Павел Левінаў: "Я паведаміў у раённую адміністрацыю, што хачу сфатаграфавацца з сябрамі. Няўжо не дазволяць?"
Праваабаронца хоча атрымаць афіцыйны адказ, ці можна фатаграфавацца ў Віцебску без дазволу ўладаў. Падставай для звароту ў адміністрацыю стаў інцыдэнт з віцебскімі журналістамі і актывістамі, якіх вінавацяць у правядзенні несанкцыянаванай акцыі "на падставе" здымкаў з фотасесіі.
Віцебскі праваабаронца даслаў у адміністрацыю Чыгуначнага раёну заяву пра тое, што 12 снежня ён збіраецца сфатаграфавацца з сябрамі на фоне гарадскога краявіду. Від масавага фатаграфавання: перформанс – форма сучаснага мастацтва, калі творам з'яўляюцца дзеянні групы", -- піша праваабаронца, маючы на ўвазе, што ўдзельнікі фотаздымак падчас фотасесіі могуць перамяшчацца, прымаць нейкія позы, мець пры сабе рэчы, каб падчас здымак перадаваць іх іншым удзельнікам, і гэтак далей.
Павел Левінаў падкрэслівае, што бярэ асабіста на сябе абавязкі па захаванні правапарадку падчас фотасесіі, што не дапусціць фактаў наяўнасці ва ўдзельнікаў нейкіх прадметаў або рэчываў, якія могуць быць крыніцай небяспекі для іншых.
"Я хачу атрымаць афіцыйны адказ ад уладаў, ці трэба прасіць дазволу на масавае фатаграфаванне, ці не. Збіраюся правесці перформанс з фотасесіяй на вуліцы Ільінскага – у тым месцы, дзе ў пачатку месяца сфатаграфаваліся віцебскія журналісты і актывісты, на якіх потым за гэта склалі пратаколы як на ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі", -- кажа Павел Левінаў. – Калі мне адкажуць, што дазвол на фотаграфаванне не патрэбны, то тады незразумела, чаму супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС вінавацяць удзельнікаў фотасесіі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. А калі напішуць, што дазвол патрэбны, ці мне не дазваляюць ладзіць фотасесію з якой-небудзь прычыны – гэта будзе сапраўдны скандал. Бо ў такім выпадку атрымаецца, што сфатаграфавацца на вуліцы – гэта правапарушэнне, і ўсе аматары здымацца на фоне гарадскіх краявідаў – правапарушальнікі".
Зварот праваабаронцы ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну звязаны з тым, што супраць удзельнікаў фотасесіі на вуліцы Ільінскага, каля былога будынка раённага дома культуры, цяпер заводзяць адміністрацыйныя справы і прызначаюць суды. Ідэя фотасесіі заключалася ў тым, каб працягнуць тэму, узнятую невядомым мастаком-графітыстам: на сцяне будынка намалявана, як зробленая з газеты птушка вылятае з клеткі... Удзельнікі фотасесіі таксама трымалі ў руках папяровыя клеткі і зробленых з газеты птушак-арыгамі. Паводле высновы начальніка аддзела аховы прафілактыкі і правапарадку міліцыі Чыгуначнага раёну Аляксандра Рыбакова, які складаў пратаколы пра адміністрацыйнае правапарушэнне, гэта быў пікет, а прысутныя "выказвалі свае грамадскія і палітычныя перакананні".
З такой трактоўкай падзеяў не згодны ні адзін з пяці чалавек, якія ўжо атрымалі позвы ў суд на 28 лістапада (журналісты Алена Сцяпанава і Зміцер Казакевіч, грамадская актывістка Алена Шабуня) і 1 снежня (грамадская актывістка Тацяна Севярынец, журналіст Кастусь Мардвінцаў). Алена Шабуня і Тацяна Севярынец напісалі скаргі на маёра міліцыі Аляксандра Рыбакова.