Яшчэ тры суды прызначаны за фота на фоне віцебскага графіці
Усяго, паводле віцебскай міліцыі, удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі было сямёра – тых, каго міліцыянты нейкім чынам пазналі па фотаздымках. Праваабаронца, трое журналістаў, дзве грамадскія актывісткі і невядомы мінак, што ўпадабаў ідэю сфатаграфавацца разам каля зачыненага на рэстаўрацыю дома культуры.
Ідэя фотасесіі заключалася ў тым, каб працягнуць тэму, узнятую невядомым мастаком-графітыстам: ён намаляваў, як зробленая з газеты птушка вырываецца з клеткі... Удзельнікі фотасесіі таксама трымалі ў руках папяровыя клеткі і зробленых з газеты птушак-арыгамі. Цяпер супраць іх распачынаюць адміністрацыйныя справы за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.
Верагодна, "сігналам трывогі" для міліцыянтаў стала тое, што здымкі з'явіліся ў сетцы Фэйсбук 5 лістапада – у гэты дзень у многіх краінах свету праводзяцца акцыі ў падтрымку журналістаў. Але ж людзі ў Віцебску не выказвалі ніякіх патрабаванняў, не мелі плакатаў або транспарантаў – толькі сфатаграфаваліся, кажа прыхільніца стварэння партыі БХД Алена Шабуня:
"Калі мне патэлефанавалі з Чыгуначнага РАУС, я спачатку нічога не зразумела. Куды мяне выклікаюць? У якой акцыі я брала ўдзел? Потым, калі мне сказалі, што фатаграфаванне – гэта і ёсць акцыя, я здзівілася яшчэ больш. Людзі ў Віцебску фатаграфуюцца хто з паветранымі шарыкамі, хто з мяккімі цацкамі, з марозівам, у маскарадных касцюмах – дык і пра іх можна прыдумаць, што яны выказваюць нейкія патрабаванні або палітычныя меркаванні.Навошта прыдумляць тое, чаго няма? Навошта прыпісваць мне нейкія меркаванні, калі я толькі фатаграфавалася? Лепш бы міліцыя шукала сапраўдных правапарушальнікаў, а не разглядала фотаздымкі ў інтэрнэце!"
Суд над Аленай Шабуняй, на якую склалі пратакол за парушэнне артыкула 23.34 КаАП, прызначаны на 28 лістапада. У той самы дзень за тое самае правапарушэнне будуць судзіць і журналістку Алену Сцяпанаву. Віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Тацяна Севярынец мусіць з'явіцца ў суд 1 снежня.
Днём раней пра даты судоў даведаліся журналісты Зміцер Казакевіч і Кастусь Мардвінцаў (28 лістапада і 1 снежня адпаведна).
Праваабаронца Павел Левінаў звяртае ўвагу на тое, якім чынам адбываецца выклік у суд:
"Нікому не даслалі і не ўручылі ўласна судовую позву. Дату суду прызначаў міліцыянт, начальнік аддзела аховы прафілактыкі і правапарадку міліцыі Чыгуначнага раёну Аляксандр Рыбакоў. Ён уласнаручна заносіў дату ў пратакол, дзе напісана, што асобе, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйная справа "ўручана позва". Аднак нічога нікому не ўручалася. А тое, што віцебская міліцыя працуе з судамі ў такім "цесным кантакце", зусім не сведчыць пра незалежнасць суду як асобнай структуры з адмысловымі паўнамоцтвамі".
З матэрыялаў адміністрацыйных спраў супраць удзельнікаў фотасесіі на фоне графіці вынікае, што "інтарэс" да фотаздымкаў быў праяўлены ў вышэйшай структуры: абласным упраўленні міліцыі. Гэта адтуль было даслана распараджэнне ў Чыгуначны РАУС: маўляў, падчас маніторынгу інтэрнэт-сайтаў была выяўлена група асобаў, дзеянні якіх маюць прыкметы правапарушэння. Пад дакументам, дасланым у райаддзел, стаіць подпіс начальніка аддзела прафілактыкі правапарушэнняў міліцыі грамадскай бяспекі МУС Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Каліноўскага. Многія віцебскія актывісты памятаюць яго яшчэ ў час працы ў Кастрычніцкім РАУС: ён быў ініцыятарам многіх судовых працэсаў супраць актывістаў. Але да абвінавачанняў на падставе фотаздымкаў тады яшчэ не даходзіла….
Серыя фотаздымкаў, якія ў міліцыі лічаць "доказамі правапарушэння", упершыню была апублікавана на старонцы "Нашы ў горадзе" ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук. Яна называецца "Фотасесія на фоне любімага гарадскога графіці".