Міхась Кукабака: Мае віншаванні і пажаданні добрага здароўя Мікалаю Статкевічу і ўсім вызваленым!

2015 2015-08-26T11:50:35+0300 2015-08-26T12:27:37+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kukabaka_u_kurapatah-0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхась Кукабака

Міхась Кукабака

Вядомы беларускі дысідэнт і неаднаразовы палітвязень савецкіх часоў распавёў, што шчыра ўзрадаваўся навіне аб вызваленні Мікалая Статкевіча і адзначыў гэтую падзею.

Як паведаміў Міхась Кукабака ў лісце ў Праваабарончы цэнтр "Вясна", навіна з радзімы заспела яго па вяртанні дадому, у Маскву, з Прагі, дзе па запрашэнні Інстытута па вывучэнні таталітарных рэжымаў ён удзельнічаў у мерапрыемствах у памяць пра чэхаславацкія падзеі жніўня 1968 году.

«Дабраўся да сваёй кватэры толькі ў першай гадзіне ночы, гэта значыць ужо 23 жніўня. А днём прыйшоў мой прыяцель чачэнец і паведаміў, што Мікалая Статкевіча памілавалі, чаму я шчыра ўзрадаваўся. Выпілі за яго вызваленне і за маё шчаслівае завяршэнне паездкі», - у падрабязнасцях напісаў Міхась Ігнатавіч.

«Неяк у Маскве нас прадставілі адзін аднаму, але ён магчыма і не памятае. Што зусім няважна. Галоўнае - чалавек вольны», - адзначыў ён наконт Мікалая Статкевіча.

Працягваючы настойваць на неабходнасці прагматычнага, з эканамічным ухілам, падыходу да палітыкі прэзідэнта Беларусі, «памілаванне» палітвязняў Міхась Кукабака расцэньвае як «мудрае рашэнне» Лукашэнкі, які «пераступіў праз ушчэмленае самалюбства». Разам з тым, ён выказвае надзею, што з наладжваннем дыялогу паміж Еўрасаюзам і Лукашэнкам паменшыцца залежнасць апошняга ад пуцінскай Расіі, што не дазволіць «здаць Беларусь у пуцінскую Азіёпію».

Варта адзначыць, што Міхась Ігнатавіч апошнія гады ўважліва сачыў за лёсам беларускіх палітвязняў. У красавіку мінулага года падчас яго візіту на радзіму, у Мінску адбылася публічная сустрэча з вядомым дысідэнтам, на якую прыйшлі і блізкія тады яшчэ палітвязняў - жонкі Алеся Бяляцкага і Мікалая Статкевіча, маці Эдуарда Лобава. Размаўляючы з імі, Міхась Ігнатавіч стараўся іх падтрымаць словам: «Галоўнае - не губляць веру... У зняволенні мне псіхалагічна надаваў аптымізму сам гэты элемент барацьбы: «Шыш вам - нічога ў вас не выйдзе. Хоць усё жыццё прасяджу, але чорта з два вы мяне зламаеце А ў Маскву вярнуўся з цвёрдым рашэннем - звярнуцца да прэзідэнта Лукашэнкі з просьбай пра сустрэчу, падчас якой разлічваў пераканаць яго ў неабходнасці вызвалення палітвязняў.

«Дарэчы, калі ў траўні мінулага года я паведамляў, што пісаў прэзідэнту з просьбай пра канфідэнцыйную сустрэчу, то меў на ўвазе прапанаваць аднамомантавае вызваленне ўсіх, хто лічацца палітвязнямі. Натуральна, без шантажу - патрабавання «просьбы» пра памілаванне. Але вызваленне павінна было адбыцца па асаблівай схеме; зусім не так, як вызвалілі Алеся Бяляцкага, а цяпер Статкевіча. І гэта мела б значна большы эфект. Але мае абодва лісты цэнзары - «памочнікі» Лукашэнкі, мабыць не прапусцілі да адрасата. І праз амаль 1,5 гады ўсё адбылося так, як адбылося. Толькі менш эфектыўна і больш зневажальна для самога Лукашэнкі», - разважае Міхась Ігнатавіч.

Нагадаем, што сам Міхась Кукабака быў чатыры разы асуджаны па палітычных матывах і каля 17 гадоў правёў у турмах, лагерах і псіхбальніцах. Вызваліўся - быўшы апошнім «палітычным» у пермскіх лагерах праз адмову пісаць прашэнне пра памілаванне - у снежні 1988 году ў сувязі з "гарбачоўскай амністыяй палітвязняў". Быў рэабілітаваны Вярхоўным Судом БССР па ўсіх абвінавачваннях ў 1991 годзе, тады ж вярнуўся ў Беларусь, дзе меў намер працягнуць праваабарончую дзейнасць, чаго не пажадалі мясцовыя ўлады. Вядомы дысідэнт быў вымушаны з'ехаць, перабраўся ў Маскву, дзе жыве і цяпер.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international