Беларуская мова ў небяспецы

2015 2015-09-08T15:37:00+0300 2015-09-10T12:47:14+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/belaruskaja-mova-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступае супраць любых праяваў дыскрымінацыі, а моўнае пытанне - адно з найбольш вострых і праблемных для беларусаў. Перавага рускай мовы над роднай беларускай ва ўсіх сферах жыцця супярэчыць не толькі Канстытуцыі Беларусі, страта нацыянальнай мовы пагражае незалежнасці краіны. У падрыхтаваным артыкуле - спроба яшчэ раз звярнуцца да моўнага канфлікту і важнасці яго вырашэння.

Мова як сродак камунікацыі з’яўляецца аб’ядноўваючай прыкметай народу, падмуркам нацыянальнай культуры, нацыянальнай самасвядомасці і яе перадачы нашчадкам. Пакуль жыве мова, жыве народ.

Па дадзеных ЮНЭСКА беларуская мова адносіцца да тых моваў, якім пагражае знікненне. І справа тут не ў неспрыяльных культурна-лінгвістычных абставінах альбо натуральнай асіміляцыі. Тое, што адбываецца з беларускай мовай – вынік свядомай дзяржаўнай палітыкі, скіраванай на вынішчэнне роднага слова з усіх сфераў грамадскага жыцця.

“Нечуваная ў свеце дзяржаўная моўная дыскрымінацыя беларусаў мае вельмі працяглую гісторыю, якая вымяраецца не дзесяцігоддзямі, а стагоддзямі,” - адзначае доктар гістарычных навук Леанід Лыч і дадае, што “гэтак паслядоўна, як у Беларусі, нідзе больш такая дзяржаўная дыскрымінацыя мовы не праводзілася”.

Калі гаварыць пра сучасны гістарычны этап, то знакавай падзеяй стала прыняцце ў 1990 годзе “Закона аб мовах”, які павінен быў спрыяць адраджэнню мовы беларускай нацыі. У 2-м артыкуле закону беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай у Беларусі, расійская мова кваліфікавалася ў законе як “мова міжнацыянальных зносін народаў Саюзу ССР”. Увядзенне закону мусіла ажыццяўляцца паступова, на працягу некалькіх гадоў. Пры гэтым ён не рэгламентаваў ужывання моў у неафіцыйных зносінах.

З 1990 па 1995 год беларускамоўных выданняў было надрукавана больш, чым за папярэднія чатыры стагоддзі. У сярэдніх школах у 1994-1995 гадах навучалася па-беларуску ўжо больш за 75% вучняў. Стаўленне да беларускай мовы, як мовы непатрэбнай, неразвітай, неўжытковай, мовы малаадукаваных вясковых сялянаў змянілася. На беларускай мове праводзіліся сесіі Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь і многіх гарсаветаў, з’яўлялася ўсё большая колькасць афіцыйных дакументаў, паступова пераводзілася справаводства. На беларускай мове загаварылі і дэпутаты, і міністры, і выкладчыкі ВНУ, і выхавацелькі дзіцячых садкоў. У беларускай мовы з’явілася перспектыва паступовага адраджэння і паспяховага развіцця.

15 сакавіка 1994 года першая Канстытуцыя Беларусі абвясціла беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай нашай краіны.

Аднак ужо праз год сітуацыя рэзка змянілася. Аляксандр Лукашэнка, абраны ў 1994 годзе першым прэзідэнтам краіны, ініцыюе рэферэндум, у выніку чаго вяртае постсавецкую сімволіку – герб і сцяг, а беларуская мова страчвае статус адзінай дзяржаўнай мовы. Уводзіцца дзвюхмоўе.

У 1998 годзе ў “Закон аб мовах” уносяцца такія праўкі, якія дазволілі распачаць татальную русіфікацыю, асабліва ў сферах адукацыі і дзяржаўнага кіравання. Закон дазваляў весці дакументацыю на расейскай мове. Артыкул 26 Закону аб мовах гаворыць: "У Рэспубліцы Беларусь мовамі ў сферы культуры з'яўляецца беларуская і (або) руская мова".

Такім чынам былі скасаваныя набыткі незалежнай суверэннай беларускай дзяржавы ў вырашэнні моўнага пытання.

Акрамя таго, па меры нарастання канфлікту паміж прэзідэнтам Лукашэнкам і дэмакратычнай супольнасцю краіны, аўтарытарная ідэалогія і прапаганда пераўтварылі беларускую мову з нацыянальнай каштоўнасці ў “апазіцыйную” з’яву, а яе актыўных носьбітаў – у прадстаўнікоў “5-й калоны”. Такі падыход тычыўся не толькі грамадска-палітычнага жыцця краіны. У сферы культуры беларуская мова таксама стала прыкметай процістаяння прэзідэнцкай уладзе.

На сёння ў Беларусі існуе па два прафесійных творчых аб’яднанні ў літаратуры і журналістыцы – афіцыйны і незалежны: Саюз пісьменнікаў Беларусі і Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі саюз журналістаў і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Для сябраў незалежных творчых аб’яднанняў стасункі з афіцыйнымі дзяржаўнымі структурамі носяць абмежаваны характар – чыноўнікі адмаўляюцца даваць журналістам каментары альбо не дапускаюць на афіцыйныя паседжанні, пісьменнікі не атрымліваюць дазвол на правядзенне мерапрыемстваў, сустрэч з чытачамі.

Практыка забароны канцэртаў, радыё- і тэлеэфіру ў дачыненні да шэрагу беларускамоўных гуртоў і выканаўцаў выкарыстоўвалася ўладамі краіны ў 2004 -2007 гадах і аднавілася ў 2011 годзе. Існавалі нават “чорныя” спісы дзеячаў культуры, згадка пра якіх у дзяржаўных СМІ была непажаданая. У сакавіку 2011 году адзін такі спіс без подпісаў і пячатак стаў вядомы шырокай грамадскасці, яго змясціў ў сваім аккаўнце супрацоўнік адной з радыёстанцый.  Атрымаць “забароненым” музыкам у мясцовых дзяржорганах гастрольнае пасведчанне было малаверагодна, але і запланаваныя канцэрты нярэдка зрываліся. Яшчэ адна прыкмета яўнай русіфікацыі – гэта шыльды, на якіх напісаны назвы вуліц у гарадах. Да 2010 года ў Беларусі назвы геаграфічных аб'ектаў (абласцей, гарадоў, вёсак, вуліц і г.д.) наогул заканадаўча не рэгуляваліся. Толькі ў Мінску назвы вуліцаў напісаныя па-беларуску, у абласных цэнтрах вонкавае аздабленне вуліц ў большасці сваёй рускамоўнае.

Калі ж закрануць пытанне гарадской тапанімікі больш глыбока, то тут выяўляецца спадчына перш за ўсё савецкай эпохі. Як прыклад, аналіз “персаніфікаваных” вуліц Гомеля, другога па велічыні горада краіны: 69 вуліц з 209 названыя у гонар герояў Вялікай Айчыннай Вайны, 50 – рэвалюцыянераў (пры гэтым толькі 22 з іх маюць дачыненне да Гомеля ці Беларусі), 37 – дзеячаў культуры (8 звязаныя з беларускай культурай), 11 – дзеячаў навукі (2 нарадзіліся і працавалі ў Беларусі), 7 – асобы дакастрычніцкай палітычнай ды ваеннай гісторыі (2 мелі дачыненнне да Беларусі, але негатыўнае), 7 вуліц носяць імёны міліцыянтаў, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў, 6 вуліц названыя ў гонар савецкіх лётчыкаў ды касманаўтаў (1 звязаны з гісторыяй Гомеля). 

У той жа час, дамагчыся належнага ўшанавання памяці сусветна вядомага творцы, Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава ў сталіцы грамадскасці так і не ўдалося, нягледзячы на сабраныя 105 тысяч подпісаў грамадзян. Яшчэ ў 2010 годзе падпісныя лісты за наданне адной з вуліц горада імя беларускага класіка былі перададзены ў Мінгарвыканкам. Але гэта не дало ніякага выніку, бо Васіль Быкаў не падтрымліваў аўтарытарную ідэалогію, выступаў супраць палітыкі русіфікацыі ў Беларусі. Аналагічная сітуацыя адбываецца зараз з ушанаваннем памяці Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, намінанта на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Сёння беларуская мова фактычна выцеснена з грамадскага ўжытку, гэта тычыцца дзяржаўнага кіравання, адукацыі, судавытворчасці, справаводства. І гэта не гледзячы на тое, што па дадзеных перапісаў насельніцтва Беларусі і сёння больш за палову насельніцтва краіны лічыць роднай менавіта беларускую мову.

Так, у 1989 годзе роднай беларускую мову назвалі 65,6% насельніцтва краіны, пасля некалькіх гадоў беларусізацыі ў 1999 - ужо 73,7%, а падчас перапісу 2009 года толькі 53% рэспандэнтаў.

Асноўным паказчыкам таго, што беларуская мова не з’яўляецца ў поўнай меры дзяржаўнай, а мае дэкаратыўны статус – гэта адсутнасць на ёй законаў і іншых нарматыўных актаў. Усе Кодэксы ў Беларусі прынятыя на расійскай мове, а паколькі афіцыйнага перакладу на беларускую мову няма, то фармальна суддзі, як і астатнія суб’екты працэсу, не маюць права адвольна перакладаць нормы закона. Такім чынам, адсутнасць законатворчасці на беларускай мове з’яўляецца сур’ёзнай перашкодай для абароны і адстойвання сваіх інтарэсаў для беларускамоўных грамадзян у судзе ды іншых дзяржаўных органах.

Так, на прававым партале pravo.by немагчыма знайсці нарматыўна-прававыя акты на дзяржаўнай беларускай мове, рэсурс змяшчае бягучую інфармацыю на рускай і англійскай мовах, а тэксты нарматыўна-прававых актаў і законапраектаў размяшчаюцца на ім выключна на рускай мове. Паводле Беларускага Хельсінкскага камітэта, у эталонным банку прававой інфармацыі каля 200 тысяч заканадаўчых актаў і толькі 3,1% нарматыўнай дакументацыі — на беларускай мове. У 2014 г. Саветам Міністраў прынята 1297 пастаноў, з іх на беларускай мове — толькі 170, што складае 13 %. У 2014 г. з усіх законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў, на дзяржаўнай беларускай мове былі прыняты толькі 2. Праўленне Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь у 2014 г. прыняло толькі 9 пастаноў на беларускай мове.

Грамадскія і праваабарончыя арганізацыі неаднаразова звярталіся ў розныя дзяржаўныя ўстановы, каб звярнуць увагу на праблему моўнай дыскрымінацыі. Так, Таварыства беларускай мовы заклікала Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі з 1 верасня 2014 г. усе законы і іншыя нарматыўныя прававыя акты Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь адразу прымаць на дзвюх дзяржаўных мовах, а таксама зрабіць афіцыйны пераклад дзеючых законаў, якія былі прынятыя толькі на рускай мове, на дзяржаўную беларускую мову і апублікаваць іх у прадугледжаным законам парадку.

Юрыдычны эксперт Беларускага Хельсінскага Каміэтэту Гары Паганяйла ў сваім звароце прасіў Канстытуцыйны суд Беларусі разабрацца з  нявызначанасцю рэальнага статусу беларускай мовы, былі прапанаваныя 25 пунктаў, што абгрунтоўваюць неабходнасць выпраўлення ў моўным заканадаўстве прабелаў, выключэння ў ім калізій і прававой нявызначанасці.

У сваю чаргу намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч звяртаўся ў Канстытуцыйны суд Беларусі, а таксама Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд, Савет Міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта, якія паводле арт.116 Канстытуцыі маюць права накіроўваць прапановы ў Канстытуцыйны суд аб адпаведнасці законаў нормам Канстытуцыі, з просьбай прызнаць арт. 7 Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" не адпаведным Канстытуцыі і прапанаваць Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу ўнесці змены ў гэты артыкул, заканадаўча замацаваўшы абавязак дзяржаўных органаў выдаваць усе нарматыўна-прававыя акты (уключаючы тэксты законапраектаў) на дзвюх дзяржаўных мовах – беларускай і рускай. 

Аднак адказы насілі альбо фіктыўны характар – старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Генадзь Пальчык не ўбачыў паставаў для звароту ў Канстытуцыйны Суд, альбо проста ўражвалі – начальнік галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта А.Ф.Мaцельскі прапануе карыстацца перакладам на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, а ў Савеце рэспублікі ўвогуле мяркуюць, што дзяржава мае права выбару, на якой мове выдаваць нарматыўна-прававыя акты. 

Што тычыцца перакладу, то па інфармацыі начальніка ўпраўлення рэдакцыйна-выдавецкай работы Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі (НЦПІ) Наталлі Судзілоўскай, на сайце прававой сістэмы “Эталон” прадугледжваецца аўтаматычны пераклад законаў на беларускую мову. Аднак гэтыя пераклады не з’яўляюцца афіцыйнымі, у іх шмат памылак і недарэчнасцяў. Да таго ж анлайн сістэма “Эталон” платная. Калі ж у грамадзяніна на гэта сродкаў няма, Наталля Судзілоўская раіць запісацца ў публічную бібліятэку, дзе сэрвісам можна скарыстацца бясплатна.

У сувязі з апошнімі геапалітычнымі выклікамі (агрэсіўная палітыка Расіі ў адносінах да Ўкраіны і Грузіі), рыторыка вышэйшага кіраўніцтва краіны пакрысе мяняецца, але ж далей гэтага справа не ідзе. Так, у студзені 2015 года старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч заявіў, што лічыць мэтазгодным выдаваць законы на беларускай і рускай мовах. Але ніякіх канкрэтных захадаў дзеля гэтага не было прынята.

Нягледзячы на тое, што ў адпаведнасці з арт. 26 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь” і арт. 4 Закона “Аб мовах” дзяржслужачыя абавязаны валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі, гэтая норма ў справаводстве і судавытворчасці практычна не працуе.

Установы адукацыі як першая прыступка ў накірунку паўнавартаснага існавання беларускай мовы, яе валодання грамадзянамі краіны павінны былі б выконваць гэтую функцыю, выхоўваць павагу да нацыянальных каштоўнасцяў, гісторыі і культуры беларускага народу.

Але, на жаль, з кожным годам сітуацыя ў сферы адукацыі толькі пагаршаецца. У дзіцячых садках і сярэдніх школах беларуская мова амаль не гучыць. Недастатковая колькасць гадзін вывучэння беларускай мовы, зачыняюцца беларускія школы.

І калі раней некаторыя прадметы выкладаліся выключна на беларускай мове, то ў 2006 годзе, калі міністрам адукацыі быў Аляксандр Радзькоў, адбыўся пераход выкладання такіх прадметаў, як гісторыя і геаграфія Беларусі на расійскую мову, хаця раней яны выкладаліся па-беларуску. Патрабаванні ж грамадскасці вярнуць беларускую мову гэтым прадметам станоўчых вынікаў не даюць. У 2012 годзе тагачасны міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч запэўніваў, што “задача ўжо пастаўлена і мы будзем імкнуцца да таго, каб ужо з новага навучальнага года беларуская мова вярнулася на ўрокі па гісторыі і геаграфіі роднага краю”. 

Прайшло тры гады – ніякіх зменаў. І вось ўжо новы міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў выказаў меркаванне, “што мы прыйдзем да таго, што ў нас больш за палову прадметаў будзе на беларускай мове”. Праз тры месяцы на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка заявіла, што Міністэрства адукацыі не будзе «сілавым метадам» пераводзіць выкладанне школьных прадметаў на беларускую мову.

Русіфікацыя ў сферы адукацыі прагрэсуе. Вось толькі некаторыя дадзеныя.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у вышэйшых навучальных установах Беларусі на рускай і беларускай мове, хоць гэта мог быць адзін прадмет з ўсяго навучальнага цыкла, у 2014/2015 навучаліся больш за 149 тысяч студэнтаў – гэта 41%, на рускай мове – каля 212 тысяч – гэта 58%.

На беларускай мове навучаліся 300 студэнтаў - гэта 0,1% ад агульнай колькасці, у 2013/2014 іх было 600, а ў 2012/2013 - 700, што складала 0.2%:

У дашкольных установах адукацыі на беларускай мове выхоўваліся 43 тысячы дзяцей (10%).

 

На рускай мове - амаль 368.000 дзяцей - 90%.

Лічбы па ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў дынаміцы адлюстраваны ў прыведзенай ніжэй табліцы: колькасць навучэнцаў, якія вывучаюць усе прадметы на беларускай мове за чатыры гады знізілася з 19% да 14%: 

У 2001-2002 навучальным годзе колькасць вучняў, якія атрымліваюць сярэднюю адукацыю на беларускай мове, складала 400.869 чалавек супраць 135.100 у 2014/2015.

Толькі з 2010 года па 2015-ы год колькасць беларускамоўных вучняў зменшылася на 43 тысячы. Варта адзначыць, што ў асноўным беларускія школы засталіся ў сельскай мясцовасці, але з кожным годам яны паступова скарачаюцца з прычыны нізкай укамплектаванасці вучнямі, а дзяцей пераводзяць ў больш буйныя школы, навучанне ў якіх часта вядзецца на рускай мове.

У гарадах сітуацыя з выкладаннем на беларускай мове ў школах катастрафічная. Няма ніводнай цалкам беларускамоўнай школы ў абласных цэнтрах ці ў іншых буйных гарадах краіны.

У двухмільённым Мінску толькі 5 гімназій і 1 школа паводле сваіх статутаў маюць беларускую мову навучання.

У Гародні ў 2014/2015 разам у дзвюх школах і гімназіі навучаліся па-беларуску 26 дзяцей. Дваццаць гадоў таму каля 80% школ у Гародні былі беларускімі. Пасля рэферэндума 1995 г. аб роўным статусе рускай мовы з беларускай, сітуацыя рэзка змянілася на карысць рускай

У Магілёве —адзін клас з беларускай мовай навучання, у якім адна вучаніца.

У Віцебску і Гомелі беларускамоўныя класы наогул адсутнічаюць.

У Брэсце ўпершыню ў гэтым 2015/2016 навучальным годзе адчынілі клас з беларускай мовайнавучання, які складаецца з чатырох хлопчыкаў. 

Назіраецца тэндэнцыя скарачэння колькасці жадаючых здаваць моўны тэст па-беларуску. У 2015 годзе -- на 3% менш у параўнанні з 2014 годам.

Таксама скарачаецца колькасць абітурыентаў, якія абралі беларускую мову на цэнтральным тэставанні. У 2015 годзе беларускую мову здавалі толькі 24% выпускнікоў. 76% выпускнікоў школаў здавалі рускую мову. Яшчэ 8 гадоў таму, у 2007 годзе, суадносіны былі значна бліжэйшымі: 42% выпускнікоў здавалі тэст па беларускай мове і 58% па рускай.

За апошніх пяць гадоў (2012-2015) больш як ў два разы скарацілі набор на беларускую філалогію.

У 2010 годзе БДУ на дзённую форму навучання набіраў 60 студэнтаў (48 бюджэт і 18 на платнай аснове).

У 2012 — 25 (адпаведна 20 і 5).

У 2015 ужо толькі 20 і толькі на бюджэт.

У 2015 годзе на кітайскую філалогію ў БДУ набор вышэйшы за беларускую – 30 месцаў, з іх 10 бюджэтных і 20 на платнай аснове.

У Беларусі не існуе ўстановы вышэйшай адукацыі з беларускай мовай навучання. 20 год таму Таварыства беларускай мовы з дапамогай экспертаў распрацавала канцэпцыю нацыянальнага ўніверсітэту, дзе выкладанне вялося б на беларускай мове, і сабрала 50 тысяч подпісаў за яго стварэнне. Аднак гэтая ініцыятыва не была падтрыманая на дзяржаўным узроўні.

Скарачаюцца навуковыя даследванні і папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры. У 2008 годзе дзве асобных установы Акадэміі навук: Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа і Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы аб’ядналі ў адзін – Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Гэтае аб’яднанне прывяло да скарачэння кадраў навукоўцаў і адназначна не ўзняло навуковыя гуманітарныя даследаванні на якасна новы ўзровень. А ў 2012 годзе ліквідавалі яшчэ адну самастойную адзінку – Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, утварыўшы новае аб’яднанне Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Цяпер гэтыя інстытуты існуюць у складзе Цэнтра ў якасці філіялаў.

Доля беларускай мовы на нацыянальным тэлебачанні і радыёвяшчанні мізэрная, у краіне няма нават аднаго беларускамоўнага тэлеканалу.

Паводле дадзеных Белстата, у 2013 годзе ў Беларусі на рускай мове было выдадзена 82,8 % кніг і брашур, на беларускай – 10,1%. 

Выходзіла 654 газеты, з іх на беларускай мове – 189. У рэальнасці ж часта такія газеты маюць толькі беларускамоўную назву, а журналісцкія матэрыялы і рэкламу размяшчаюць па-руску.

З 921 часопіса на беларускай мове выпускалася 133, і ў дачыненні да мовы тая ж сітуацыя, што і з газетамі. Так, назва грамадска-палітычнага і навукова-папулярнага часопіса адміністрацыі прэзідэнта «Беларуская думка», але ўсе матэрыялы на ім выключна на рускай мове.

На беларускай мове зусім не выпускаюцца мастацкія стужкі.

Далёка не ў кожным музеі краіны можна замовіць экскурсію на беларускай мове. Аўдыё-гіды маглі б у пэўнай ступені вырашыць гэтую праблему, але, за рэдкім выключэннем, у музеях і іх няма.

Не лепшым чынам выглядае сітуацыя з беларускамоўнай рэкламай. І хоць многія сусветныя брэнды сталі выкарыстоўваць у рэкламе сваіх тавараў і паслуг беларускую мову, па некаторых падліках, доля беларускамоўнай рэкламы ў нашай краіне не перавышае 1-3 працэнтаў. 

У той жа час паводле даследавання міжнароднага агенцтва сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў МАСМД, заказчыкам якога выступіла грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!»: 56% беларусаў пазітыўна ацэньваюць беларускую мову ў рэкламе, 60% падтрымліваюць выкарыстанне роднай мовы ў афармленні гарадоў і вітрын.

З 1 ліпеня 2010 года ў Беларусі дзейнічае пастанова «Палажэнне аб парадку функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый», якім вызначаны парадак функцыянавання афіцыйных сайтаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, іншых дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый. У пункце 3 дадзенага дакумента ўтрымліваецца патрабаванне аб прадстаўленні інфармацыі на дзяржаўных мовах Рэспублiкi Беларусь, а пры неабходнасці таксама на адной або некалькіх замежных мовах.

Аналіз вынікаў маніторынгу прадстаўленасці інфармацыі на 45 афіцыйных сайтах дзяржаўных органаў і арганізацый, праведзенага Цэнтрам прававой трансфармацыі Lawtrend, паказаў, што ні адзін з іх не мае паўнавартаснай беларускамоўнай версіі. Толькі 8 сайтаў маюць беларускамоўныя версіі, якія ў большасці выпадкаў з'яўляюцца зрэзанымі варыянтамі рускамоўных і прадстаўляюць толькі частку абавязковых для размяшчэння катэгорый інфармацыі.

Беларуская мова амаль цалкам адсутнічае ў працы ўсіх іншых дзяржаўных заканадаўчых, выканаўчых органаў: у міліцыі і пракуратуры, у міністэрствах і дзяржаўных камітэтах, у прэзідэнцкай вертыкалі ўлады.

Моўная стандартызацыя ў рамках ЕўрАзЭС таксама яшчэ больш абмежавала правы беларускай мовы на таварах, якія вырабляюцца ў Беларусі.

Для выпраўлення катастрафічнага становішча з беларускай мовай у Беларусі патрэбная спецыяльная комплексная дзяржаўная праграма ўратавання беларускай мовы, якая прадугледжвала б кардынальныя змены ў дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі, якая праводзіцца сённяшнімі ўладамі Беларусі.

Беларускай мове неабходная дзяржаўная падтрымка, інакш яна загіне.

Чытаць артыкул на украінскай мове.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international