“Райаддзел так супраць, што гэта жах…”

2014 2014-02-19T13:54:20+0300 2014-02-19T13:54:20+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/supracounik_milicyji.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У ПЦ "Вясна" звярнуўся Віктар Бугаеў з горада Дуброўна Віцебскай вобласці, асуджаны ў 2008 годзе па абвінавачванні ў прымусе да выплаты доўгу, прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці, а таксама ў загадзя ілжывым даносе. Нават пасля вызвалення ён не пакідае спробаў дамагчыся змены прысуду.

Некаторыя абставіны справы, на думку праваабаронцаў, прымушаюць усумніцца ў бесстароннасці адносінаў супрацоўнікаў Дуброўненскага РАУС да Бугаева.

Ніжэй выкладзены некаторыя факты па гэтай справе, пра якія праваабаронцам стала вядома з дакументаў, прадастаўленых былым зняволеным.

***

24 чэрвеня 2008 года наўмысна, з мэтай прымусу Шкурдзіна да выплаты часткі доўгу ў памеры 67500 рублёў, Бугаеў В.А. высунуў патрабаванне аб выплаце названай сумы доўгу і, з мэтай паўплываць на волю Шкурдзіна і прымусіць яго да выканання высунутых патрабаванняў, ужыў да яго гвалт – нанёс не менш за адзінудар кулаком у галаву Шкурдзіну, у выніку чаго апошняму былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні.

Ад удару Шкурдзін, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, упаў на асфальт, ударыўся аб яго правым бокам галавы, у выніку чаго атрымаў адкрытую чэрапна-мазгавую траўму з ударам галаўнога мозгу, пераломам правай скроневай косткі з пераходам на аснаванне чэрапу і іншымі пашкоджаннямі, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

10 ліпеня 2008 года ў Дуброўненскі РАУС звярнуўся Бугаеў В.А. з паведамленнем пра тое, што грамадзяне Шкурдзін і Серада пад пагрозай забойства і прымянення гвалту вымагаюць у яго 500 даляраў ЗША і мужчынскія туфлі. Пасля сума, па словах Бугаева, была змененая на 2000 даляраў.

Запіс размовы паміж Бугаевым і намеснікам начальніка РАУС Сказецкім стаў прадметам даследавання пры правядзенні праверкі: у размове Сказецкі абумоўлівае правядзенне аператыўнага эксперыменту прадастаўленнем для яго правядзення 2000 даляраў Бугаевым. Бугаеў настойвае на тым, што гэтыя грошы павінны адшукаць міліцыянеры.

15ліпеня Бугаеў быў затрыманы па падазрэнні ў здзяйсненні злачынстваў, адпаведна, следчы эксперымент застаўся неправедзеным, довады Буаева - неправеранымі. У сувязі з заявай аб меркаваным злачынстве Бугаеў В.А. пасля, пры разглядзе крымінальнай справы па абвінавачванні ў прымусе да выплаты доўгу і прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці, асуджаны і за загадзя ілжывы данос. У судовым пасяджэнні абвінавачаны віну ў прымусе пацярпелага да выплаты доўгу не прызнаў, роўна як і усумніўся ў тым, што яго дзеянні паслужылі прычынай цяжкіх цялесных пашкоджанняў у пацярпелага.

З заявай аб прыцягненні супрацоўніка міліцыі Сказецкага да адказнасці Бугаеў звярнуўся пасля адбыцця пакарання. Прадстаўнікі МУС і Следчага камітэта, спасылаючыся на тое, што грошы Сказецкі патрабаваў не для сябе, а для правядзення аператыўна-вышуковага мерапрыемства, у яго дзеяннях прыкметаў злачынства не знайшлі. Робячы неаднаразова (пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы выносіліся і адмяняліся 5 (!) разоў) выснова аб адсутнасці ў дзеяннях Сказецкага складу вымагальніцтва, праваахоўнікі ніяк не заўважалі прыкметаў службовага злачынства: прызнаючы па сутнасці неабходнасць правядзення аператыўна-вышуковага мерапрыемства для раскрыцця здзейсненага злачынства, намеснік начальніка РАУС не вынес адпаведных працэсуальных рашэнняў і неабгрунтавана ўсклаў на грамадзянскую асобу абавязкі па пошуку сродкаў. Магчыма, такія паводзіны супрацоўніка органа ўнутраных спраў і дазволілі гіпатэтычным вымагальнікам - Шкурдзіну і Серадзе - пазбегнуць адказнасці, а гэта - цяжкія наступствы. Зусім ужо нечакана выглядала меркаванне прадстаўніка МУС, які сцвярджаў, што выказванне Сказецкім прапановы даць грошы для аператыўна-вышуковага мерапрыемства магло з'яўляцца спосабам выкрывання заяўніка (Бугаева) у здзяйсненні заведама фальшывага даносу. Службовая асоба забылася, відавочна, што такі спосаб выкрывання «падазраванага» завецца аператыўным эксперыментам, які патрабуе санкцыі пракурора, без якой ён кваліфікуецца як правакацыя.

***

У чым прычына такога «неабыякавага» стаўлення міліцыі да Бугаева В.А.?

У нейкай ступені гэта растлумачыла размова жонкі асуджанага з начальнікам калоніі, калі тая спрабавала высветліць у яго прычыну адмовы ў змякчэнні віду пакарання Бугаеву: «цяпер мы яму павінны былі адмовіць, таму што райаддзел так супраць, што гэта жах, вы не ўяўляеце». Гаворка, відаць, была праінфармацыю аб немэтазгоднасці замены асуджанаму неадбытай часткі пакарання на больш мяккае, якая паступіла ў калонію за подпісам часова выконваючага абавязкі начальніка Дубровенскага РАУС. У абгрунтаванне гэтага было ўказана, што Бугаеў В.А. з'яўляўся да асуджэння членам арганізаванай злачыннай групоўкі і, паводленаяўнай аператыўнай інфармацыі, пасля вызвалення з месцаў пазбаўлення волі меў намер працягнуць злачынную дзейнасць. Па скарзе Бугаева ў 2012 годзе МУС абверг згаданую інфармацыю, аднак супрацоўнік МУС, які распаўсюдзіў яе,застаўся беспакараным з прычыны сканчэння тэрміну прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці.

Асуджаны, нават пасля вызвалення, не пакідае спробаў дамагчыся змены прысуду, накіроўваючы ў наглядныя інстанцыі скаргі. У іх ён указвае на тыя недахопы судовага следства і ацэнкі судом яго дзеянняў, якія, на яго думку, паўплывалі на вынясенне ў дачыненні да яго незаконнага прысуду. Паводле нядобрай традыцыі, адказы наглядальных службовых асобаў будуць кароткія, фармальныя, а таму непераканаўчыя. Довады заяўніка аб тым, што суд не ацаніў агучанае заключэнне эксперта па выніках агляду непасрэдна пасля разглядаемых падзеяў - 27 чэрвеня, згодна з якім у пацярпелага цялесных пашкоджанняў не выяўлена, засталіся без адказу.

Не лічаць у судах і пракуратуры праблемай і парушэнне судом прадугледжанага Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах права абвінавачанага непасрэдна дапытваць сведкаў, якія паказваюць супраць яго: нацыянальнае працэсуальнае заканадаўства гэта дазваляе, хоць і з пэўнымі агаворкамі. Ніхто з адрасатаў не жадае растлумачыць сваё нежаданне пераацэньваць шматлікія супярэчнасці ў паказаннях сведкаў і пацярпелага.

Звярнуцца напрамую ў наглядную інстанцыю суда былы зняволены не мае права: гэта не прадугледжана крымінальна-працэсуальным законам.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international