viasna on patreon

Паўлу Левінаву забаранілі ладзіць фотасесію

2014 2014-12-10T16:14:07+0300 2014-12-10T16:29:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/p_levinov.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронца звяртаўся ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну, куды ён паведаміў, што збіраецца сфатаграфавацца з сябрамі. Пры гэтым падкрэсліў, што ўдзельнікі фотасесіі маюць адзіную мэту – толькі сфатаграфавацца. Аднак у адказ атрымаў ліст з забаронай: маўляў, ён не выканаў патрабаванняў рашэння гарвыканкаму "Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебску".

Падставай для звароту ў адміністрацыю быў інцыдэнт з віцебскімі журналістамі і актывістамі, якіх аштрафавалі нібыта за правядзенне несанкцыянаванай акцыі, калі іх фотаздымкі на фоне гарадскога краявіду з'явіліся ў інтэрнэце.

"Я паведаміў у раённую адміністрацыю, што таксама збіраюся фатаграфавацца каля будынку з графіці – малюнкам трох клетак, з якіх на волю вылятаюць птушкі. Адмыслова падкрэсліў у заяве, што адзіная наша мэта – гэта фатаграфаванне на памяць, а не выказванне палітычных ці іншых меркаванняў. Падкрэсліў таксама, што людзі прыйдуць без плакатаў, транспарантаў, а таксама без зброі ці іншых прадметаў, якія могуць уяўляць небяспеку для тых, хто побач… Але мне забаранілі фатаграфавацца, спаслаўшыся на рашэнне гарвыканкаму, якое тычыцца арганізацыі і правядзення масавых акцый у горадзе. Хоць я ўсялякім чынам падкрэсліваў, што гэта будзе не акцыя, а проста фотаграфаванне", -- гаворыць Павел Левінаў.

Праваабаронца не выключае, што чыноўнікі нават не чыталі ўважліва ягоны допіс – адказ далі "пад капірку", аднолькавы з тымі, што даводзілася атрымліваць раней, насамрэчзвяртаючыся па дазвол на правядзенне масавых акцый. Ужо шаблоннай прычынай забаронаў у Віцебску стала адсутнасць дамоваў з міліцыяй, цэнтральнай паліклінікай і службай ЖКГ, бо гэтыя стуктуры любым коштам імкнуцца ўхіліцца ад супрацоўніцтва з дэмакратычнымі актывістамі, ахвотнымі праводзіць вулічныя акцыі. Фармальная прычына адмовы ў такіх выпадках – гэта невыкананне патрабаванняў рашэння Віцебскага гарвыканкама №881, дзе прапісана неабходнасць мець дамовы.

"Або чыноўнікі ў Чыгуначнай адміністрацыі непісьменныя, што да заканадаўства. Не чыталі закону аб масавых мерапрыемствах, і таму не ведаюць, што ён рэгулюе толькі правядзенне пікетаў, шэсцяў, а ніяк не групавых фотасесій. Паводле логікі чыноўнікаў, кожны турыст, які захоча сфатаграфавацца на фоне гарадскога краявіду, ужо патэнцыйны правапарушальнік", -- кажа праваабаронца.

Ён збіраецца абскарджваць забарону намесніка кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Ільмовіча праз суд. І паралельна рыхтуецца да ўласнага суду: 12 снежня яго будуць судзіць за ўдзел у падобнай фотасесіі, за што ўжо пакараныя 6 жыхароў Віцебску.

Ідэя фотасесіі заключалася ў тым, каб працягнуць тэму, узнятую невядомым мастаком-графітыстам: на сцяне будынка намалявана, як зробленая з газеты птушка вылятае з клеткі... Удзельнікі фотасесіі таксама трымалі ў руках папяровыя клеткі і зробленых з газеты птушак-арыгамі. Паводле высновы начальніка аддзела аховы прафілактыкі і правапарадку міліцыі Чыгуначнага раёну Аляксандра Рыбакова, які складаў пратаколы пра адміністрацыйнае правапарушэнне, гэта быў пікет, а прысутныя "выказвалі свае грамадскія і палітычныя перакананні".
За ўдзел у фотасесіі журналісты Алена Сцяпанава, Зміцер Казакевіч, Кастусь Мардзьвінцаў, а таксама грамадскія актывісткі з аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Алена Шабуня і Тацяна Сневярынец атрымалі штрафы ад 18 да 25 базавых велічынь. Выпадковаму мінаку Пятру Бярлінаву, які далучыўся да фотасесіі, быў прысуджаны арышт на трое сутак, які спадар Берлінаў ужо адбыў, бо быў затрыманы на вуліцы і змешчаны да суду ў ізалятар часовага ўтрымання.

Суд над Паўлам Левінавым адбудзецца 12 снежня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства