Падазраваным хлопцам па справах беларускамоўных графіці абвінавачванняў не прад'явілі, але і не адпусцілі

2015 2015-08-14T21:16:53+0300 2015-08-24T17:58:07+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/grafici_kryminal_0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння каля 19 гадзінаў траіх затрыманых па справе беларускамоўных графіці павінны былі выпусціць з ІЧУ ці прад’явіць ім абвінавачванні. Аднак, ні аднаго, ні другога не адбылося.

Як раней адзначаў ПЦ “Вясна”, 5 хлопцаў былі жорстка затрыманы трое сутак таму па падазрэнні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясенню беларуска-моўных графіці “Беларусь мае быць беларускай” і “Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…”, а таксама запэцкванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.

Пазней, Яраслаў Ульяненкаў і грамадзянін Расеі Павел былі адпушчаныя пад падпіску, Максіма Пякарскага і Вадзіма Жаромскага да гэтага часу трымаюць у ІЧУ, а Вячаслаў Касінераў з падвоеным пералома сківіцы знаходзіцца ў шпіталі таксама пад вартай. Аніякіх паказанняў затрыманныя хлопцы не даюць. Сёння з адвакатаў узялі распіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы.

Згодна з ч. 3 арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, “затрыманне асобы, якая падазраецца ў здзяйсненні злачынства, не можа доўжыцца больш за 72 гадзіны з моманту фактычнага затрымання, па заканчэнні якіх затрыманы павінен быць вызвалены з-пад варты альбо ў дачыненні да яго прыменена мера стрымання, прадугледжаная Кодэксам”.

Але па заканчэнню трох сутак хлопцы застаюцца пад вартай. Відаць, Следчы камітэт усё ж скарыстаўся магчымасцю, прадастаўленнай арт. 118 КПК і абраў меру стрымання:

“Пры наяўнасці падстаў і з улікам абставінаў, указаных у арт. 107 і 108 Кодэкса, мера стрымання можа быць прыменена ў дачыненні да падазраванага. У такіх выпадках абвінавачванне павінна быць прад'яўлена не пазней дзесяці сутак з моманту прымянення меры стрымання, а калі падазраваны быў затрыманы, а затым у дачыненні да яго ўжытая мера стрымання, - у той жа тэрмін з моманту фактычнага затрымання. Калі ў гэты тэрмін абвінавачанне не будзе прад'яўлена, орган крымінальнага пераследу абавязаны неадкладна адмяніць меру стрымання”.

Фактычна яшчэ семь сутак маладыя людзі будуць пад вартай, пасля чаго Следчы камітэт павінен будзе ці прад’явіць абвінавачванні, ці адпусціць хлопцаў.

Сёння ж з афіцыйнай заявай выступіла і прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова, якая адзначыла:

"Названыя асобы падазраюцца ў тым, што ў ліпені бягучага году ажыццявілі псаванне рэкламнага шчыта з выявай супрацоўнікаў праваахоўных органаў, які належыць індывідуальнаму прадпрымальніку, прычыніўшы апошняму матэрыяльную шкоду ў памеры ня менш за 2 мільёны рублёў.

Акрамя таго, у выкананні на шэрагу збудаванняў у розных частках гораду надпісаў і малюнкаў, якія прапагандуюць гвалт у грамадстве і пагарджанне агульнапрынятымі правіламі паводзінаў, у прыватнасці, у малюнку сілуэту чалавека, які кідае бутэльку з запальнай сумессю. Следства разбіраецца ва ўсіх акалічнасцях здарэння. Дапытваюцца падазраваныя. Высвятляюцца матывы і мэты здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў".

У панядзелак Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступіць з афіцыйнай заявай наконт сітуацыі, якая склалася.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international