Касацыйныя скаргі ўдзельнікаў фотасесіі "з клеткамі і птушкамі" суд не задаволіў

2014 2014-12-24T14:52:43+0300 2014-12-24T14:52:43+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-grafici.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Віцебскім абласным судзе прайшлі разгляды касацыйных скаргаў мясцовых журналістаў і актывістаў, якіх аштрафавалі за несанкцыянаванае пікетаванне. Спагнанні аспрэчыць не ўдалося: аргументы пра тое, што гэта было не пікетаванне, а фотасесія на фоне гарадскога графіці, абласны суд не прыняў і пакінуў рашэнні суда Чыгуначнага раёна без зменаў.

Удзельнікі фотасесіі прасілі Віцебскі абласны суд адмяніць вынесеныя ім штрафы і спыніць справы, распачатыя за фотаграфаванне без санкцыі мясцовых уладаў. Яны даводзілі, што фотасесія не была пікетаваннем, і што пад дзеянне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах фотасесія ніяк не падпадае. І нават калі супрацоўнік аддзела міліцыі Чыгуначнага раёна Аляксандр Рыбакоў, які складаў пратаколы правапарушэння, убачыў на фотаздымках" выказванне грамадскіх і асабістых інтарэсаў", то на гэта мае права кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь.

Ніводзін з гэтых аргументаў не быў прыняты да ўвагі суддзямі абласнога суда. Скаргі шасці ўдзельнікаў фотасесіі разглядалі розныя суддзі -- Ірына Смалякова, Святлана Іванова і Эдвард Марцірасян – але высновы яны зрабілі аднолькавыя: пастановы суда Чыгуначнага раёна пакінуць без зменаў.

Паводле гэтых пастаноў, удзельнікам фотасесіі на фоне гарадскога графіці, журналістам Алене Сцяпанавай, Алене Шабуні, Зміцеру Казакевічу, Кастусю Мардзвінцаву, праваабаронцу Паўлу Левінаву, а таксама грамадскай актывістцы Тацяне Севярынец былі вынесены штрафы памерам ад 18 да 25 базавых велічынь.
Пётр Бярлінаў – выпадковы мінак, які далучыўся да фотасесіі, быў асуджаны на трое сутак арышту. Ягоную касацыйную скаргу абласны суд таксама ўжо разгледзеў – пакінуў пастанову суда без зменаў.

Праваабаронца Павел Левінаў лічыць, што ў Віцебску запачаткавана вельмі небяспечная тэндэцыя:

"Цяпер ёсць прыклад таго, як за фотаздымкі, зробленыя на вуліцы горада, можна трапіць у правапарушальнікі. Удзельнікі нашай фотасесіі ўсяго толькі сфатаграфаваліся на фоне малюнка –графіці, на якім намаляваныя тры клеткі і тры птушкі, якія вылатаюць з клетак на волю. Мы вырашылі працягнуць ідэю невядомага мастака – сфатаграфаваліся з папяровымі клеткамі і птушкамі ў руках. У выніку – трапілі пад суд. Паводле судовых пастаноў – за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. А калі канкрэтна – за тое, што сфатаграфаваліся без дазволу раённых уладаў. Атрымліваецца, цяпер усе, у тым ліку і турысты – госці Віцебска, мусяць не пазней як за 15 дзён звярнуцца ў раённую адміністрацыю па дазвол на фотаздымкі?"

Павел Левінаў, дарэчы,  даслаў такі зварот у адміністрацыю Чыгуначнага раёна – напісаў, што збіраецца сфатаграфавацца з сябрамі на фоне таго самага графіці. І фотаграфавацца яму забаранілі, спаслаўшыся на рашэнне гарвыканкаму "Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебску". Маўляў, Левінаў не прадставіў дамовы на "абслугованне акцыі" міліцыяй, цэнтральнай паліклінікай і службай ЖКГ.

Пагадзіцца з гэтым немагчыма, лічыць праваабаронца. Забарону адміністрацыі Чыгуначнага раёну ён збіраецца абскардзіць у судзе. А ўдзельнікі фотасесіі "з птушкамі і клеткамі", якіх аштрафавалі за фотаздымкі на фоне графіці, хочуць пасля няўдачы ў абласным судзе падаваць скаргі далей – у вышэйшыя судовыя інстанцыі.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international