КДБ схіляе да супрацоўніцтва незалежнага журналіста Зміцера Лупача
Незалежны глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач распавёў, як прадстаўнікі КДБ схілялі яго да супрацоўніцтва. Спачатку ён вырашыў проста ігнараваць прапановы, але яны паўтараліся. І Зміцер Лупач вырашыў звярнуцца да журналістаў і праваабаронцаў.
Ён распавёў, што меў некалькі сустрэч са службоўцамі – і мінскімі, і глыбоцкімі:
"Усё пачалося 25 чэрвеня з выкліку ў фінансавую міліцыю. Незадоўга да таго я меў праблемы з падатковай інспекцыяй, на мяне нават наклалі штраф. На сённяшні дзень я яго ўжо сплаціў, а тады выклік мяне дужа не здзівіў. Аднак там мяне сустрэлі двое невядомых людзей, сказалі, што яны з Мінску, і адмыслова прыехалі, каб са мной сустрэцца. Яны назвалі сябе, паказалі "чырвоныя кніжачкі", але я ад нечаканасці нічога не запомніў. Адзін са спадароў, паказаўшы "чырвоную кніжачку", пачаў распытваць мяне пра паездкі ва Ўкраіну, а таксама пра мае кантакты з замежнікамі", -- распавёў Зміцер Лупач.
Адзін з "кантактаў з замежнікамі " адбыўся ў чэрвені. І аповед пра гэта стаў пачаткам для адміністрацыйнага працэсу: Зміцера Лупача абвінавацілі ў супрацоўніцтве з замежнымі СМІ без акрэдытацыі – у парушэнні артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Зміцер сустракаўся з палякамі, якія прыязжалі на Глыбоччыну, і пазней на сайце "Еўрарадыё" і ў газеце "Вольнае Глыбокае" выйшаў артыкул "Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года". Суд над незалежным журналістам быў прызначаны на 10 ліпеня, але не адбыўся – дакументы справы адправілі на дапрацоўку ў міліцыю.
Аднак у Зміцера з’явіліся новыя турботы, яго пачаў выклікаць на гутаркі без пратаколу мясцовы супрацоўнік КДБ.
"30 чэрвеня мне патэлефанаваў спадар, з якім мы таксама сустракаліся ў фінансавай міліцыі. Туды пасля гутаркі з мінскімі прадстаўнікамі з'явіліся мясцовыя. Распытвалі мяне пра супрацоўніцтва з замежнымі СМІ і папярэдзілі пра недапушчальнасць парушэння крымінальнага артыкула №369.1 - наконт прадастаўлення замежнай дзяржаве непраўдзівых звестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае становішча грамадзян і гэтак далей. Адным словам, пра недапушчальнасць дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Мне далі падпісацца пад дакументам пра гэта, але копіі на пакінулі. Супрацоўнік КДБ расказаў , што ў іх ёсць шмат доказаў майго супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, але яны не будуць іх агучваць, калі я пагаджуся "дапамагчы". Мне было прапанавана інфармаваць "органы" пра палітычнае жыццё рэгіёна, расказваць нейкія падрабязнасці пра тутэйшых актывістаў, паведамляць пра сустрэчы з сябрамі ГА "БАЖ", калі нехта прыяжджае ў Глыбокае з іншых гарадоў. Прычым супрацоўнік КДБ не столькі прасіў, каб я паведамляў пра ўсё гэта, колькі запалохваў - што будуць праблемы ў жонкі і дзяцей, калі я не пагаджуся супрацоўнічаць", - працягвае Зміцер.
Спачатку ён вырашыў, што КДБ страціць для яго цікаўнасць, калі не даваць супрацоўнікам аніякай інфармацыі. Аднак 9 ліпеня той самы супрацоўнік патэлефанаваў і зноў прапанаваў сустрэцца "ў нефармальнай абстаноўцы". Зміцер Лупач кажа, што катэгарычна адмовіўся быць "стукачом", нягледзячы на пагрозы. І вырашыў распавесці сваю гісторыю, каб папярэдзіць сяброў і калег, што яны таксама могуць трапіць у падобную сітуацыю.