Следчы камітэт не даў адказу, адкуль у лесе чалавечыя парэшткі
Сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў атрымаў адказ ад аддзела Следчага камітэта Віцебскага раёну. Актывіст звяртаўся туды, каб адпаведныя службы правялі праверку, чые парэшткі знаходзяцца ў вялікіх ямінах на ўскрайку леса каля вёскі Хайсы. Адказ СК не задаволіў актывіста.
У лісце за подпісам Аляксея Ларкіна, начальніка Віцебскага раённага аддзела Следчага камітэта гаворыцца, што экспертыза здолела вызначыць толькі тое, што гэтым парэшткам больш за 50 гадоў. Прычыну і даўніну смерці вызначыць нібыта немагчыма. І таму парэшткі, якія забіралі з лесу на экспертызу, будуць проста перададзены службам ЖКГ для пахавання.
На думку спадара Дзяржаўцава, гэта абуральна:
"У лесе адкрыта ляжаць чалавечыя косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі ў патыліцы. Мясцовыя старажылы распавядаюць, што ў гэтым лесе ў 1937-38 гадах расстрэльвалі ахвяраў сталінскага тэрору. А следчыя сцвярджаюць, што не ведаюць прычыну смерці. Як такое можа быць? А раптам тады гэтыя людзі памерлі ад небяспечнай хваробы? Тады гэтае месца трэба нейкім чынам апрацоўваць. А раптам расстраляныя – гэта ахвяры Вялікай Айчыннай вайны? Мы ж тут нядаўна адзначалі ўгодкі Перамогі, а цяпер – што? Ахвяраў фашызму можна недзе закапаць і забыцца? І ўсё ж я ўпэўнены, што ў лесе пад Хайсамі ляжаць ахвяры сталінскіх расстрэлаў, на гэта ўказваюць мясцовыя сведкі. Але камусьці трэба гэтую справу "спусціць на тармазах", каб не прыцягваць увагу грамадскасці…"
Ян Дзяржаўцаў збіраецца абскарджваць адказ з райаддзелу СК. Між тым, гэта адказ на першы зварот віцебскіх актывістаў. Яны напісалі яго, знайшоўшы ў лесе чалавечыя парэшткі яшчэ ўвосень мінулага года, 11 лістапада.
Сёлета ў траўні аднадумцы з грамадскай ініцыятывы "Хайсы", створанай Янам Дзяржаўцавым, зноў неведаліся ў тыя мясціны. І знайшлі яшчэ шмат костак – значна больш, чым мінулай восенню Тады на экспертызу забралі 4 чарапы і некалькі костак. Цяпер актывісты заўважылі складзеныя ў яме косткі, якія маглі належаць прыкладна 50-ці чалавекам. Пасля іх чарговага звароту ў СК косткі зніклі. Магчыма, іх таксама забралі следчыя. У такім выпадку дзіўна, чаму яны не забралі іншыя доказы і сведчанні – прыкладам, фрагменты абутку, на якіх захаваліся даты вырабу – не пазней за 1938 год?
Першы адказ на травеньскі зварот актывісты ўжо атрымалі: са Следчага камітэту ім паведамілі, што няма падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы па факце знаходкі чалавечых парэшткаў. Але таксама напісалі, што па гэтых фактах праводзіцца праверка. Актывісты непакояцца, каб яна не скончылася тым самым, што і ў першы раз: што парэшткі безыменных ахвяраў будзе вырашана сабраць па лесе і цішком перазахаваць у іншым месцы. Так і не высветліўшы, што за людзі тут загінулі, у які дакладна час і хто ў гэтым вінаваты.