Журналіст Зміцер Лупач аштрафаваны на 4,5 мільёны

2015 2015-07-23T22:44:00+0300 2015-07-24T00:30:50+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/lupach-zmicer-glybokaee.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Глыбоцкі райсуд прызнаў яго вінаватым у парушэнні заканадаўства аб СМІ - артыкула 22.9 ч.2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі).

Падставай для судовай справы стаў матэрыял "Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года", размешчаны 9 чэрвеня на сайце "Еўрарадыё".Справу разглядала старшыня Глыбоцкага райсуду Ірына Казак.

Суддзя не дазволіла выступіць у якасці сведкі прадстаўніку БХК па Віцебскай вобласці, сябру ГА “БАЖ” Паўлу Левінаву. Ён хацеў патлумачыць, што Зміцер Лупач, як прыватная асоба, не з’яўляецца выдаўцом або распаўсюднікам СМІ. Аўтарства Змітра Лупача не пацвердзіў і прадстаўнік “Еўрарадыё”, дырэктар карпункта Канстанцін Залатых – ён засведчыў, што гэта быў рэдакцыйны артыкул.

Адвакат спадара Лупача падкрэсліла, што сведкі не пацвердзілі таго, што давалі інтэр’ю Змітру Лупачу. І што журналіста пазбавілі права на абарону, бо пратакол пра ягонае правапарушэнне быў складзены 25 чэрвеня, і толькі 10 ліпеня, паводле дакументаў судовай справы, яму патлумачылі ягоныя правы. Адвакат прапанавала скасаваць справу Зміцера Лупача, прызнаўшы яго невінаватым.

Тым не менш, суд прызнаў журналіста вінаватым, не прыняўшы да ўвагі тлумачэнні Зміцера Лупача, які таксама не лічыць сябе правапарушальнікам. Суд таксама не прыняў высновы адваката, што пратакол правапарушэння складзены некарэктна: у ім няма звестак пра час і месца здзйснення правапарушэння, няма подпісу журналіста пра тое, што яго азнаёмілі з правамі і абавязкамі асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Апрача гэтага, адвакат зазначыла, што міліцыя праводзіла праверку дзеянняў журналіста паводле нормаў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, а ў адміністрацыйным заканадаўстве такога не прадугледжана.

Дакументы справы Зміцера Лупача аднойчы ўжо вярталі на дапрацоўку ў міліцыю – першапачаткова дата суду над журналістам была прызначана на 10 ліпеня. Новага пратаколу на спадара Лупача не склалі. Старшыня суду вырашыла, што ў такім выглядзе, як ёсць, справа можа быць разгледжана ў судзе.

Журналіст кажа, што збіраецца абскардзіць рашэнне Глыбоцкага райсуду у Віцебскім абласным судзе.

Пакуль адміністрацыйная справа Зміцера Лупача вандравала паміж судом і міліцыяй, прадстаўнікі КДБ схілялі яго да супрацоўніцтва. Паводле журналіста, яны пагражалі, што створаць непрыемнасці для жонкі Зміцера і ягонага сына. Пра гэта Зміцер Лупач распавёў сваім калегам, заявіўшы "вярбоўшчыкам", што ні пры якіх акалічнасцях не стане даносіць ніякіх звестак пра тое, што іх цікавіць – пра паездкі ва Ўкраіну, пра кантакты з замежнікамі, пра дзейнасць апазіцыйных актывістаў у рэгіёне. Журналіст адмовіўся ад супрацоўніцтва ў якасці “стукача” і расказаў пра спробы вярбоўкі сваім калегам.

У парушэнні заканадаўства аб СМІ – таго ж артыкула 22.9 ч.2 КаАП -- вінавацяць і глыбоцкую незалежную журналістку Таццяну Смоткіну. Першапачаткова суд быў прызначаны на 9 ліпеня, але не адбыўся – дакументы таксама вярнулі на дапраўцоўку ў міліцыю. Новая дата суду пакуль не прызначана.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international