Міхась Кукабака наведаў мясціны “Скрадзенай Бацькаўшчыны” (фотарэпартаж)
23 красавіка Міхась Кукабака сустрэўся з землякамі ў Бабруйску. У родным горадзе, дзе вядомы дысідэнт і публіцыст не быў з пачатку 1990-х гадоў, ён прайшоўся гістарычнымі мясцінамі ды сцежкамі, якія апісваў у сваім нарысе “Скрадзеная Бацькаўшчына”калі вярнуўся у Бабруйск пасля першага тэрміну палітычнага зняволення.
Сваю сустрэчу з Бабруйскам Міхась Ігнатавіч распачаў з аднаго з галоўных помнікаў гісторыі горада – Бабруйскай крэпасці, якая ў XIX стагодзі служыла палітычнай турмой, дзе, напрыклад, знявольваліся дзекабрысты. У 1919 – 1920 гадах тут быў польскі лагер для ваеннапалонных чырвонаармейцаў, а падчас Другой сусветнай вайны - нямецкі канцлагер.
За плячыма Міхася Кукабакі – будынак перасыльнай турмы, што знаходзіцца непадалёк ад вакзала.
Бабруйск – адзіны беларускі горад, дзе ўстаноўлены помнік ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій.
Шлях па мясцінах “Скрадзенай Бацькаўшчыны” распачаўся з кінатэатра “Таварыш”.
На супраць кінатэатра ізноў узведзены сабор, якога Міхась Ігнатавіч не знайшоў на гэтым месцы падчас вяртання ў Бабруйск ў 1976 годзе. Доўгі час тут быў басейн.
"Спускаючыся да чыгуначнага пераезду, што на вуліцы Бахарава, заўважыў папераджальны надпіс ля шлагбаўма: “Берегись поезда!” І адразу ўзгадалася. А 25 гадоў таму тут было напісана: "Сцеражыся цягнiка!" і толькі ўнізе - рускі пераклад. Цяпер беларуская фраза знікла. Да ўласнага здзіўлення, мяне гэта непрыемна закранула. Нечакана я ўсвядоміў сябе беларусам…", - так апісаў гэтае месца Міхась Кукабака ў сваім нарысе.
"Дзесьці тут, на вуліцы Мінскай, побач са школай імя Бялінскага, павінен быць драўляны двухпавярховы дом з вялікім дваром, агароджаным глухім плотам. Уздоўж плота - шэрагі дрэваў. Дзесьці сярод іх - бярозка, пасаджаная маёй рукою. Як казала нам выхавальніца, - каб пакінуць памяць на зямлі. Каб было пра што ўспомніць, калі вернемся сюды дарослымі ... " Цяпер на месцы школы №25 імя Бялінскага знаходзіцца сярэдняя школа № 18.
Абыйшоўшы мясціны свайго дзяцінства, Міхась Кукабака сустрэўся з бабруйскімі журналістамі, грамадскімі актывістамі і знаёмымі маладосці.
Міхась Кукабака з журналістам Алесяй Скапінцавай.
Сустрэча з Аляксандрам Леаненкам, некалі суседам па працоўным інтэрнаце, у абарону якога Міхась Кукабака некалі збіраў подпісы, і прысвяціў гэтай гісторыі свой допіс у часопіс “Вожык”.
Свой візіт у Бабруйск, які з’яўляецца горадам дзяцінства Міхася Кукабакі, была палітвязень завяршыў салідарным жэстам – ён сфатаграфаваўся ля муроў бабруйскай калоніі, у якой знаходзіцца сённяшні праваабаронца-палітвязень Алесь Бяляцкі.
Фота: Сяргей Балай