viasna on patreon

Віцебск: трое сутак арышту за ўдзел у фотасесіі

2014 2014-12-03T17:41:00+0300 2014-12-03T17:41:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/biarlinau-petr-vicebsk.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Чыгуначнага раёна Віцебска працягваюцца працэсы над удзельнікамі фотасесіі на фоне графіці – малюнка, дзе птушкі вылятаюць з клетак. Пяцёра чалавек – актывітсаў і журналістаў – атрымалі за гэта штрафы. Выпадковы мінак Пётр Бярлінаў, які саксама вырашыў сфатаграфавацца, асуджаны да трох сутак арышту.

Гэтыя трое сутак, якія ў якасці пакарання Пятру Бярлінаву прысудзіла суддзя Алена Цыганкова, ён ўжо адбыў: з моманту затрымання 28 лістапада да 13 гадзін 1 снежня.

"Мяне затрымалі на вуліцы, завезлі ў РАУС Чыгуначнага раёна, склалі пратакол за нібыта "несанкцыянаванае пікетаванне" – за фотаздымкі каля будынка па вуліцы Ільінскага, дзе людзі фатаграфаваліся з папяровымі птушкамі і клеткамі ў руках. Таксама папрасіўся сфатаграфавацца, узяў пару птушак. Усё было вельмі прыстойна, і ніяк не падобна да пікета – не было ні транспарантаў, ні заклікаў. Я і ўявіць сабе не мог, што гэта расцэняць як парушэнне правапарадку!"

Паводле Пятра Бярлінава, ён хацеў бліжэй пазнаёміцца з удзельнікамі фотасесіі, бо сярод іх заўважыў журналістаў. А ў яго ёсць праблема, да якой бы ён хацеў прыцягнуць увагу. Некалькі гадоў таму ў яго забралі зямельны ўчастак разам з пабудовамі, узамен далі трохпакаёвую кватэру, але ён лічыць, што гэта не раўнацэнная кампенсацыя страчанай маёмасці. У новую кватэру ён не перасяляецца з прынцыповых меркаванняў:

"Лічу, што мне яе далі з парушэннем закону, і не хачу ў гэтым удзельнічаць. Таму часова жыву то ў родных, то ў знаёмых. Калі мяне затрымалі на вуліцы, міліцыянты сказалі: "Паедзеце на трое сутак у ізалятар часовага ўтрымання, вам жа ўсё адно няма дзе жыць!" Вось такое было маё пакаранне – адбыў трое сутак пад вартай яшчэ да суду".

Іншым узельнікам фотасесіі прысуджаны грашовыя штрафы. Штрафы памерам 20 базавых велічынь прысуджаны журналістам Алене Сцяпанавай (суддзя Дзяніс Губанаў), Кастусю Мардзвінцаву (суддзя Алена Цыганкова), Змітру Казакевічу (суддзя Алена Цыганкова). Штраф памерам 18 базавых велічынь прысуджаны актывістцы аргкамітэту па стварэнн партыі БХД Алене Шабуні (суддзя Дзяніс Губанаў) – суд "пашкадаваў" яе за тое, што яна мае траіх дзяцей, з якіх двое – непоўнагадовыя. Самы вялікі штраф, 25 базавых велічынь, далі каардынатарцы аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Тацяне Севярынец (суддзя Алена Цыганкова) – за тое, што ў яе "апазіцыйнае прозвішча", жартоўна каментуе спадарыня Тацяна. Выкліку на суд чакае праваабаронца Павел Левінаў.

На кожнае судовае пасяджэнне прыходзіць начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі Чыгуначнага раёна маёр Рыбакоў. Па распараджэнні начальніка аддзела аховы правапарадку УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Каліноўскаг, спадар Рыбакоў разбіраўся з дзеяннямі удзельнікаў фотасесіі, у якіх былі заўважаны "прыкметы правапарушэння". Маёр Рыбакоў склаў 7 пратаколаў за парушэнне артыкула 23.34 КаАП і пацвердзіў на судзе, што бачыць відавочныя прыкметы парушэння заканадаўства. Прыкладам, тое, што ўдзельнікі фотасесіі сабраліся ў адным месцы, у пэўны час і з пэўнай агульнай мэтай. Да таго ж мелі "рэквізіт" – папяровыя клеткі і птушак з газеты. Выкарыстоўваючы гэта, яны "выказвалі свае грамадскія і палітычныя інтарэсы".

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства