Матэрыялы справаў беларускага дысідэнта Міхаіся Кукабакі нарэшце рассакрэчаныя

2014 2014-02-25T13:58:08+0300 2014-02-25T17:08:58+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kukabaka-03.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхась Кукабака. Фота ПЦ "Вясна"

Міхась Кукабака. Фота ПЦ "Вясна"

Сем з паловай гадоў хаджэнняў па судах і шматлікіх запытаў у розныя дзяржаўныя ведамствы нарэшце далі вынік, дзякуючы ўпартасьці вядомага беларускага дысідэнта, у дачыненні да якога неаднаразова ўжывалася карная псіхіятрыя. У гэтым месяцы Міхась Кукабака атрымаў паведамленне пра тое, што матэрыялы судова-псіхіятрычнай экспертызы за 1970-ы і наступныя гады рассакрэчаныя.

Пра свой поспех ён распавёў у лісце да вясноўцаў.

«Мінула сем з паловай гадоў хаджэнняў па ўсіх судах. Куча розных заяваў, запытаў у МУС, ФСБ, СК, ГенПрак, Міністэрства аховы здароўя... Надакучыла пералічваць. І паўсюль атрымліваў адмову. Але вось у лютым, нарэшце, прыйшло паведамленне, што матэрыялы псіх-экспертызы за 1970-ы і наступныя гады - РАССАКРЭЧАНЫЯ, - піша М. Кукабака. - Павінен прызнаць, свае «заслугі» ацэньваю ў 10%, астатняе - намаганні адваката. Пару месяцаў таму, атрымаўшы чарговую адмову з суда, ужо гатовы быў адмовіцца ад барацьбы, але адвакат параіў не спяшацца і працягнуць...»

Паводле Міхаіла Ігнатавіча, зараз яны з адвакатам хочуць высветліць, хто даў каманду і як праходзіў сам працэс рассакрэчвання. А затым плануюць запатрабаваць правы зняцця копій з дакументаў і адправіцца ў інстытут Сербскага «ў якасці непрыемных для іх«гасцей». З гэтай мэтай на мінулым тыдні ён падаў запыт у цяпер ужо Дзяржаўны навуковы цэнтр сацыяльнай і судовай псіхіятрыі імя В.П.Сербскага і распавёў пра «пацешны інцыдэнцік», які адбыўся там:

«Нейкая жанчына гадоў 45-50 на выгляд здавала ў прыёмнае вакенца перадачу для сваяка. Які, мабыць, за злачынства ці з якой іншай прычыны праходзіў там экспертызу. Цікавіцца я не стаў.
Назіраючы, як мянтоўка «адбракоўвае» прадукты - маўляў, гэта нельга, тое не дазволена, я прабурчаў: «Бачу, за 40 гадоў тут парадкі не змяніліся да лепшага». Жанчына запытальна глянула, і я патлумачыў, што больш за 40 гадоў таму сядзеў у гэтай установе. А гадоў 8 таму нават нарыс пра іх напісаў «Якія таямніцы захоўвае інстытут Сербскага?» Гляджу, у жанчыны вочы сталі акругляцца.
«А як Вашае прозвішча?» - пытаецца. Калі я назваўся, яна засмяялася і кінулася абдымаць. «Я ж чытала Ваш нарыс! І нават раздрукавала для сябе. Мне ў галаву не магло прыйсці, што вось так, раптам, сустрэну аўтара». Не хаваю, было прыемна падобнае пачуць».  

За амаль 17 гадоў зняволення Міхась Кукабака тройчы быў ізаляваны ў псіхіятрычныя бальніцы, стаўшы ахвярай выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных мэтах. Пасля першага арышту ў 1970 годзе рашэннем Уладзімірскага абласнога суда быў накіраваны ў Сычоўскую спецыяльную (турэмную) псіхіятрычную бальніцу, адкуль накіроўваўся на судова-медыцынскую экспертызу ў ЦНДІ імя Сербскага. «З 1969 па 1970 сістэматычна распаўсюджваў сярод працоўных завода паклёпніцкія звесткі ў адрас кіраўнікоў партыі. У 1970 г. быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па арт. 190-1 КК РСФСР. З гэтай нагоды праводзілася СПЭК у інстытуце судовай псіхіятрыі. Быў прызнаны неўмяняльным і накіраваны на прымусовае лячэнне ў дадзеную бальніцу», - гаворыцца ў выпісцы з гісторыі хваробы Сычоўскай СПБ. У гэтай бальніцы палітвязень утрымліваўся каля трох гадоў, а затым яшчэ каля двух - у спецаддзяленні Уладзімірскай псіхіятрычнай бальніцы агульнага тыпу. Акрамя таго, жывучы ў Бабруйску, увосень 1976 і ўвосень 1977 «антысаветчык» Кукабака падвяргаўся гвалтоўнай шпіталізацыі ў Магілёўскай абласной псіхбальніцы.

У 1991 годзе Міхась Кукабака быў рэабілітаваны. У сакавіку 2006 года ён зрабіў спробу азнаёміцца ​​з экспертным заключэннем па сваёй справе за 1970 год, але яна была безвыніковай. З тых часоў пачаліся яго хаджэнні па судовых інстанцыях і іншых дзяржустановах. У 2007 годзе яму дазволілі часткова азнаёміцца ​​з матэрыяламі першай крымінальнай справы, але пераважна інфармацыя заставалася пад грыфам «сакрэтна».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international