Віцебск застаўся без "ідэалагічнага кіраўніка"

2015 2015-04-14T20:16:23+0300 2015-04-14T20:16:23+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/chyny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У гарвыканкаме адбыліся змены, пра якія чыноўнікі чамусьці не лічаць патрэбным паведамляць жыхарам Віцебска. З пераліку намеснікаў старшыні гарвыканкаму знікла прозвішча Уладзіміра Шломы, які займаўся пытанннямі адукацыі, спорту, турызму, ідэалогіі, культуры, справамі моладзі. І запомніўся негатыўным стаўленнем да дэмакратычных актывістаў.

Да асобы Уладзіміра Шломы ў жыхароў Віцебску ўвага асаблівая. Напрыклад, ён быў удзельнікам гучных падзеяў вакол звальнення з працы настаўніцы вышэйшай катэгорыі, маці былога палітвязня, віцебскай актывісткі Тацяны Севярынец. Тады, у 2007 годзе, Уладзімір Шлома працаваў загадчыкам Першамайскага раённага аддзела адукацыі. Паводле звестак сайта "Народныя Навіны Віцебска", на працы ў гэтым райаддзеле спадар Шлома апынуўся, нават не скончыўшы ВНУ. А неўзабаве пасля звальнення Тацяны Севярынец ён атрымаў падвышэнне – яго перавялі працаваць начальнікам гарадскога аддзела адукацыі.

У 2011 годзе Уладзімір Шлома атрымаў новае прызначэнне – стаў намеснікам старшыні гарвыканкаму, курыраваў аддзелы адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, камісію па справах непаўнагадовых, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. У гэтай якасці ён запомніўся многім віцебскім актывістам, бо неаднаразова забараняў правядзенне масавых акцый. З гэтай нагоды мясцовыя прадстаўнікі апазіцыі спрабавалі судзіцца, але ў суд Уладзімір Шлома не з'яўляўся, спасылаючыся на занятасць. А забароны праводзіць акцыі аргументаваў рашэннем віцебскага гарвыканкама, паводле якога заяўнікі мусяць загадзя прадстаўляць органу мясцовай улады дамовы на абслугоўванне акцый. Заключыць такія дамовы ні з медыкамі, ні з міліцыяй аказвалася немагчымым, а змяніць гэты пункт рашэння гарвыканкаму чыноўнікі, і ў прыватнасці, спадар Шлома, катэгарычна адмаўляліся.

Прасцей кажучы, спадар Шлома асабіста спрычыніўся да таго, што з 2008 году ў Віцебску не было дазволена ніводнага масавага мерапрыемства паводле ініцыятывы дэмакратычных актывістаў.

На пасадзе намесніка старшыні гарвыканкаму Уладзімір Шлома працягваў публічна канфліктаваць з актывісткай Тацянай Севярынец. У прыватнасці, дазваляў сабе некарэктныя выказванні падчас абмеркавання праблемы будаўніцтва паліклінікі ў віцебскім мікрараёне "Білева", узнятай каардынатаркай аргкамітэту па стварэнні партыі БХД.

Нейкі час таму ў Віцебску з’явілася інфармацыя, што Уладзіміра Шлому адправілі ў адстаўку. Аднак афіцыйнага пацверджання гэтаму няма – найперш таму, што гарадскія ўлады чамусьці не лічаць патрэбным інфармаваць гараджан пра змены ў складзе кіраўніцтва горада. І пра тое, што такія змены ёсць, сведчыць толькі сайт гарвыканкаму: на ім больш няма згадак пра спадара Шлому ў якасці намесніка старшыні, і адсутнасць фотаздымка чыноўніка можа азначаць толькі тое, што пасада пакуль застаецца незанятай.

 

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international