viasna on patreon

Маці палітвязьня Тацяна Севярынец будзе судзіцца з чыноўнікамі ад адукацыі

2007 2007-05-14T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Настаўніца з Віцебску Тацяна Севярынец, якую загадчык Першамайскага райаддзела адукацыі Ўладзімер Шлома звольніў за тое, што яна быццам бы зьдзейсьніла на вясеньніх вакацыях прагулы, падала на аддзел адукацыі ў суд. Па звестках Радыё Рацыі, позву ёй дапамог падрыхтаваць адвакат Міхаіл Замалін.

Пра маючы адбыцца судовы працэс Тацяна Севряынец кажа: "Спадзяюся на перамогу, таму што яна відавочная. Тыя факты, якія ўскрыліся ў часе нашага сямейнага досьледу, паказваюць на тое, што зрабілі ў РАНА, тое, што яны справакавалі і тое, што яны сфабрыкавалі, увогуле супраць закону. І калі юрысты, калі судзьдзя падыйдзе да гэтага так, як трэба с пункту гледжаньня таго ж закону, ад імя якога дзейнічае кіраўнік РАНА, гэта мая перамога".

А факты знайшліся цікавыя. Дазвол на сацыяльны адпачынак Севярынец атрымала ад дырэктара школы Юры Лаўрэнава, і, паводле закону, у ніякіх іншых дазволах ёй патрэбы не было. Але яна зьвярнулася да Шломы, які завізаваў заяву надпісам: "У загад". Ужо потым нечакана зьявілася іншая віза — намесьніцы загадчыка Гардзюк, якая адным росчыркам пяра адмяніла распараджэньне свайго непасрэднага кіраўніка. Дарэчы, у гэты час сам У. Шлома быў на працоўным месцы.

Улады спадзяваліся, што актывістка грамадзкага руху ціхенька сыйдзе на пэнсію, але тут паднялі вэрхал ейныя вучні ды іхныя бацькі. Яны спачатку папрасілі, а потым пачалі патрабаваць вярнуць ім любімую настаўніцу. У выніку атрымалася, што ўлады пакаралі не свавольнага пэдагога, а бацькоў і дзетак. А гэта ўжо ёсьць сацыяльным канфліктам. Яго паспрабаваў прытушыць У. Шлома, але сваімі чынавецкімі паводзінамі ды непавагай да думак людзей толькі распаліў яшчэ мацней. Да зваротаў у Міністэрства адукацыі і ва Ўпраўленьне па справах прэзыдэнта далучыліся нават тыя, хто спачатку думаў застацца ў баку. Тацяна Яўгенаўна не хавае, што гэткая падтрымка яе вельмі натхняе: "Мяне вельмі натхняюць мае бацькі. Кожны дзень мы зь імі стэлефаноўваемся. Яны пытаюць у мяне, як справы, дзеляцца ўражаньнямі, кажуць, як іхныя дзеткі адчуваюць сябе ў школе, кажуць, што яны мяне чакаюць. І таксама разам са мной спадзяюцца на перамогу".

24 траўня адбудзецца папярэдняе паседжаньне суду, на якім абодвум бакам будзе прапанавана знайсьці агульную мову ды вычарпаць канфлікт. Але наўрад ці ўладныя структуры пойдуць на аднаўленьне звольненай настаўніцы на працы. Тым больш, ніхто не хавае, што справа мае палітычную замову.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства