Брэсцкі аблвыканкам устанавіў уласную трактоўку законаў
Бярозаўскія праваабаронцы Сяржук Русецкі і Тамара Шчапёткіна дамагаюцца выканання ўладамі закону аб мовах. Пасля таго, як на іх заяву ў Бярозаўскі райвыканкам адносна дазволу на пікет на 25 сакавіка, напісанную на беларускай мове, былі атрыманы 2 распараджэнні на рускай, яны звярнуліся са скаргай ў пракуратуру Бярозаўскага раёна. Праваабаронцы прасілі прыцягнуць чыноўнікаў райвыканкаму да адказнасці за парушэнне законаў “Аб мовах”і “Аб звароце грамадзян”. Пракуратура самастойна разбірацца не стала, а накіравала скаргу ў Брэсцкі аблвыканкам для выканання.
Брэсцкі аблвыканкам у сваю чаргу заняў пазіцыю абароны не законнасці, а бярозаўскіх чыноўнікаў. У адказе, які атрымалі праваабаронцы 17 чэрвеня за подпісам намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкаму Леаніда Цупрыка, гаворыцца, што ніякіх парушэнняў у дзеяннях чыноўнікаў няма.
Чыноўнік спаслаўся на тое, на закон “Аб правядзенні масавых мерапрыемстваў у РБ” не рэгламентуе мову адказаў на звароты.
- Але такія звароты падпадаюць пад закон “Аб зваротах грамадзян”, -- адзначае Сяржук Русецкі.
На гэты ж закон спасылаецца і Леанід Цупрык. У артыкуле 2, піша ён, гаворыцца, што дзеянні гэтага закона не распаўсюджваюцца на звароты грамадзян і юрыдычных асоб, у дачыненні якіх заканадаўчымі актамі вызначаны іншы парадак іх падачы і разгляду.
Але ў законе “Аб зваротах грамадзян” ніякага іншага парадку разгляду няма, канстатуе Русецкі, і гэта значыць, што ён павінен адпавядаць закону “Аб зваротах грамадзян”. Тое самае і наконт закону “Аб мовах”. Аблвыканкам спасылаецца на арт. 8, дзе напісана, што руская альбо беларуская мова можа ўжывацца ў справаводстве і дакументацыі а таксама ва ўзаемаадносінах дзяржаўных арганізацый. Прычым тут гэтае інфармаванне, калі праваабаронцы звярталіся як грамадзяне, і зварот іх быў па-беларуску, зразумець цяжка. Пры гэтым у арт. 5 закона “Аб мовах” адназначна гаворыцца, што адказ на звароты афармляецца на мове звароту.