viasna on patreon

Міхась Кукабака: Вызваленне Алеся Бяляцкага - праява палітычнай мэтазгоднасці

2014 2014-06-22T15:57:45+0300 2014-06-22T16:03:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kukabaka_u_viasnie-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхась Кукабака ў офісе "Вясны". 22.04.2014

Міхась Кукабака ў офісе "Вясны". 22.04.2014

Беларускі дысідэнт і палітвязень савецкіх часоў Міхась Кукабака, даведаўшыся пра вызваленне Алеся Бяляцкага з паведамлення на радыёстанцыі «Эхо Москвы», напісаў з гэтай нагоды ў Праваабарончы цэнтр «Вясна».

«Мае шчырыя віншаванні Алесю! Таксама можна павіншаваць і ўсю вашую каманду, якая старалася як магла наблізіць гэты дзень», - піша Міхась Ігнатавіч.

Тым часам ён кажа, што «хацеў бы перасцерагчы некаторых апазіцыянераў ад залішняй эйфарыі з гэтай нагоды і зларадных рэплік на адрас Прэзідэнта», і асноўнай прычынай гэтага называе неабходнасць дамагчыся вызвалення іншых палітвязняў, якія працягваюць заставацца за кратамі.

Вызваленне Алеся Бяляцкага Міхась Кукабака расцэньвае «як праяву палітычнай мэтазгоднасьці». «На прыкладзе цяперашніх працэсаў, якія адбываюцца ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка добра ўсвядоміў, наколькі будзе неабароненая беларуская дзяржаўнасць, калі ён застанецца што называецца «сам-насам» сасп. Пуціным. Хоць і са спазненнем, але Прэзідэнт зразумеў, што ў выпадку агрэсіі Пуціна колькасць здрадаў з боку арміі і спецслужбаў у разы перасягне цяперашнюю ва Украіне. І ў той жа час Лукашэнка наглядна пераканаўся, наколькі шчыра Еўропа і ЗША змагаюцца за ўкраінскі суверэнітэт, як дыпламатычнымі метадамі, так і фінансавай падтрымкай. Цалкам магчыма, што цяпер Прэзідэнт больш актыўна будзе імкнуцца зблізіцца з Еўропай. І гэтаму працэсу пажадана толькі садзейнічаць, на час пакінуўшы асабістыя амбіцыі і крыўды», - лічыць ён.

Нагадаем, што ў свой час Міхась Кукабака быў вызвалены ў выніку «гарбачоўскай амністыі», стаўшы апошнім палітвязнем пермскіх лагераў праз адмову пісаць прашэнне пра памілаванне. Цяпер ён жыве ў Маскве, але ўважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі, адгукаючыся на іх публікацыямі ў інтэрнэце. У красавіку гэтага года Міхась Кукабака па запрашэнні ПЦ «Вясна» прыязджаў на радзіму, і ў яго была магчымасць бліжэй пазнаёміцца ​​з дзейнасцю буйнейшых беларускіх праваабарончых арганізацый. Адной з асноўных тэмаў у размовах савецкага дысідэнта з праваабаронцамі стала праблема палітычных зняволеных у Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства