viasna on patreon

Бабруйск: бацькі выступілі супраць будаўніцтва шматпавярховіка каля школы

2016 2016-02-23T00:59:34+0300 2016-02-23T00:59:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/babr-shkola-budoulia-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бабруйску мясцовыя ўлады запланавалі будаўніцтва 18-павярховага дома адразу за школьным плотам. Ад будынка школы да пляцоўкі, дзе плануюць узводзіць гмах, няма і ста метраў.

Бацькі вучняў пачатковай школы №27 абураныя і напалоханыя суседствам, яны кажуць пра небяспеку, якая чакае іх дзяцей, калі яны раптам патрапяць на тэрыторыю будпляцоўкі. У школе былі праведзены грамадскія слуханні з удзелам начальніка аддзела адукацыі спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёну Алы Калеснічэнка, начальніка ўпраўлення адукацыі спорту і турызму гарвыканкаму Ірыны Рынейскай, дырэктара УКБ Уладзіміра Малятотава, начальніка аддзела архітэктуры Артура Дарашкевіча і неназваных "прадстаўнікоў забудоўшчыка".

-На будоўлях здараюцца выпадкі, калі, напрыклад, кран зрываецца. А ў гэтым выпадку гэта будзе вельмі высокі кран, - даводзілі бацькі чыноўнікам на слуханнях. Бацькі жадаюць, каб будаўніцтва наогул не пачыналася, але не вераць у тое, што чыноўнікі пойдуць ім насустрач. - У такім выпадку хаця б прывядзіце пляцоўку ў парадак, абсталюйце згодна з нормамі заканадаўства і адсуньце яе далей ад школы, - патрабуюць бацькі.

Яны таксама нагадалі чыноўнікам, што і перакрыццё пад'язных шляхоў да школы адбылася без папярэджання: "нас паставілі перад фактам". Зараз да школы не могуць пад'ехаць не толькі бацькоўскія аўтамабілі, але і машыны, якія прывозяць харчаванне школьнікам. Калі раптам спатрэбіцца дапамога "хуткай" ці службы МНС, яны таксама не змогуць шчыльна наблізіцца да школы.

Чыноўнікі і забудошчыкі абяцаюць, што "прымуць меры", каб прыбраць недахопы ў планіроўцы, і абяцаюць арганізаваць для школьнікаў "іншы праход". Яны ўвесь час падкрэсліваюць, што "праект прайшоў узгадненні ва ўсіх інстанцыях". Але бацькі кажуць, што заканадаўства ў любым выпадку ўжо парушана, бо па нормах яно не можа быць распачатае бліжэй чым на 100 метраў ад школы. Таксама яны папрасілі чыноўнікаў прадаставіць ім дакумент, падпісаны начальнікам МНС, які б сведчыў, што будаўніцтва тут цалкам бяспечнае. Чыноўнікі пачалі шукаць дакументы ў тэчцы, але так і не знайшлі, а пасля заявілі, што "праект прайшоў экспертызу і подпісы ў яго не закладваюцца". Бацькі адзначылі, што "гэта пытанне бяспекі нашых дзяцей, і мы будзем выносіць яго на рэспубліканскі ўзровень". Таксама яны патрабавалі агучыць імёны замоўцы і падрадчыка, але яны так і не прагучалі.

Газета гарвыканкаму "Бабруйскае жыццё" паведамляе, што праект быў прададзены з аўкцыёну, у яго будуць укладзены "прамыя замежныя інвестыцыі". "Кожны павінен усведамляць значнасць і неабходнасць развіцця такога роду будаўніцтва. Але гэта не значыць, што будаўнікі могуць дапускаць хоць якія-небудзь парушэнні", - цытуе газета словы старшыні гарвыканкаму Андрэя Каваленкі. У бліжэйшы час у школе будзе праведзены яшчэ адзін сход, на якім бацькам і педагогам абяцаюць патлумачыць "некаторыя моманты па будаўніцтве інвестыцыйнага праекта".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства