viasna on patreon

Віцебскія актывісткі скардзяцца на супрацоўніка міліцыі, які распачаў супраць іх адміністрацыйныя справы

2014 2014-11-24T14:49:54+0300 2014-11-24T14:49:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-akcija-grafici.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тацяна Севярынец і Алена Шабуня напісалі заявы ў міліцыю і ў пракуратуру з нагоды распачынання РАУС Чыгуначнага раёна адміністрацыйных спраў нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Абедзьве спадарыні настойваюць на тым, што ўсяго толькі фатаграфаваліся на фоне аднаго з гарадскіх будынкаў.

"Са сваімі знаёмымі я фатаграфуюся часта, без аніякіх пэўных падставаў і прычын", гаворыцца ў заявах каардынатаркі аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Тацяны Севярынец і актывісткі аргкамітэту Алены Шабуні. Яны лічаць, што фотаздымкі, скапіраваныя з інтэрнэту, не могуць быць доказам іх правапарушэння, і што сапраўдных доказаў ім прад'яўлена не было. Таму яны просяць Пракурора г.Віцебска, начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму і начальніка РАУС Чыгуначнага раёна разабрацца ў гэтай сітуацыі і даць адказ, на якой падставе начальнік аддзела аховы прафілактыкі і правапарадку міліцыі Чыгуначнага раёну Аляксандр Рыбакоў вырашыў, што ўдзельнікі фотасесіі парушылі правапарадак.

Фотаздымкі Тацяны Севярынец і Алены Шабуні былі размешчаны ў інтэрнэце на адной з віцебскіх старонак ў "Фэйсбук". Гэта старонка называецца "Нашы ў горадзе".

Гэтыя самыя фотаздымкі, якія пазней з'явіліся на сайце ГА БАЖ, сталі галоўным "доказам" у пратаколах правапарушэння, складзеных на 5 удзельнікаў фотасесіі, якая праходзіла каля будынка былога раённага дома культуры, зараз зачыненага на рэстаўрацыю. На сцяне будынка ёсць графіці: выявы трох жалезных клетак, з якіх вырываецца зробленая з газеты птушка. Удзельнікі фотасесіі вырашылі падтрымаць мастацкую ідэю невядомага мастака: некалькі чалавек на фотаздымках таксама стаяць, трымаючы ў руках папяровых птушак або клеткі.
Паводле маёра міліцыі Аляксандра Рыбакова, такім чынам яны выказваюць свае грамадзкія і палітычныя перакананні. З гэтае нагоды на ўдзельнікаў фотасесіі былі складзены пратаколы пра адміністрацыйнае правапарушэнне і прызначаны даты судоў. Грамадская актывсітка Алена Шабуня, журналісты Зміцер Казакевіч і Алена Сцяпанава мусяць з'явіцца ў суд Чыгуначнага раёну 28 лістапада, журналіст Кастусь Мардзвінцаў і грамадская актывстка Тацяна Севярынец – 1 снежня.

Даты суду прызначаў сам міліцыянт, судовыя позвы нікому ўручаны не былі. Відавочна, Аляксандр Рыбакоў самастойна вырашыў, што кожны суд мусіць скончыцца за паўгадзіны – менавіта з інтэрвалам у паўгадзіны быў прызначаны пачатак кожнага новага судовага разгляду над журналістамі і актывістамі.

На гутарку з маёрам Рыбаковым 24 лістапада быў выкліканы і праваабаронца Павел Левінаў, аднак на яго пратакол правапарушэння яшчэ не складзены: праваабаронца заявіў, што хоча скарыстацца сваім правам на ўдзел адваката ў адміністрацыйным працэсе. Застаецца невядомым, ці апытаны ў міліцыі яшчэ адзін чалавек – выпадковы мінак – які па ўласным жаданні вырашыў далучыцца да групавога фотаздымку.

Распараджэнне разабрацца з удзельнікамі фотасессіі, у дзеяннях якіх міліцыянтіы ўгледзелі "прыкметы правапарушэння", было даслана ў РАУС Чыгуначнага раёна з абласнога упраўлення ўнутраных спраў. Яго падпісаў начальнік аддзела прафілактыкі правапарушэнняў упраўлення ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму Аляксандр Каліноўскі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства