Сельвыканкам патрабуе тлумачэнняў ад актывістаў, якія знайшлі ў лесе чалавечыя парэшткі

2015 2015-07-17T01:05:03+0300 2015-07-17T01:05:03+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-pahavanne.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ужо некалькі гадоў, як мясцовыя жыхары знаходзяць чалавечыя парэшткі ў лесе каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну. Актывісты з абласнога цэнтру напісалі пра гэта заявы ў пракуратуру, міліцыю і следчы камітэт. Цяпер Мазалаўскі сельвыканкам патрабуе, каб яны з'явіліся для "высвятлення акалічнасцяў".

Запрашэнні дзіўнага зместу атрымалі Барыс Хамайда, Ян Дзяржаўцаў і Леанід Аўтухоў.

"Прашу з'явіцца ў Мазалаўскі сельвыканкам для высвятлення акалічнасцяў па пытанні раскопак”, гаворыцца ў паперы, атрыманай па пошце.

"Дзіўная папера, атрымліваю такую другі раз. Першы раз атрымаў у той самы дзень, як мне прызначылі тэрмін, другі раз папера прыйшла, калі мяне не было ў горадзе, - расказвае Барыс Хамайда. – Я нават на першую адказаў, што не паспяваю прыехаць. А потым стаў разважаць, ці ехаць туды ўвогуле. Сельвыканкам да мяне не мае аніякага дачынення, бо я жыву ў горадзе. У паперы не значыцца, у якасці каго мяне выклікаюць і дзеля чаго. Што ў лесе ёсць парэшткі, старшыня сельвыканкаму Леанід Дубіна бачыў на ўласныя вочы. Таксама ён бачыў, што ў лесе панарытыя нейкія ямы – верагодна, там нешта шукаюць "чорныя капальнікі". Спадар Дубіна ведае, што мы самі нічога не раскопвалі – косткі і прастрэленыя чарапы з кулявымі адтулінамі ўвогуле ляжаць на паверхні, іх няма чаго раскопваць".

Праваабаронца Леанід Свецік не выключае, што актывістаў выклікаюць у сельвыканкам, каб распачаць супраць іх адміністрацыйную справу:
"У паперы напісана, што ў выканкам прыйшлі дакументы са следчага камітэта. Але ў следчым камітэце актывісты былі, тлумачэнні давалі. Якога "высвятлення" хоча сельвыканкам, незразумела. Бо актывісты да мясцовых уладаў звярталіся неаднаразова, сваю пазіцыю выкладалі: маўляў, паводле сведкаў, у гэтым лесе расстрэльвалі ахвяраў сталінскага тэрору – 1930-я гады. Прапаноўвалі, каб выканкам дазволіў зрабіць прыборку гэтага ўчастка леса. Але дазволу не атрымалі. Таму самі некалькі разоў прыходзілі туды з кветкамі, свечкамі, маліліся на месцы загубы невядомых людзей".

Хто знайшоў апошні спачын у лесе каля вёскі Хайсы, дагэтуль невядома. Актывістам паведамілі толькі тое, што гэтым парэшткам больш за 50 гадоў. Прычыну і даўніну смерці вызначыць нібыта немагчыма. І таму парэшткі, якія забіралі з лесу на экспертызу, проста перададзены службам ЖКГ для пахавання. Падрабязнасцяў даведацца не ўдаецца: актывстам напісалі, што яны не лічацца заяўнікамі па гэтай справе, а таму вынікі доследаў іх нібыта не тычацца.

Паводле сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава, яны звярталіся з заявамі пра парэшткі ў абласныя структуры, а тыя пераслалі звароты ў раённы аддзел Следчага камітэту. І фактычна заяўнікамі сталі самі, пакінуўшы актывістаў убаку ад справы. Аднак цяпер пра іх раптам "прыгадалі" і пачалі выклікаць у сельсавет з незразумелымі мэтамі. Тым болей, што старшыня сельвыканкаму ў размове з актывістамі не раз паўтараў: "Аніякіх мемарыялаў у мяне тут не дачакаецеся!" А ў газеце Віцебскага раёну «Жыццё Прыдзвіння» ў нумары за 19 траўня быў апублікаваны артыкул Н. Цірусавай пад загалоўкам «…Где гремели бои», дзе чытачоў падводзілі да думкі, што ў лесе пад Хайсамі, найверагодней, знаходзяць парэшткі ахвяраў баёў мінулай вайны. Чаму памяць пра герояў ў год Перамогі так і не была ўшанавана належным чынам, аўтарку не турбуе, але яна ўпарта падкрэслівае, што дзейнасць тых, хто парушае парадак ускрыцця вайсковых пахаванняў, караецца законам. Толькі не піша, што супраць "чорных капальнікаў" якраз-такі і змагаюцца актывісты, патрабуючы высвятлення, чые парэшткі ляжаць у лесе, і чаму мясцовая ўлада не турбуецца, каб іх пахаваць па-людску.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international