Праваабаронцы патрабуюць спынення крымінальнага пераследу палітвязня Мікалая Дзядка і яго вызвалення

2015 2015-01-22T12:58:42+0300 2015-01-22T16:02:05+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/fidhviasnabhk-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 FIDH – Міжнародная федэрацыя за правы чалавека

і яе сяброўскія і партнёрскія арганізацыі

Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Мінск-Парыж,

22 студзеня 2015 г.

  

Праваабарончыя арганізацыі патрабуюць неадкладнага спынення крымінальнага пераследу палітвязня Мікалая Дзядка
і яго вызвалення 

Мікалай Дзядок быў узяты пад варту 3 верасня 2010 года. 27 траўня 2011 года суд Заводскага раёна Мінска прысудзіў яго да 4,5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (“злоснае хуліганства”). 5 снежня 2012 года пастановай суда ўмовы адбыцця пакарання былі замененыя на больш жорсткія і Мікалай быў пераведзены з калоніі № 17 г. Шклова ў турму № 4 г. Магілёва.

Падставай для прысуду Мікалаю Дзядку стаў ягоны ўдзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту супраць сумесных руска-беларускіх вайсковых вучэнняў каля Міністэрства абароны. Следства і суд па справе суправаджаліся шматлікімі парушэннямі прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва. Гэтыя абставіны дазволілі кваліфікаваць гэтую крымінальную справу як палітычна матываваную, а Мікалая Дзядка як палітычнага зняволенага.

Падчас зняволення Мікалай Дзядок неаднаразова атрымліваў дысцыплінарныя спагнанні з боку адміністрацыі пенітэнцыярных установаў, у якіх ён адбываў пакаранне. Яго змяшчалі ў ШЫЗА (штрафны ізалятар) і памяшканне камернага тыпу, пазбаўлялі спатканняў і перадачаў. Ціск на Мікалая не спыніўся нават пасля яго пераводу ў турму № 4 г. Магілёва. У некаторых выпадках ён ажыццяўляўся праз іншых зняволеных. На працягу кароткага перыяду часу з прычыны правакацый і канфліктаў Мікалая чатыры разы пераводзілі ў розныя камеры. Ён быў вымушаны звярнуцца да адміністрацыі турмы з просьбай аб яго ўтрыманні ў адзіночнай камеры. У выніку ціску і цяжкасцяў здароўе Мікалая Дзядка пагоршылася.

3 сакавіка 2015 года Мікалай Дзядок павінен быў выйсці на волю ў сувязі са сканчэннем тэрміна зняволення. Аднак, як стала вядома, у адносінах да яго была распачатая новая крымінальная справа паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Падставай для крымінальнай справы сталі матэрыялы дысцыплінарных спагнанняў, раней накладзеных на яго адміністрацыяй турмы. 13 студзеня 2015 года скончыўся тэрмін папярэдняга следства, пасля чаго матэрыялы справы былі перададзеныя ў пракуратуру для падрыхтоўкі іх перадачы ў суд. У выпадку прызнання вінаватым, Мікалай Дзядок можа быць прысуджаны да яшчэ аднаго года пазбаўлення волі. Варта адзначыць, што праваабарончыя арганізацыі ў Беларусі выступаюць за адмену гэтага артыкула Крымінальнага кодэкса, які не мае аналагаў у іншых краінах былога Савецкага Саюза, і паказваюць на магчымасць яго адвольнага прымянення ў дачыненні да непажаданых для ўладаў зняволеных з мэтай фактычнага падаўжэння тэрміну турэмнага зняволення.

У сувязі з вышэйсказаным, нашыя арганізацыі выказваюць сваю глыбокую заклапочанасць у сувязі з сур’ёзнымі пагрозамі для жыцця і здароўя Мікалая Дзядка і падкрэсліваюць, што ўся адказнасць за яго бяспеку і абарону ляжыць на адміністрацыі турмы № 4 г. Магілёва і кіраўніцтве Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь.

Мы таксама выказваем пратэст супраць новага крымінальнага пераследу Мікалая Дзядка, які лічым выключна палітычна матываванай справай, і патрабуем яго неадкладнага спынення, а таксама неадкладнага і безумоўнага вызвалення Мікалая Дзядка і іншых палітычных зняволеных у Беларусі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international