Cям’я еўрапейскіх краінаў разглядае Беларусь як частку Еўропы

2013 2013-10-23T12:52:20+0300 2013-10-23T13:30:17+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі. З блогу на “Беларуском партизане”.Першыя лісты-успаміны з гэтай серыі былі напісаныя ў верасні 2012 года, апошнія – у чэрвені 2013:

Бабруйск, 21 кастрычніка 2012 г. 

Другая паездка ў Варшаву 2 лютага 2011 года была зьвязаная з правядзеньнем канферэнцыі краінаў-донараў для дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў і дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьці. Як я ўжо згадваў, ідэя такой канферэнцыі належала польскаму міністэрству замежных спраў, падштурхнутаму да актыўнасьці тонам і зьместам заяваў беларускіх уладаў. Тыя ж усіх сабак за падзеі 19 сьнежня вырашылі павесіць на “пятую калону” — беларускую апазіцыю, а таксама на зьнешніх “ворагаў” — Польшчу і Германію.

Парадаксальнасьць гэтых абвінавачваньняў была ў тым, што якраз Польшча і Германія перад 19 сьнежня і былі прамоўтарамі новай палітыкі ў дачыненьні да беларускага рэжыму. Тактыка гэтай палітыкі заключалася ў актывізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і паступовым уцягваньні Беларусі ў сумесныя палітычныя праекты, самым буйным зь якіх зьяўлялася Усходняе партнёрства. Еўрапейскія ідэолагі супрацы зь беларускімі ўладамі сьцьвярджалі, што ўсе папярэднія гады міжнародная ізаляцыя не дала чаканых вынікаў. Яны былі ўпэўненыя, што беларускія ўлады не здолеюць адмовіцца ад выгодных варыянтаў такой супрацы. Вось жа з гэтымі абяцанкамі-цацанкамі ў Менск прыязджалі розныя міністры замежных спраў, у тым ліку і міністры Польшчы і Германіі Сікорскі і Вестэрвэле. А ў выніку яны і аказаліся галоўнымі “ворагамі” беларускай палітычнай стабільнасьці. Бо для поўнай карціны змовы былі патрэбныя не толькі ўнутраныя змоўшчыкі, але і замежныя.

Якіх толькі эпітэтаў не атрымаў у свой бок Сікорскі! Да ягонага гонару, ён даволі хутка здолеў ацаніць маштаб той палітычнай катастрофы, якая адбылася ў Беларусі пасьля 19 сьнежня, і адпаведным чынам зьмяніць і сваю рыторыку, і свае дзеяньні.

Канферэнцыя мела хутчэй міждзяржаўны характар. Яе паўнавартаснымі ўдзельнікамі былі прадстаўнікі краін, гатовых фінансава падтрымаць дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку і я, былі запрошаныя ў якасьці кансультантаў і рэпрэзентатараў гэтай самай супольнасьці.

Такога плану канферэнцыя па Беларусі праводзілася ўпершыню. Многія краіны Еўрасаюза, а таксама ЗША і Канада адгукнуліся на гэтае запрашэньне. Гэта паказвала ўзровень устрывожанасьці і заклапочанасьці, якія панавалі ва ўрадах еўраатлантычных дзяржаў у дачыненьні да сітуацыі ў Беларусі.

Распачалася канферэнцыя эфектным агульным выступам Радаслава Сікорскага. Пасьля яго пачаліся даклады прадстаўнікоў розных краінаў. Іх было цікава слухаць, бо выступоўцы называлі тыя прыярытэты, якія былі гатовыя падтрымліваць, а таксама сумы, якія іхнія ўрады гатовыя былі тэрмінова выдзеліць на такога рода дапамогу.

Размова не ішла пра падтрымку дзейнасьці палітычных партыяў ці іншых палітычных арганізацыяў. Як правіла, такая падтрымка палітычных арганізацыяў за мяжою забаронена заканадаўствам краінаў. Дэкларавалася падтрымка праваабарончым, інфармацыйным, адукацыйным ды іншым ініцыятывам і праграмам падобнага кшталту, накіраваным на ўмацаваньне грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Такая тэорыя і практыка не аднойчы выклікалі нараканьні з боку беларускіх дэмакратычных апазіцыйных партыяў. Але палітычная барацьба лічыцца ў міжнародных стасунках унутранай справаю краінаў і народаў. Ніхто сёньня не бярэцца займацца “экспартам рэвалюцый”. А вось дапамога дэмакратычным памкненьням, фармаваньню дэмакратычнага сьветапогляду шырокіх слаёў грамадства мае легальную і законную моц. Яна базуецца на міжнародных дамовах і пагадненьнях, падпісаных у тым ліку і Беларусьсю, дзе нашая краіна абавязалася падтрымліваць прынцыпы дэмакратыі і правоў чалавека. Гэтыя прынцыпы ўжо даўно перасталі мець унутраны характар, абмежаваны граніцамі адной краіны. Яны набылі агульны, міжнародны, універсальны характар. Я так падрабязна тлумачу гэта, каб паказаць абгрунтаванасьць і легальнасьць міжнароднай фінансавай дапамогі ў такіх краінах, як нашая сёньняшняя Беларусь.

Розныя краіны выступалі па-рознаму. І калі тая ж Польшча, Швецыя, Германія даўно заангажаваныя ў разнастайныя праграмы падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі, то былі і не зусім звычайныя выступы. Так, прадстаўніца адной зь еўрапейскіх мікракраінаў паведаміла, што іхні ўрад знайшоў магчымасьць тэрмінова выдзеліць 10 тысячаў еўра на падтрымку беларускага незалежнага радыё. Як кажуць, і за гэта дзякуй.

Запомніўся выступ кіраўніцы канадскай дэлегацыі, дэпутаткі канадскага парламента, беларускі па паходжаньні, бацькі якой пасьля вайны апынуліся ў Канадзе. Вось жа яна, дачка бедных эмігрантаў, зрабіла там бліскучую палітычную кар’еру. Яна выступала і як беларуска, якая перажывала за сваю далёкую Бацькаўшчыну, і як прадстаўніца дзяржавы-спонсара. Канада вылучыла на адукацыйныя праграмы амаль мільён канадскіх даляраў.

Цікавы быў і выступ кіраўніка малдоўскай дэлегацыі. Выступаў стары такі чыноўнік, савецкага тыпу дзядзька. Ён доўга мяўся і мармытаў штосьці агульнае пра правы чалавека, а потым сказаў, што Малдова — бедная краіна, для якой вельмі важныя гандлёвыя стасункі зь Беларусьсю. І што грошай Малдова даць не можа, а ўсё, што яна можа, — маральна падтрымліваць дэмакратыю ў Беларусі. І з гэтай нагоды ён і прысутнічае на канферэнцыі. Іншыя ўдзельнікі шчыра пляскалі яму.

Я вяртаўся з канферэнцыі з пачуцьцём, што мы, беларусы, у гэтай надзвычай складанай сітуацыі не застанемся адныя. Вядома, што гэтая прадэклараваная дапамога не зьявіцца лекамі ад усіх нашых бедаў. Але гэта яшчэ адзін відавочны знак таго, што сям’я еўрапейскіх краінаў разглядае Беларусь як частку Еўропы, як еўрапейскую краіну, народ якой апынуўся часова ў бядзе і нядолі, і якая патрабуе разнастайнай дапамогі. Для мяне было ясна зразумела, што ні палітычныя вязьні, ані іхныя сем’і, ані студэнты, выгнаныя з вучобы за грамадскую дзейнасьць, не застануцца без дапамогі.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international