Начальнік Ленінскага РАУС Магілёва сцвярджае, што яго падначаленыя пенсіянерку не збівалі

2015 2015-06-12T20:34:06+0300 2015-06-12T20:34:06+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/milicyja-kajdanki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Начальнік Ленінскага РАУС горада Магілёва палкоўнік міліцыі Аляксандр Маскалёў даў каментар інтэрнэт-сайту Магілёўскага УУС наконт збіцця яго падначаленымі 58-гадовай пенсіянеркі. Інфармацыю пра тое, што магілёўскую пенсіянерку збілі супрацоўнікі міліцыі, днямі размясцілі на сваіх старонках цэлы шэраг інтэрнэт-рэсурсаў.

Па словах палкоўніка Маскалёва, жанчына была затрыманая супрацоўнікамі Ленінскага РАУС г. Магілёва ў памяшканні інтэрната па вуліцы Будаўнікоў, дзе яна скандаліла і парушала грамадскі парадак у нецвярозым стане. Пенсіянерка нібыта працягвала скандаліць і ў памяшканні Ленінскага РАУС, куды яе даставілі супрацоўнікі міліцыі, што вымусіла іх прымяніць спецсродкі (кайданкі) і змясціць у пакой для часовых затрыманых РАУС.

Міліцыянты выклікалі брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі, якая канстатавала, што жанчына знаходзіцца ў нецвярозым стане, і задакументавалі адсутнасць скаргаў з яе боку.

Аляксандр Маскалёў кажа, што памяшканні Ленінскага РАУС абсталяваныя камерамі відэаназірання, пры праглядзе запісаў з якіх факта збіцця жанчыны не ўстаноўлена.

Пазней жанчына з Ленінскага РАУС была дастаўлена ў ізалятар часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама, дзя яна правяла ноч з 6 на 7 чэрвеня, і раніцай 7 чэрвеня звярнулася са скаргай на немагчымасць размаўляць і есці. Праз некалькі сутак жанчына звярнулася з заявай, што яе збіў супрацоўнік міліцыі.

Палкоўнік Маскалёў падкрэсліў, што 58-гадовая пенсіянерка раней неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці: на яе складалася 13 адміністрацыйных пратаколаў, па 4 з якіх правапарушэнні здзейсненыя ў гэтым годзе.

Сама пенсіянерка Святлана Іванюшава сцвярджае, што падчас знаходжання ў Ленінскім РАУС г. Магілёва адзін з супрацоўнікаў міліцыі біў яе рукамі і нагамі. Па словах жанчыны, у міліцыю яна звярнулася сама, каб вырашыць праблему бытавога характару, якая ўзнікла падчас спрэчкі з зяцем.

Зараз Святлана Іванюшава знаходзіцца на лячэнні ў Магілёўскай абласной бальніцы. У яе зламана сківіца, на целе вялікія гематомы. Жанчына прайшла судова-медыцынскую экспертызу.

Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці праводзіць праверку па факце збіцця пенсіянеркі Святланы Іванюшавай.

Спасылка на матэрыял УУС: http://uvd.mogilev.by/news/nachalnik-leninskogo-rovd-mogileva-prokommentiroval-informaciyu-ob-izbienii-milicionerami-58

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international