма праблем з тым, што гэтую сістэму трэба пастаянна чысціць. Зрэдку прызджае спецыяльная машына, якая і збірае з фільтраў смецце і пясок. Адным словам, людзі ўмеюць працаваць.

– Кажуць, што немцы не толькі пунктуальныя, але і эканомныя…

– Адназначна. Ля буйных магазінаў звычайна знаходзяцца чатыры вялікія скрыні – тры для шкла (бутэлек белага, бурага і зялёнага колераў) і адна скрыня для адзення і абутку, якія ўжо не патрэбны мясцовым жыхарам. Збор макулатуры таксама не такі, як у Беларусі. Фірма, якая займаецца зборам, таксама ставіць для жыхароў скрыні. У сінія складваецца папера, у жоўтыя – упакоўкі. І ў кожнага жыхара ёсць чорная скрыня, куды можна пакласці харчовыя астаткі.

Нярэдка на вуліцах можна ўбачыць старую мэблю, ад якой мясцовыя жыхары пазбаўляюцца, калі купляюць новую. Таму калі ў некага ёсць жаданне, ён можа спакойна ўзяць яе. Але ёсць і буйныя пункты прыёма непатрэбных рэчаў. Гэта ўсё бясплатна, але трэба самому адсарціраваць і раскласці рэчы. Затым гэта ўсё перапрацоўваецца.

– Што можаце сказаць пра сістэму адукацыі ў Германіі?

– У школах заняткі пачынаюцца ў 8 гадзін раніцы, а паміж урокамі даволі працяглыя перапынкі. Дзіцячыя садкі таксама адрозніваюцца тым, што ў групах невялікая колькасць дзяцей. Увогуле, садкоў пабудавана шмат, і тут няма тыпавых пабудоваў, як у Беларусі. Кожны такі дзіцячы сад – адрозны ад іншага па пабудове. Але самае цікавае, што ў садках дзяцей не кормяць, а ежу ім прыносяць бацькі самі. А вось за прагул дзіцячага садка ці школы на бацькоў накладваюцца даволі вялікія штрафы. Калі і можна вызваліцца ад наведвання, то толькі па рэкамендаціі ўрача.

Што датычыцца медыцынскага абслугоўвання, то сітэма таксама адпрацавана і працуе, як гадзіннік. Як такіх паліклінік няма. Здымаецца, напрыклад, трохпакаёвая кватэра, дзе ўстанаўліваецца медыцынскае абсаляванне. Напрыклад, калі я пайшоў да ўрача, то за адзін прыём у мяне ўзялі аналіз крыві і зрабілі УЗІ ўнутраных органаў. Але, натуральна, ёсць і спецыялізаваныя медыцынскія цэнтры.

– Ці цікавяцца нямецкія грамадзяне тым, што адбываецца ў нашай краіне?

– Шчыра кажучы, многія немцы наогул не вельмі добра разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Гэта зусім іншая краіна са сваім успрыняццем логікі. Для грамадзяніна Германіі закон – гэта закон. Яны не могуць зразумець, што заканадаўчыя акты могуць быць абсурднымі. У іх разуменні такога не можа быць ніколі. Таму, калі я распавядаю пра Дэкрэт аб дармаедах, які прынялі ў Беларусі, немцы думаюць, што я іх падманваю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства