viasna on patreon

Міхась Кукабака: Галоўнае - не губляць веру (фота)

2014 2014-04-26T15:59:00+0300 2014-04-28T09:53:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kukabaka_stefanovich_tut.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
В.Стэфановіч і М.Кукабака ў офісе TUT.BY 24.04.2014 Фота: Вадзім Заміроўскі

В.Стэфановіч і М.Кукабака ў офісе TUT.BY 24.04.2014 Фота: Вадзім Заміроўскі

25 красавіка скончыўся візіт на радзіму Міхася Кукабакі. Непажаданы для ўладаў савецкай Беларусі дысідэнт, гледзячы на сённяшняе жыццё краіны, адзначае, што сітуацыя для праваабаронцаў не простая, як і ва ўсіх краінах з посттаталітарнымі рэжымамі, але раіць не губляць веру.

За чатыры дні знаходжання ў Беларусі госць Праваабарончага цэнтра «Вясна» пабываў у Бабруску - горадзе свайго дзяцінства, а затым і зняволення, там у цеснай сяброўскай атмасферы ён пагутарыў з землякамі, сярод якіх былі журналісты, праваабаронцы і, што асабліва прыемна, стары прыяцель, з якім калісьці жылі ў адным інтэрнаце. Там жа праходзілі здымкі дакументальнага фільма пра новую сустрэчу з гэтым горадам, у якім, па прызнанні героя фільма, «нічога не мяняецца».

Сваімі ўражаннямі пра Мінск і Бабруйску Міхась Ігнатавіч дзяліўся ўжо на наступны дзень у сталіцы падчас сустрэчаў у офісах Беларускай асацыяцыі журналістаў і Беларускага Хельсінкскага камітэта.







Увечары 24 красавіка сустрэча з вядомым дысідэнтам адбылася ў офісе TUT.BY,
куды прыйшлі журналісты, яго старыя знаёмыя - мастак Аляксей Марачкін, вядомы сёння палітычны аналітык Раман Якаўлеўскі, гісторык і выдавец Алег Дзярновіч, а таксама праваабаронцы і сваякі палітвязняў - маці Эдуарда Лобава Марына Лобава, жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук і жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.

Удзел у гэтай публічнай сустрэчы прымалі намеснік кіраўніка ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч, вядомы юрыст з БХК Гары Паганяйла, сцэнарыст дакументальных фільмаў Паліна Сцепаненка.

Адкрываючы гэтую сустрэчу, Валянцін Стэфановіч назваў яе сімвалічнай, паколькі яна праходзіла ў святле украінска-расійскага канфлікту, калі адбываюцца спробы рэвізіі савецкай гісторыі і стварэння адзіна «правільнай» гісторыі. Ён адзначыў, што «ўжо выраслі цэлыя пакаленні, якія ведаюць пра СССР толькі па расказах бацькоў, іх успамінахпра шчаслівае піянерскае дзяцінства». Праваабаронца прывёў паралелі паміж фактамі з жыцця Міхаіла Кукабака і сітуацыяй з сённяшнімі палітычнымі вязнямі: «Міхась Ігнатавіч быў асуджаны за заклік да байкоту выбараў, у зняволенні яму неаднаразова прапаноўвалі пісаць прашэннепра памілаванне...».

Падчас сустрэчы савецкі дысідэнт распавёў пра тое, як ён самастойна прыйшоў да ідэі антысаветызму, якімі спосабамі спрабаваў супрацьстаяць камуністычнай дыктатуры, прыгадваючы розныя жыццёвыя гісторыі. А таксама - як яму даводзілася выжываць ў працяглым зняволенні ва ўмовах турмаў, лагераў і псіхіятрычных лякарняў.

Сустрэчы з журналістамі працягнулася і ў дзень ад'езду. 25 красавіка Міхась Кукабака быў запрошаны ў студыю беларускай службы Радыё Свабода - на гэтай радыёстанцыі ў канцы 1970- х быў зачытаны яго зварот да старшыні КДБ СССР Андропава. У інтэрв'ю Радыё Свабода на пытанне аб тым, ці змянілася Беларусь з савецкіх часоў, госць адказаў: Ёсць бліжні ракурс, а ёсць дальні. Калі казаць з дальняга ракурсу – змены вельмі вялікія. Нават той факт, што мы з вамі тут сядзім, што кожны можа без асаблівых дазволаў пакінуць краіну, з'ехаць – гэта таксама змены. А вось з блізкай адлегласці тое, што вы апісваеце [у гэты дзень былы палітвязень Зміцер Дашкевіч быў асуджаны да 25 сутак арышту; раней быў затрыманы актывіст БНФ Ілля Дабратвор, а актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, асуджаны на 10 сутак арышту, аб'явіў сухую галадоўку - рэд.], проста капіруе Маскву, Расію. Гэта паўсавецкая сістэма.Але ў савецкі час гэта ўжо не 25 сутак, а тры гады. Хоць фармальна быў штраф ад 100 рублёў, але я такога не чуў, каб штраф давалі. Тры гады – і ўсё.Таму пазітыў нейкі ёсць. Не такі, вядома, як у Прыбалтыцы, Малдове, але ёсць. Такая рэчаіснасць. Сумна, але цяжкі, доўгі шлях да свабоды.

Вяртаючыся ў Маскву, Міхась Кукабака сказаў, што агульнае ўражанне ад Беларусі ўсё ж пазітыўнае. Кажучы пра ўмовы, у якіх сёння працуюць беларускія праваабаронцы, ён таксама не ўтрымаўся ад параўнанняў з савецкім часам: “Як кажуць, скрозь скрыгат зубоў, з незадаволенасцю, але Лукашэнка сябе прытрымлівае... Бо ў савецкі час нават блізка нельга было нейкай там офіс праваабаронцам мець... Такое было зусім немагчыма ў Савецкім Саюзе. Нават калі людзі проста збіраліся пагаварыць на кватэры, то тут жа пад вокнамі з'яўляліся машыны з праслушкай... Вядома, сітуацыя для праваабаронцаў не простая ў краінах з посттаталітарнай рэжымамі - і ў Беларусі, і ў Расіі, і ў Казахстане - усюды так. Але ўсё ж гэта не савецкі час - павольнымі крокамі, спатыкаючыся, мы ідзем да прагрэсу...

Гаворачы пра сённяшніх палітычных зняволеных, былы неаднаразовы палітвязень раіць: «Галоўнае - не губляць веру. Чалавек хоча жыць, хоча дзейнічаць, быць карысным людзям. Усякія турмы, краты, тэрміны ўсё ж сканчаюцца. Трэба верыць. У зняволенні мне псіхалагічна надаваў аптымізму сам гэты элемент барацьбы: «Шыш вам - нічога ў вас не атрымаецца. Хоць усё жыццё прасяджу, ды чорта з два вы мяне зломіце

Візіт Міхася Кукабакі ў Беларусі праходзіў з 22 па 25 красавіка па запрашэнні Праваабарончага цэнтра "Вясна" . Сустрэчу з самым вядомым беларускім дысідэнтам арганізацыя прымеркавала да 18-годдзя сваёй дзейнасці.

 

Фота: Барыс Гарэцкі, Вадзім Заміроўскі, Ягор Маёрчык, ПЦ "Вясна"

Сустрэча з М.Кукабакам у БАЖ 24.04.2014. Фота: Барыс Гарэцкі
Сустрэча з М.Кукабакам у БАЖ 24.04.2014. Фота: Барыс Гарэцкі
Сустрэча з М.Кукабакам у БХК 24.04.2014 Фота: ПЦ "Вясна"
Сустрэча з М.Кукабакам у БХК 24.04.2014 Фота: ПЦ "Вясна"
Сустрэча з М.Кукабакам у БХК 24.04.2014 Фота: ПЦ "Вясна"
Сустрэча з М.Кукабакам у офісе TUT.BY 24.04.2014 Фота: Вадзім Заміроўскі
М.Кукабака ў студыі Радыё Свабода 25.04.2014 Фота: Ягор Маёрчык

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства