Леаніду Свеціку забаранілі пікет у Міжнародны Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі
Прычына забароны – адсутнасць дамоваў на абслугоўванне акцыі работнікамі ЖКГ, міліцыяй і медыкамі. Пра гэта віцебскаму праваабаронцу паведамілі ў лісце за подпісам кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Наталлі Ляпёшкінай.
Паколькі ў Віцебску акцыі па ініцыятыве грамадзян забараняюць пастаянна, бо абласное ўпраўленне МУС і гарадская паліклініка заўжды адмаўляюцца заключаць дамовы з пікетоўцамі, Леанід Свецік загадзя папрасіў раённую адміністрацыю даць распараджэньне адпаведным службам заключыць дамовы на абслугоўванне.
Аднак дапамогі праваабаронца не дачакаўся:
"Мне не толькі не паспрыялі – яшчэ і няправільна растумачылі заканадаўства. У адказе за подпісам Наталлі Ляпёшкінай напісана дзіўнае: нібыта ў 6 артыкуле Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” адмыслова згаданы Віцебск і прапісана неабходнасць дамоваў з канкрэтнымі структурамі ЖКГ, міліцыі і сістэмы аховы здароўя (фотадакумент). Між тым, усё інакш: у законе гаворыцца, што правядзенне мерапрыемстваў у рэгіёнах рэгулюецца мясцовымі ўладамі. І ўжо ў рашэнні Віцебскага гарвыканкаму № 881 прапісана канкрэтна, з якімі ўстановамі заяўнік мусіць заключаць дамовы".
Такім чынам, пікета ў Віцебску 4 жніўня не будзе . Гэты дзень быў абвешчаны як Міжнародны Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі пасля таго, як 4 жніўня 2011 году ў Менску быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі. Яму давялося правесці за кратамі тры гады.
Паводле Леаніда Свеціка, заяўкі на правядзенне пікетаў у Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі віцебскія праваабаронцы падаюць з 2012 года. Яшчэ ні на адну з іх не было станоўчага адказу.